Адкрыццё Дзявятага

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

У IX Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, адборачныя туры якога адбудуцца неўзабаве, паўдзельнічаюць нацыянальныя аб’яднанні, што былі створаны нядаўна ці ў хуткім часе плануюць зарэгістравацца.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту "К" дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў.

Па яго словах, упершыню будуць прымаць удзел у форуме прадстаўнікі іранскага і туркменскага аб'яднанняў, а таксама, магчыма, і калектывы румынскага, якое сёння знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі. Заключныя ж мерапрыемствы фестывалю адбудуцца праз год.

Старт IX Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур будзе дадзены сёння ўвечары, на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі. На свяце выступяць творчыя калектывы і выканаўцы 25 нацыянальнасцей, лаўрэаты мінулага, восьмага па ліку, форуму. Па традыцыі, адкрые канцэрт і будзе яго суправаджаць Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча.