“Наш” хлопец з Крывеля

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Калі каго-небудзь з мясцовых жыхароў на Шклоўшчыне спытаць пра іх знакамітых землякоў, у шэрагах першых яны назавуць знакамітага савецкага кінаакцёра Пятра Алейнікава, асабліва, калі вы патрапіце на яго радзіму — у вёсачку Крывель. Тут ён проста “нацыянальны” кумір. Варта загаварыць пра яго з кім-небудзь з мясцовых старажылаў — яны з задавальненнем “накідаюць” вам з тузін гісторый пра “нашага Пецю”. І “нашасць” гэтая — зусім не панібрацтва: за сваё кароткае жыццё ў паўстагоддзя Пётр Алейнікаў сапраўды паспеў стаць ці не ўсенародным улюбёнцам. Ды не проста “экранным” — да 1962 года ў Крывелі жыла ягоная маці, і сын без аніякай “зорнасці” завітваў да яе, не цураючыся сустрэч, размоў з вяскоўцамі. Усяго на тры гады перажыў ён сваю матулю…