“Лістапад” пачынаецца ў чэрвені

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

З 5 па 12 лістапада ў Беларусі пройдзе XVIIІ Мінскі Міжнародны кінафестываль “Лістапад”. А 8 чэрвеня пад старшынством намесніка Прэм’ер-міністра краіны Анатоля Тозіка ва Урадзе краіны адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта кінафестывалю.

Як паведамілі ў прэс-службе Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, на пасяджэнні прадстаўнікі Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама, дырэкцыі "Лістапада" далажылі віцэ-прэм'еру аб зробленай падрыхтоўчай працы па арганізацыі фестывалю. У прыватнасці, гаворка ішла аб распрацоўцы плана арганізацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў "Лістапада". Таксама былі разгледжаны пытанні аб мэтазгоднасці заснавання дадатковых прызоў (намінацый) кінафестывалю, неабходнасці зацвярджэння праграмнай дырэкцыі форуму, павелічэння колькасці членаў журы.

У мэтах павышэння творчага ўзроўню кінафестывалю (у тым ліку цырымоній яго адкрыцця і закрыцця), а таксама вывучэння вопыту арганізацыі і правядзення вядучых міжнародных кінафорумаў прадстаўнікі беларускай кінематаграфіі прынялі ўдзел у 61-м кінафестывалі "Берлінале", міжнародных форумах у Літве, Швецыі ("КінаРурык"). Акрамя таго, на 64-м міжнародным Канскім фестывалі ўпершыню быў адкрыты Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, запланаваны паездкі на Кракаўскі і Маскоўскі кінафестывалі.

На пасяджэнні было адзначана, што ў ходзе правядзення Берлінале адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў з мэтай актывізацыі дзеянняў, накіраваных на атрыманне акрэдытацыі Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" у дадзенай арганізацыі.