Днямі ў райцэнтры прайшло пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні гэтага знакавага рэспубліканскага свята пад старшынством віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка. У ім прынялі ўдзел міністр культуры краіны Павел Латушка, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, а таксама прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў.
Цяпер у Ганцавічах ідзе падрыхтоўка: добраўпарадкоўваецца цэнтр горада, вядзецца рэканструкцыя некаторых будынкаў, ствараецца алея ў гонар пісьменнікаў - выхадцаў з раёна.
Міністр культуры Павел Латушка, выступаючы на пасяджэнні, прапанаваў правесці ў рамках Дня пісьменства экспазіцыю старадрукаў, выстаўку арыгінальных экспанатаў, звязаных з жыццём і творчасцю Якуба Коласа, а таксама арганізаваць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы са спектаклем "Сымон-музыка".
4-га верасня, пад час святкавання Дня пісьменства, у райцэнтры ўрачыста ўстановяць скульптуру Якуба Коласа. Над архітэктурным помнікам цяпер працуюць сямейная пара з Брэста - скульптары Павел Герасіменка і Алеся Гуршчанкова. І, як заўважыла ў гутарцы з карэспандэнтам "К" Алеся Мікалаеўна, эскізныя праекты будучай скульптуры ўжо зацверджаны, і цяпер яны з мужам пачынаюць працу над мадэлямі.