Як паведамілі карэспандэнту "К" ва ўпраўленні друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, у пленарным пасяджэнні форуму прымуць удзел кіраўнікі СМІ ўсіх абласцей краіны.
Сёлетні медыяфорум пройдзе пад знакам важнай даты - 20-годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Таксама вялікая ўвага будзе нададзена абвяшчэнню 2011-га Годам гісторыка-культурнай спадчыны СНД. Дыскусіі, што аб'яднаюць кіраўнікоў СМІ і журналістаў, будуць прысвечаны, сярод іншага, аналізу якраз гэтых тэм.
Цяпер у аддзел знешніх сувязей Міністэрства прыходзяць заяўкі ад прадстаўнікоў СМІ краін СНД і далёкага замежжа. Штогод гэты форум адзначаюць сваёй увагай сотні замежных і айчынных журналістаў. Нагадаем, на мінулы, пяты па ліку, медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні" сабралася каля 500 журналістаў.
Праграму будучай падзеі складзе шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх - пленарнае пасяджэнне, лекцыі і майстар-класы, культурная праграма, якая ўключае наведванне аб'ектаў культуры і архітэктуры ў сталіцы і рэгіёнах краіны. Мэтамі форуму з'яўляюцца абмен вопытам дзейнасці СМІ розных краін, выказванне меркаванняў наконт іх развіцця ды іншае.
Правядзенне медыяфоруму ўключана ў План прыярытэтных мерапрыемстваў у галіне гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД на 2011 - 2012 гады, які быў зацверджаны на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у лістападзе 2010-га ў Санкт-Пецярбургу.