Ад мастака да робата

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

6 чэрвеня ў сталічным Палацы мастацтва адбылася цырымонія ганаровага адкрыцця Фестывалю культуры і мастацтваў Ісламскай Рэспублікі Іран. Фэст, удзел у якім прымаюць звыш 70 майстроў і прадстаўнікоў іранскай культуры, пачаўся з прывітальных выступленняў афіцыйных асоб і сумеснага канцэрта іранскіх і беларускіх музыкантаў.

/i/content/pi/cult/326/5888/pic_4.jpg- Беларусь і Іран звязваюць вельмі цёплыя адносіны, паспяховая сумесная дзейнасць у розных галінах. Таму з кожным годам цікавасць беларусаў да іранскай культуры і мастацтва толькі павялічваецца, - падкрэсліў на адкрыцці фэсту першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Карачэўскі. - Сёлета Беларусь мае магчымасць азнаёміцца з унікальнымі культурнымі дасягненнямі і спадчынай Ісламскай Рэспублікі ў больш поўным выглядзе. Спадзяюся, што неўзабаве і жыхары Ірана ўбачаць ў сябе дома самае лепшае з таго, што можа прапанаваць культура Беларусі...

З думкай аб сувязі іранскай і беларускай культуры і мастацтва выступіў на цырымоніі адкрыцця Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у нашай краіне Сайед Абдала Хасейні.

Ён нагадаў, з якім поспехам у сакавіку бягучага года прайшоў Першы Фестываль іранскага кіно ў Мінску.

У цырымоніі адкрыцця Фестывалю культуры і мастацтваў Ісламскай Рэспублікі прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі кіраўніцтва горада Тэгерана, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, беларускія афіцыйныя асобы.

Да 16 чэрвеня наведвальнікі Палаца мастацтва могуць на свае вочы пабачыць унікальныя вырабы іранскіх майстроў: знакамітыя на ўвесь свет персідскія дываны, жывапіс, чаканку, каліграфію, шкло, разнастайныя вырабы дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, а таксама пакаштаваць гарбаты з традыцыйных персідскіх кубачкаў і сфатаграфавацца на памяць з... робатам, які выконвае творы на фартэпіяна.

На здымку: удзельнік фестывалю.