Эксперымент у Музеі Коласа

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Выстаўка “На прастор!” беларускіх мастакоў Яўгена Шунейкі, Людмілы Налівайка і Віктара Данільчыка адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

/i/content/pi/cult/325/5877/14-4.jpg

У выставачным пакоі экспануюцца жывапісныя і графічныя работы, прысвечаныя паэту і яго творам, а таксама родным і блізкім Песняра.

Аўтар гэтай экспазіцыі Яўген Шунейка адзначыў на вернісажы, што работы прадстаўлены вельмі кантрасныя: "Віктар Данільчык год назад абараніў дыпломную працу, пад час якой стварыў серыю графічных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў. А на выстаўцы прадставіў партрэтныя выявы сыноў Якуба Коласа - Данілы і Міхася. Работы Людмілы Налівайка можна акрэсліць словамі "мадэрнізм на мяжы з эпатажам". Яе роспісы на тканінах - дэкаратыўныя, і ў той жа час гэта - свежыя, смелыя пейзажы".

Сярод твораў Яўгена Шунейкі - жывапісны партрэт Коласа "З ідэямі эпічнай паэзіі", на якім паэт адлюстраваны ўсхваляваным, заглыбленым у свае думкі.

Усе свае работы аўтары падарылі музею. Гэта сапраўды добры падарунак да будучага святкавання 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Супрацоўнікі ўстановы плануюць надаць новае дыханне выставачнай зале. Тут будуць рэгулярна з'яўляцца новыя экспазіцыі жывапісу і графікі. Вялікая ўвага, па традыцыі, будзе надавацца і кнігам: пад час выстаўкі "На прастор!" можна пазнаёміцца з першымі асобнікамі кніг "Другое чытанне для дзяцей беларусаў", "Песні жальбы", паэм "Новая зямля", "Сымон-музыка" ды іншых.