ТРЫЛЕР “АІДА”

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Крок у бок “вялікай оперы”

/i/content/pi/cult/325/5862/7-1.jpg

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі намацвае розныя стылёвыя кірункі. Чарговым крокам у бок "вялікай оперы", пастаўленай з прыцэлам на раскошу, сталася прэм'ера "Аіды" Дж.Вердзі.

За аснову сцэнаграфіі былі ўзяты эскізы Яўгена Чамадурава да пастаноўкі 1953 года ў Бухарэсце. Апладысменты чуюцца, ледзь толькі з'яўляецца суперзаслона з егіпецкай калясніцай. Ды і надалей літаральна кожную карціну оперы гледачы сустракаюць такімі ж гучнымі воплескамі. Мастацкае афармленне "дзённых" сцэн спектакля - рэалістычнае, вырашанае ў сонечных колерах, "начных" - рамантычна-сімвалічнае, накіраванае на выяўленне тэмы асобы сярод бяздушнага атачэння каменных глыб. Параўноўваючы ўбачанае з друкаванымі калісьці эскізамі, можна заўважыць адрозненні, што сведчаць пра творчую перапрацоўку некаторых сцэнаграфічных ідэй. Абышліся ў нас і без "імітаваных" сланоў, якія, паводле ўспамінаў Я.Чамадурава, былі "разыначкай" румынскай пастаноўкі.

Затое музыканты нашага сцэнічнага аркестра граюць на так званых егіпецкіх трубах, дастаўленых з Масквы. А цара Егіпта, яго дачку Амнерыс, военачальніка Радамэса і захопленыя трафеі ўзнімаюць ды носяць не гнуткія артысты балета, а спецыяльна запрошаныя культурысты. Дыі палонных эфіёпаў увасабляюць сапраўдныя афрыканцы - замест загрыміраваных статыстаў. Праўда, колькасць палоннікаў з-за гэтага значна памяншаецца, ускосна акцэнтуючы, як смела тыя змагаліся: маўляў, ніхто не хацеў здавацца. Затое колькасць смерцяў сярод персаніфікаваных персанажаў, у параўнанні з партытурай, павялічваецца ў тры разы. У гэткім імкненні да рэалізму, набліжанасці да нораваў ранніх цывілізацый, што падкрэслівае рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, адной з галоўных адметнасцей прачытання "Аіды" становіцца значна ўзмоцненая тэма насілля. Атрымліваецца штосьці накшталт класічнага трылера, бо ў фінале жывымі застаюцца толькі двое: Вярхоўны Жрэц і бяссільная Амнерыс, хаця і ўзведзеная рэжысёрам у ранг фараоншы пасля нечаканай смерці свайго бацькі, цара Егіпта. Гэта вымушае ўсіх, хто сутыкаўся з традыцыйнай інтэрпрэтацыяй "Аіды", перагарнуць дзеля параўнання клавір ці хаця б лібрэта оперы: маўляў, няўжо там сапраўды ўсе паміралі?

Новымі сюжэтнымі паваротамі рэжысёр, безумоўна, імкнуўся абвострыць канфлікт, але дадатковыя забойствы, здаецца, сталі міжволі супярэчыць як вердзіеўскай музыцы, так і самому жанру рамантычнай оперы. Узнік і яшчэ адзін парадокс, куды больш важны за ўсё астатняе. Чым больш герояў накіроўваецца воляй пастаноўшчыкаў у Царства мёртвых (паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі- Царства Аіда), тым менш спачування застаецца ў сэрцах гледачоў пад час фінальнай сцэны з Аідай і Радамэсам. Іх смерць успрымаецца ўсяго толькі чарговай трагедыяй, няўмольна падрыхтаванай усім папярэднім развіццём падзей. А больш за ўсё ўзрушае гвалтоўнае забойства хлопчыка-раба ў другой дзеі - бессэнсоўнае, дзеля забаўкі, абсалютна нечаканае, бо ўзнікае на музыцы "мірнага" танцавальнага нумару, што раней проста разрэджваў насычаныя вакальныя сцэны./i/content/pi/cult/325/5862/7-2.jpg

Радуе, што ў спектаклі занята шмат маладых салістаў, якія бліскуча спраўляюцца з надзвычай складанымі партыямі. Адных толькі Аід пазначана - ажно пяць! Сярод творчых здабыткаў першых паказаў - Настасся Масквіна ў партыі Аіды, здольная нават коўзаючыся па зямлі (рабыня ўсё ж такі!) стаць лідарам у ансамблі, перакрыўшы моцай голасу астатніх салістаў і ўвесь аркестр. У ролі Амнерыс спаборнічалі "дзве Аксаны" - Волкава і Якушэвіч. Вядома, пераўзысці першую папросту немагчыма. Але ж і Якушэвіч, бясспрэчна, на прагоне пераўзышла сама сябе. Асабліва ўдаліся ёй сцэны "ўладарнай гераіні", а вось пералом да сапраўдных пакут ад бяссілля яшчэ давядзецца пашукаць. Дый усім артыстам, якія так пераможна адолелі вакальныя складанасці оперы, няблага было б папрацаваць яшчэ і над удасканаленнем пластыкі. Бо, сапраўды, адчуць сябе героямі старажытнага Егіпта не так і проста: мітуслівыя, а часам і нягеглыя рухі адразу выдаюць сучасныя тэмпы жыцця. Дарэчы, калі тэатр запрашаў на рэпетыцыйны працэс італьянскіх кансультантаў па маўленні і фразіроўцы, дык, мабыць, няблага было б звярнуцца і да спецыялістаў па тагачаснай пластыцы? Бо ў харэографа Аляксандры Ціхаміравай былі ўсё ж крыху іншыя задачы: пастаўлены ёй "танец ажыўшых скульптур-птушак" успрымаўся геніяльным трапляннем ва ўсходнюю сімволіку.

Відавочна, што спектакль будзе "расці" і набіраць моц. Прэм'ера, у параўнанні з прагонам, узбагацілася і не выстаўленымі раней дэталямі сцэнаграфіі, і большай сабранасцю аркестрантаў (дырыжор - Вячаслаў Воліч). Галоўнай хібай сучаснага ўспрымання застаецца працягласць пастаноўкі, шмат часу займае змена сцэнічнага антуражу- не толькі паміж дзеямі, але і паміж карцінамі. Урэшце, гэта адзін з законаў "вялікай оперы"...

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"