Жыватворны агонь едзе ў Шклоў

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Гутарка з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам.

 /i/content/pi/cult/127/589/Filaret.jpg
— Гэта ўжо чатырнаццатая экспедыцыя, якую я блаславіў па дарогах Айчыны, — зазначыў Уладыка. — Яна наўпрост звязана з Днём беларускага пісьменства, які адбудзецца ў Шклове. Натуральна, будзе шмат малітваў і стасункаў з людзьмі. У выніку ўдзельнікі пасадзяць у Шклове чатырнаццаць яблынек у Садзе Малітвы.
— Па традыцыі, вернікі павязуць у Шклоў Жыватворны агонь…
— Лампада — адна са святыняў гэтай вандроўкі. Яна дастаўлена з Іерусаліма ад Труны Гасподняй.
— Ведаю, што жадаючых паўдзельнічаць у экспедыцыі “Дарога да Святыняў” сёлета больш, чым раней. Хто гэтыя людзі?
— Так і павінна быць. Умацоўваецца вера праваслаўная! Сярод удзельнікаў — святары, пісьменнікі, кінематаграфісты, артысты, музыканты, журналісты…
— Першы прыпынак экспедыцыі, кажуць, у невялікім сяле Загор’е пад Баранавічамі. Я толькі што адтуль. Сяльчане рыхтуюцца прыняць экспедыцыю. Стаяла сярод трох крыжоў на Святым полі, дзе толькі што закончылася жніво, і думала пра наша светлае жыццё. Святое поле недарэмна так называецца: там было з’яўленне іконы Божай Маці.
— Гэта цудатворны абраз Загор’е-Сталовіцкай іконы Прасвятой Божай Маці… Дарэчы, вядзе экспедыцыю пісьменніца Ніна Загорская, а Загор’е — яе роднае сяло. Яна падзвіжніца святарнай справы.
— Назавіце, калі ласка, маршрут вандроўкі.
— Шлях экспедыцыі — праз манастыры і храмы. Пасля Святога поля — Клецк, затым — Любань, Глуск, Кіраўск, Быхаў, Магілёў і ўрэшце — Шклоў. Заедуць вандроўнікі і ў школы, у Магілёўскі універсітэт, дамы сацыяльнага сіроцтва, у працоўныя калектывы. У Шклове — Хрэсны ход да храма Праабражэння Гасподняга, малебен, а потым адбудзецца самае хвалюючае — перадача Жыватворнага агню на свечкі прыхаджан.
— Карыстаючыся такім спрыяльным выпадкам, ваша Высокапраасвяшчэнства, не магу не запытацца, колькі часу мошчы Раўнаапостальнага Князя Уладзіміра будуць знаходзіцца ў Беларусі? І дзе можна прыкласціся да іх?
— Гэта вялікая радасць для ўсіх праваслаўных людзей, што мошчы Хрысціцеля Усяе Русі прыбылі ў Беларусь. Яны будуць знаходзіцца да 2 верасня ў Храме Мікалая Цудатворца ў пасёлку Прывольнае, што ў Мінскім раёне. Кожны, ушаноўваючы праваслаўных святых, можа паехаць туды, каб прыкласціся да Святыні.
— І яшчэ, Уладыка, вы шмат ездзіце па рэспубліцы, асвячаеце новыя храмы. Цікава, дзе былі ў апошні раз?
— У Беразіне. Пабудавалі там вельмі прыгожую, белакаменную царкву — Свята-Мікольскую.
— У год з’яўлення срэбранай ракі Прападобнай Еўфрасінні Полацкай што вы думаеце аб нашай духоўнасці? Ці расце яна?
— Верую!

Вольга ЯГОРАВА