- Беларусь і Іран звязваюць вельмі цёплыя адносіны, паспяховая сумесная дзейнасць у розных галінах. Таму з кожным годам цікавасць беларусаў да іранскай культуры і мастацтва толькі павялічваецца, - падкрэсліў на адкрыцці фэсту першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Карачэўскі. - Сёлета Беларусь мае магчымасць азнаёміцца з унікальнымі культурнымі дасягненнямі і спадчынай Ісламскай Рэспублікі ў больш поўным выглядзе. Спадзяюся, што неўзабаве і жыхары Ірана ўбачаць ў сябе дома самае лепшае з таго, што можа прапанаваць культура Беларусі...
З думкай аб сувязі іранскай і беларускай культуры і мастацтва выступіў на цырымоніі адкрыцця Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у нашай краіне Сайед Абдала Хасейні.
Ён нагадаў, з якім поспехам у сакавіку бягучага года прайшоў Першы Фестываль іранскага кіно ў Мінску.
У цырымоніі адкрыцця Фестывалю культуры і мастацтваў Ісламскай Рэспублікі прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі кіраўніцтва горада Тэгерана, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, беларускія афіцыйныя асобы.
Да 16 чэрвеня наведвальнікі Палаца мастацтва могуць на свае вочы пабачыць унікальныя вырабы іранскіх майстроў: знакамітыя на ўвесь свет персідскія дываны, жывапіс, чаканку, каліграфію, шкло, разнастайныя вырабы дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, а таксама пакаштаваць гарбаты з традыцыйных персідскіх кубачкаў і сфатаграфавацца на памяць з... робатам, які выконвае творы на фартэпіяна.
На здымку: удзельнік фестывалю.