Часцінкі далёкай зоркі

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Астры лёсу братоў Даркевічаў

/i/content/pi/cult/325/5874/15-2.jpg

Лічыцца, што астры, якія напісаў напрыканцы жыцця Хрыстафор Даркевіч, сімвалізуюць сум. Яны - падарунак чалавеку ад багоў, яго абярэг, амулет, часцінкі далёкай зоркі... "...Пагаджэнне лёсу са свабодай чалавека розуму недаступнае". Так пісаў Уладзімір Даль. Сапраўды, многія чалавечыя лёсы, што апынуліся пад стальным прэсам сталінскіх рэпрэсій 1930-х, да гэтага часу цяжка ўявіць. Асабліва калі гаворка ідзе аб творчых асобах, якія знаходзіліся, здавалася б, па-за палітыкай і для якіх галоўным у жыцці было мастацтва... Лёс братоў Пятра і Хрыстафора Даркевічаў склаўся трагічна: абодва былі арыштаваны ў Віцебску ў адзін і той жа дзень - 27 красавіка 1937-га, асуджаны 20 кастрычніка, а праз два тыдні таго ж года расстраляны па артыкуле 58 пункт 10 - "Контррэвалюцыйная дзейнасць". Праз 20 гадоў, 6 верасня 1957-га, Вярхоўным судом БССР быў рэабілітаваны "за адсутнасцю складу злачынства" Пётр, а 12 сакавіка 1961-га - Хрыстафор. Першы - мастацтвазнаўца, педагог, чытаў лекцыі па гісторыі сусветнага мастацтва ў вучылішчы, а таксама ў кінатэхнікуме і педагагічным інстытуце. Другі - мастак-жывапісец і манументаліст, таксама педагог Віцебскага мастацкага вучылішча (да 1934 г. - тэхнікум).

Сёння пра іх мала хто ведае. Нават у шасцітомнай "Гісторыі беларускага мастацтва" (4-ы том "1917 - 1941", які выйшаў у свет у 1990 годзе, пад рэдакцыяй Л.Дробава і В.Шматава) абодва браты толькі аднойчы - і тое ў дужках - згадваюцца як педагогі, а Хрыстафор - як аўтар фрэскі ў будынку вакзала на станцыі "Сіроціна". І ўсё. Адзіны матэрыял пад назвай "Фрэскі на старой сцяне", падрыхтаваны вядомым віцебскім паэтам Давідам Сімановічам, быў апублікаваны больш за 20 гадоў таму. Там аўтар выкарыстоўваў лісты і ўспаміны аб Даркевічах іхніх сваякоў і сучаснікаў. У той час я таксама рыхтаваў артыкул аб гэтых людзях, збіраў успаміны іх былых вучняў, у тым ліку П.Явіча, П.Масленікава, П.Дурчына, І.Пешкура, М.Зялёнкіна, Б.Лосевай, выкладчыка Г.Шульца. Намагаўся штосьці знайсці ў архівах і бібліятэках, але пасля выхаду матэрыялу калегі адклаў рэалізацыю сваёй задумы на няпэўны час. Потым у час правядзення XVI З'езда мастакоў Беларусі (1998 год) віцебскі жывапісец Пётр Явіч, з якім у мяне заўсёды былі добрыя адносіны, нагадаў мне пра маё былое абяцанне: маўляў, "усё ж нядрэнна было б успомніць гэтых цудоўных людзей", нядобра, каб "памяць аб іх рассыпалася ў прах", бо "славутая гісторыя Віцебскага мастацкага тэхнікума без гэтых педагогаў будзе няпоўнай і куртатай". І я ўзяўся за пяро, каб прывесці ў парадак ужо сабраныя мной матэрыялы...

Пазней мастак па маёй просьбе пераслаў мне алоўкавыя партрэты Даркевічаў, якія ён зрабіў па памяці, бо іхніх фотаздымкаў я не знайшоў, а таксама падарыў мне верш Давіда Сімановіча "Катился свирепый вал...", прысвечаны менавіта яму, Явічу, у якім мовай паэзіі апавядалася пра трагічны лёс братоў Даркевічаў - любімых настаўнікаў Пятра Максавіча. Так, Явіч добра ведаў гэтых людзей, навучаўся ў Віцебскім тэхнікуме амаль чатыры гады - да самага іх арышту. І праз кароткі тэрмін пасля той нашай сустрэчы даслаў мне свае дапоўненыя ўспаміны: а памяць у мастака, нягледзячы на сталы ўзрост, была цудоўнай. "Спадзяюся, - пісаў ён мне, што па гэтых сціслых успамінах і ўлічваючы твой багаты мастацтвазнаўчы вопыт ты здолееш падрыхтаваць артыкул пра Даркевічаў". Невялічкі нарыс тады я ўсё ж надрукаваў, але гэта быў толькі, так бы мовіць, "эскіз" трагічных біяграфій братоў Даркевічаў, "запрашэнне да знаёмства". Але пасля таго, наколькі я ведаю, больш ніхто не ўзгадваў пра іх у сродках масавай інфармацыі.

Такім чынам, для сённяшніх чытачоў я спачатку прапаную кароткія біяграфічныя даведкі аб Хрыстафоры і Пятры Даркевічах, а потым паспрабую паглядзець на іх вачыма тых, хто асабіста ведаў гэтых цудоўных людзей.

Пётр Яўгенавіч Даркевіч. Нарадзіўся ў 1898 г. у вёсцы Міхалева Веліжскага павета, што на Смаленшчыне - на той час тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю. (Па сцвярджэнні яго сына Уладзіслава Пятровіча, нарадзіўся ў г. Веліжы ў 1902-м.) Скончыў факультэт тэорыі і гісторыі мастацтваў Маскоўскага ўніверсітэта. З 1927 па 1937 год выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме і іншых установах горада. Друкаваўся ў рэспубліканскай прэсе з 1927-га. З фундаментальных прац таго часу адзначым артыкулы "Да пытання аб праблеме мастацкага стылю" (часопіс "Полымя". 1929 г. №№ 11 - 13), "На шырокім творчым шляху" (часопіс "Полымя рэвалюцыі". 1935 г., № 10), артыкулы аб V Усебеларускай мастацкай выстаўцы 1932 года, аб І Выстаўцы мастацкага афармлення кнігі ў БССР 1934 г., восеньскіх выстаўках твораў беларускіх мастакоў 1936 і 1937 гг./i/content/pi/cult/325/5874/15-1.jpg

Хрыстафор Яўгенавіч Даркевіч. Нарадзіўся ў 1900 годзе, там сама, дзе і ягоны брат Пётр. Вучыўся жывапісу ва ВХУТЕМАСе - ВХУТЕИНе ў Аркадзя Рылова і Георгія Савіцкага (1921 - 1926). Выкладаў у ленінградскіх сярэдніх школах, а з 1931га - у Віцебскім мастацкім тэхнікуме (вучылішчы). З 1932 г. - удзельнік выставак. Сярод яго твораў, напісаных алеем ці тэмперай, - палотны "Гарачыя дзянёчкі", "Восень", "Саўгас "Сасноўка", "Белы тэрор у Кітаі", "Над ракой Дзвіной", "Святочная дэманстрацыя", партрэты Янкі Купалы, Аляксея Стаханава, намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў БССР Андрэя Александровіча (Даркевіч маляваў паэта ў 1934-м з яго кнігай "Выбраныя творы", якая акурат тады выйшла ў свет). У апошні год жыцця стварыў партрэты Пушкіна і Горкага, "Вясновы пейзаж" і нацюрморт "Астры", паспеў скончыць фрэску для мастацкага вучылішча, над якой працаваў амаль шэсць гадоў. Былі вядомыя і іншыя фрэскі мастака. Напрыклад, у будынку станцыі "Сіроціна" ў Шумілінскім раёне. Практычна нічога з творчай спадчыны майстра не захавалася.

Пра Пятра Даркевіча: "Не сілаю моцны чалавек..."

Пётр Явіч (1918 - 2008 гг.) - вядомы беларускі жывапісец, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча (1938 г.). У асноўным, паспяхова працаваў у жанры псіхалагічнага партрэта. "Пётр Яўгенавіч выкладаў у нас гісторыю мастацтваў. Першае, што запомнілася мне пры сустрэчы з ім, - незвычайная ахайнасць і акуратнасць у адзенні. Гэта быў сапраўдны інтэлігент, якіх цяпер няшмат. На заняткі прыходзіў без спазненняў і заўсёды ў добрым настроі. Той настрой перадаваўся і нам, уцягваючы ў чароўны свет прыгажосці. Чытаў ён гісторыю сусветнага выяўленчага мастацтва, пачынаючы ад Старажытнага Усходу да сучаснай Еўропы. Цудоўны знаўца творчасці найбуйнейшых мастакоў і вельмі эрудзіраваны ў галіне ўсіх плыняў ды напрамкаў у сусветным жывапісе, скульптуры і архітэктуры, ён захапляльна "ўводзіў" нас у тую або іншую эпоху, дзе мы, студэнты, пачувалі сябе сапраўднымі ўдзельнікамі планетарных мастацкіх працэсаў..."

Павел Масленікаў (1914 -1995 гг.) - народны мастак Беларусі, жывапісец, сцэнограф, педагог, кандыдат мастацтвазнаўства, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча (1938 г.) і Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Ленінградзе (1953 г.). "Лекцыі Пятра Даркевіча былі не проста пераказам асноўных вех творчага шляху таго або іншага майстра. Для настаўніка было важна, каб мы не толькі маглі асэнсаваць эпоху, у якой тварыў мастак, але і яго своеасаблівае месца, што ён займаў у асяроддзі суайчыннікаў. Гісторыя мастацтва як дысцыпліна, якую чытаў Даркевіч, была ў нас самым любімым і цікавым прадметам..."

Пётр Дурчын (1918 -1997 гг.) - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, графік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Навучаўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1934 - 1937), скончыў Маскоўскае мастацкае вучылішча памяці 1905 года (1949-ы). "Упершыню я сустрэў Пятра Яўгенавіча ў бібліятэцы нашага вучылішча, якая мела выдатны збор кніг, альбомаў, каталогаў і мноства рэпрадукцый па сусветным выяўленчым мастацтве. І яшчэ запомніў яго арыгінальную люльку, з якой ён, на маю думку, ніколі не разлучаўся. Менавіта ад яго я столькі даведаўся пра нейкія таямніцы заблытанай гісторыі мастацтва, што гэтага "багажу ведаў" мне хапіла на многія далейшыя гады, бо такога настаўніка-энцыклапедыста я больш не сустракаў..."

Пётр Явіч: "Адзначу, што Даркевіч чытаў лекцыі не толькі ў вучылішчы. Ён "навучаў" і кіраўнікоў горада і вобласці, праводзіў мастацтвазнаўчыя семінары ў педагагічным інстытуце і драмтэатры, вёў спецкурс у кінатэхнікуме, неаднойчы выязджаў з лекцыямі і ў Мінск. Памятаю яшчэ, што ён ажаніўся з Ірай - сваёй вучаніцай, студэнткай нашага вучылішча, і жылі яны шчасліва да самага яго арышту. Потым, здаецца, Ірына Яраславаўна і маленькі сын Уладзік з'ехалі ў Разань..."

 Гаўрыла Шульц (1903 - 1984 гг.) - скульптар, мастацтвазнаўца, педагог, заслужаны мастак РСФСР. Дзяцінства прайшло ў Беларусі. Вучыўся ва ВХУТЕМАСе - ВХУТЕИНе. Вучань А.Мацвеева, Л.Шэрвуда, В.Лішава. З 1929 па 1931 гады выкладаў скульптуру ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Быў членам Рэвалюцыйнай асацыяцыі мастакоў Беларусі (РАМБ). Потым пераехаў у Ленінград, дзе скончыў аспірантуру Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Пасля вайны выкладаў у Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В.Сурыкава і Вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы (былым Строганаўскім). Аўтар помнікаў Пушкіну ў Растове-на-Доне і Петразаводску, шматлікіх станковых партрэтаў, дэкаратыўных і садова-паркавых скульптурных кампазіцый. "Пётр Яўгенавіч, мой блізкі сябра і аднадумца, па натуры быў чалавек вельмі рухавы, мог за дзень прачытаць пяць-шэсць лекцый у розных установах Віцебска, а вечарам яшчэ і сустрэцца з артыстамі толькі што створанага тэатра рабочай моладзі альбо супрацоўнікамі Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, у тым ліку з калегамі-мастацтвазнаўцамі І.Фурманам і І.Гаўрысам, архівістам Б.Брэжгам, скульптарамі З.Азгурам і М.Керзіным, жывапісцамі Ю.Пэнам і М.Эндэ, архітэктарам Ц.Кібардзіным. З усімі ён мог знайсці агульную мову, ніколі не даходзіў да шаленства, быў заўсёды спакойны і адначасова ўсмешлівы і прыемны. Вылучаўся добрай памяццю на літаратурныя і мастацтвазнаўчыя творы, шмат з якіх умела пераказваў і нават цытаваў на памяць цэлыя фрагменты. Мала хто тады ведаў, акрамя самых блізкіх, што Пётр цудоўна ведаў Біблію, хаця ў той час гэта, мякка кажучы, не віталася, і нават наадварот. Біблія (здаецца, перайшла да яго ад бацькі, дарэчы, да рэвалюцыі ўладальніка вялікага млына) была для Пеці кладоўкай народнай мудрасці і народнай эстэтыкі. Акрамя велізарнай колькасці павучальных прытчаў і гісторый, ён часта выкарыстоўваў у сваіх лекцыях такія прымаўкі і выразы, як "Фама няверуючы", "блудны сын", "не сілаю моцны чалавек", "не хлебам адзіным жыве чалавек". Альбо: "Пабудаваў дом на пяску", "знайшоў казла адпушчэння", "куй жалеза, пакуль гарачае"... Памятаю яшчэ адно яго любімае выказванне: "Лепш быць добрым шаўцом, чым дрэнным мастаком". Словам, быў чалавек што трэба - сапраўдны інтэлігент, акрамя ўсяго іншага, надзелены ад прыроды пачуццём добрага гумару на ўсе выпадкі жыцця. Дарэчы, некаторыя маральныя якасці ён прывіў і мне, можа, неўсвядомлена, без майго ведаму, маёй волі. Цяпер ясна бачу, што некаторыя мае погляды і светапогляд у нейкай ступені фарміраваліся пад яго ўплывам. Гэта была, несумненна, асоба вялікай духоўнай сілы, якая ўмела прымусіць тых, хто яе акружаў, мысліць, разважаць ейнымі катэгорыямі і каштоўнасцямі..."

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"