Шагалаўскія — дваццатыя

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Сёння, 11 чэрвеня, у Віцебску адбудуцца Шагалаўскія чытанні. Сёлета яны пройдуць у рамках святкавання 20-годдзя заснавання Музея Шагала.

Як распавяла "К" дырэктар установы Людміла Хмяльніцкая, навуковыя даклады ў абласным цэнтры прадставяць мастацтвазнаўцы з Беларусі і Расіі. Галоўная тэматыка сёлетняга мерапрыемства - асоба і творчасць славутага віцябчаніна, а таксама тых мастакоў, якія працавалі з Маркам Шагалам.

На Чытаннях прагучаць і даклады, звязаныя з невядомымі старонкамі біяграфіі сваякоў мастака. Так, у прыватнасці, наведвальнікі мерапрыемства даведаюцца шмат цікавага аб жыцці сацыялісткі Ганны Розенфельд - старшай сястры жонкі Марка Шагала. Даклады, прадстаўленыя пад час Чытанняў, будуць апублікаваны да канца бягучага года ў штогадовым бюлетэні Музея Марка Шагала.

 За дваццаць папярэдніх гадоў правядзення Шагалаўскіх чытанняў, па словах Людмілы Хмяльніцкай, такім чынам было выдадзена каля 200 дакладаў дзясяткаў даследчыкаў з розных краін. 

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"