Канцэрт і для мабільнікаў

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Неаспрэчнай ісцінай стала ўжо тое, што Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым практычна не здольны на гэткія “звычайна шараговыя” праграмы. Кожная — абавязкова са сваёй “разыначкай”, сюрпрызам і нават сенсацыяй. Вось і зараз — два творы з грыфам: “Першае выкананне ў Беларусі”. І гэта толькі адно аддзяленне!

/i/content/pi/cult/325/5864/7-4.jpg

У другім- Расціслаў Крымер, больш вядомы як арт-дырэктар Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, чарговы раз даказаў, што не забыўся на сваю фартэпіянную адукацыю, саліруючы ў Першым канцэрце Ф.Ліста. "На дэсерт" публіка атрымала знакамітае "Балеро" М.Равэля. Але самыя зацікаўленыя абмеркаванні ўсё ж атрымала нават не "Чорная гандола" Джорджа Адамса, а доўгачаканая прэм'ера Канцэрта для ўдарных і струннага аркестра Галіны Гарэлавай. Калі саму паслядоўнасць гэтых двух сучасных твораў - надзвычай дэмакратычнага амерыканскага і "элітнага" беларускага - уявіць своеасаблівым "спаборніцтвам", дык "Прыз слухацкіх сімпатый" у выглядзе шквалу апладысментаў атрымала найноўшая айчынная партытура.

 У антракце ў фае сабраўся ўвесь кампазітарска-музыказнаўчы бамонд, так што заставалася толькі "падслухаць" і занатаваць - хаця б адно выказванне.

- Гэта музычная з'ява года! - падвёў вынік лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Вячаслаў Кузняцоў. - У адрозненне ад іншых, я слухаў новы твор ужо другі раз: некаторы час таму ён быў запісаны на Беларускім радыё пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага і тыдзень таму разглядаўся на мастацкім савеце па набыцці новых твораў. Партытура - вельмі асабістая, канцэпцыйна звязаная з лёсам жанчыны-творцы, прасякнутая нервам. І адначасова - назвычай эфектная, нават з выкарыстаннем званкоў мабільнікаў. А саліст Міхаіл Канстанцінаў, які можа лічыцца амаль "сааўтарам", - бы той "алхімік", што ператварае гукі не ў срэбра ці золата, а ў саму чалавечую душу.

На здымку: Аляксандр Анісімаў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"