ГАДАННЕ НА ДЫПЛОМЕ

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Ці “ляжа” спецыяльнасць на штатны расклад?

 

Адной з самых вострых тэм з года ў год застаецца праблема тыпавых штатных раскладаў. Яна неаднойчы абмяркоўвалася на старонках нашай газеты: работнікі культуры з рэгіёнаў задавалі набалелыя пытанні прадстаўнікам Міністэрства культуры краіны пад час "гарачых ліній" "К".

На пачатку чэрвеня хваляванні наконт атрыманых у час размеркавання месцаў апаноўваюць дыпломнікаў галіновых ВНУ. Яшчэ крыху - і "новаспечаныя" маладыя спецыялісты раз'едуцца з родных alma mater па раёнах. Што рабіць, каб першае месца працы не сустрэла непрыемным сюрпрызам? І да якіх крокаў рыхтавацца абодвум бакам- выпускнікам і працадаўцам, калі назва спецыяльнасці ў дыпломе не супадае з найменнем пасады ў штатным раскладзе?

Сучаснае прафесій будучага

 Айчынная сістэма вышэйшай адукацыі, у тым ліку - у галіне культуры, пабудавана на апераджальным падыходзе адносна практыкі. Пасля скрупулёзнага вывучэння сітуацыі на рынку працы ў вучэбныя стандарты другога пакалення ўведзены прадметы, што забяспечваюць сёння падрыхтоўку моладзі, чые спецыяльнасці стануць асабліва актуальнымі праз пэўны час. Логіка такога падыходу зразумелая: навучанне канкрэтнага студэнта доўжыцца чатыры- шэсць гадоў, таму ВНУ клапоціцца, каб і праз гэты тэрмін адукацыя выпускніка была актуальнай і запатрабаванай.

Аднак падобны апераджальны падыход прывёў і да шэрагу праблем. Дэкан факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай Каралёў зазначае, што з'яўленне сучасных спецыяльнасцей выявіла пэўную нестыкоўку паміж запатрабаванымі і існуючымі ў галіне пасадамі.

- Усе ўстановы культуры пры стварэнні штатнага раскладу кіруюцца Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь "Прафесіі рабочых і пасады служачых", - тлумачыць вытокі праблемы Мікалай Каралёў. - Аднак многія з пазначаных там прафесій маральна састарэлі. У прыватнасці, метадыст, культарганізатар, інструктар - цяпер гэтыя назвы, згадзіцеся, аддаюць нафталінам. У ХХІ стагоддзі да работнікаў сферы культуры прад'яўляюцца патрабаванні, якія значна шырэйшыя за прадугледжаную кваліфікацыю. Згаданыя назвы спецыяльнасцей, лічу, з пераліку неабходна выключыць...

Суразмоўца "К" упэўнены, што, прынамсі, шматлікія найноўшыя тэхналогіі патрабуюць спецыяліста, які мог бы аналізаваць разнастайныя патокі інфармацыі. Таму Універсітэт культуры і мастацтваў прапануе для метадычных цэнтраў народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы ўвесці пасаду спецыяліста па інфарматызацыі. "Было б добра дадаць у класіфікатар прафесію культуролага-даследчыка, спецыяліста па сацыяльна-культурнай дзейнасці. Тады нашы выпускнікі, што валодаюць шырокай кампетэнцыяй па сучасных напрамках дзейнасці, змаглі б знасці сабе працу на адпаведнай сваёй падрыхтоўцы пасадзе. Факультэт ужо распрацаваў прапановы па гэтым напрамку і накіраваў на разгляд у Міністэрства культуры", - дадае суразмоўца.

"Модныя" ды непатрэбныя?

ВНУ імкнуцца адкрываць новыя спецыяльнасці, адпаведныя патрэбам часу. Дадаткі да дыпломаў маладых спецыялістаў адно што не канкурыруюць між сабой па колькасці вывучаных ультрасучасных дысцыплін: мерчандайзінг, фандрайзінг, менеджмент, маркетынг і г. д. Вось толькі пад час камандзіровак па раёнах аўтар гэтых радкоў чуў аб вострым дэфіцыце харэографаў, музыкантаў, рэжысёраў...

 Красамоўныя і запыты на маладых спецыялістаў, што сёлета прыйшлі ва Універсітэт культуры: патрабуюцца метадысты, загадчыкі аддзелаў, мастацкія кіраўнікі, культарганізатары, педагогі-арганізатары, дырэктары, адміністратары, выкладчыкі. У гэтым спісе няма ніводнага прадзюсара або менеджара. Таму паўстае натуральнае пытанне: якая колькасць выпускнікоў "модных" спецыяльнасцей запатрабавана ў краіне?

 - Магчыма, здольнасці менеджара неабходныя ў вялікім горадзе, аднак навошта яны маім сельскім клубам? - пытаецца начальнік аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Брэсцкай вобласці Мікалай Громік.- Камянеччыне патрэбны кіраўнікі народных калектываў, харэографы, інструменталісты, рэжысёр. Мы дасылалі запыты ва Універсітэт культуры, аднак выпускнікі ўстановы да нас не спяшаюцца. Таму штат папаўняем у асноўным за кошт тых, хто скончыў Пінскі каледж мастацтваў, Брэсцкі і Баранавіцкі музычныя каледжы...

З падобнай сітуацыяй сутыкаюцца многія СДК. Ва Універсітэце культуры пагаджаюцца:

- У падрыхтоўку прафесіянала з вышэйшай адукацыяй дзяржавай закладваюцца вялікія грошы. Размяркоўваць такога высакакласнага спецыяліста на вёску - гэта неэфектыўна з пункта гледжання выкарыстання бюджэтных сродкаў. Тут не трэба забывацца на звяно сярэднеспецыяльных навучальных устаноў галіны: іх дзейнасць накіравана на падрыхтоўку названых вамі кадраў. Нашым жа выпускнікам з больш шырокай, чым у навучэнцаў каледжаў, кампетэнцыяй, будзе разумным, лічу, працаваць найперш у райцэнтрах і абласных гарадах, дзе іхнія веды можна выкарыстаць больш вынікова, - мяркуе Мікалай Каралёў. - Але пытанне, канешне ж, патрабуе паглыбленага абмеркавання з удзелам усіх зацікаўленых бакоў...

 У якасці прыкладу суразмоўца прыводзіць спецыялізацыю "Менеджмент міжнародных сацыяльна-культурных сувязей". Па ёй сёлета адбудзецца ўсяго другі выпуск. "На вёсцы гэтым выпускнікам наўрад ці знойдзецца адпаведная праца, а вось для ўстаноў, што займаюцца міжнароднымі абменамі, калектываў, якія часта запрашаюць у замежныя гастролі, арганізатараў фестываляў іхнія веды дакладна былі б карысныя. Зрэшты, штогод у Паставах праходзіць Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік"- чаму б не ўскласці на нашага выпускніка падрыхтоўку праекта, пошук пазабюджэтных сродкаў фінансавання, рэкламу? Фандрайзінг, маркетынг, піяр - усё гэта ў яго кампетэнцыі!" - прапануе Мікалай Каралёў.

Перспектывы - добрыя, аднак пакуль напярэдадні размеркавання ніводнага запыту на падобных спецыялістаў не прыходзіла... Магчыма, Універсітэту культуры неабходна самому больш актыўна займацца рэкламай новых спецыяльнасцей сярод патэнцыйных працадаўцаў. Тады, верагодна, і менеджарамі міжнародных сацыяльна-культурных сувязей пачнуць цікавіцца ў рэгіёнах. Бо калектывы з таго ж Камянецкага раёна шмат гастралююць за мяжой. Адказнасць за падтрымку сувязей і афармленне паездак ускладзена на загадчыка аўтаклуба - без сумненняў, вопытнага арганізатара. Аднак дапамога спецыяліста, які валодае сучаснымі тэхналогіямі ў гэтай сферы, упэўнена, не была б залішняй...

Штатнаму раскладу быць ці не?

У начальніка аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіля Каткаўца - свае патрабаванні да маладых спецыялістаў: у прыватнасці, ён зацікаўлены ў тых, хто валодае сучаснымі камп'ютарнымі тэхналогіямі.

- Паводле праграмы "Культура Беларусі", усе сельскія бібліятэкі да 2015 года павінны быць забяспечаны Інтэрнэтам. Аднак штатны расклад не прадугледжвае праграміста, які ўстанаўліваў бы неабходныя праграмы, "лячыў" ад вірусаў камп'ютары, выпраўляў непаладкі складанай тэхнікі, - зазначае суразмоўца.- Дарэчы, бібліятэкараў цяпер рыхтуюць з большым філалагічным ухілам. Улічваючы ж спецыфіку працы ў сучасных умовах, неабходна надаваць асаблівую ўвагу валоданню тэхнічным бокам справы, уменню шукаць неабходную інфармацыю ў Сеціве, фармаціраваць яе і пераносіць на пэўныя носьбіты. Ад гэтага, між іншым, залежыць і колькасць грошай, якія кліент заплаціць установе культуры за канкрэтную камп'ютарную паслугу...

Сёлета ў Любані адкрылася шыкоўная школа мастацтваў з найноўшым светлавым і гукавым камп'ютарным абсталяваннем, аб чым мы нядаўна пісалі. А вось спецыяліста, які ведаў бы, як наладзіць гэтую тэхніку, - няма. Бракуе гэтаму рэгіёну і людзей, што валодаюць web-дызайнам, відэамантажом, маркетынгам. Па словах Васіля Каткаўца, маркетолагі, якія ўмеюць прафесійна выкарыстаць асновы менеджменту, дадалі б новых фарбаў у фестывальнае жыццё краю.

 І гэтак - паўсюль: у кожнага раёна- свой "спіс" неабходных спецыялістаў. Пры стварэнні ж тыпавога штатнага раскладу, зразумела, неабходна прыслухацца да меркавання кожнай установы культуры, з якіх толькі клубнага тыпу - больш за 30 відаў. Справа ўскладняецца тым, што ў дзеючым сёння дакуменце, зацверджаным яшчэ ў 1995-м, зведзены разам установы культуры клубнага тыпу, бібліятэкі і музеі. Знайсці для такіх разнапланавых арганізацый кампрамісны варыянт вельмі складана. Не дзіва, што сярод практыкаў усё часцей гучыць пытанне: ці патрэбен увогуле тыпавы штатны расклад?

 - Гэтае пытанне бурна абмяркоўвалася летась на рэспубліканскай навуковапрактычнай канферэнцыі ў Магілёве,- зазначыў Мікалай Каралёў. - Шмат гучала выказванняў супраць стварэння агульных штатаў. Аднак хапала і патрабаванняў, каб жорстка прапісаць іх, уводзячы наспелыя сёння спецыяльнасці...

Зрэшты, 8 чэрвеня пройдзе Рэспубліканскі савет дырэктараў навукова-метадычных цэнтраў, на якім, у шэрагу іншых, будзе ўзнімацца і згаданая праблема. Дадаткова прааналізаваўшы розныя пункты гледжання па гэтым пытанні, верагодна, і атрымаецца прыйсці да агульнай высновы, якая будзе пакладзена ў падмурак неабходных змен.

 Практыка для тэарэтыка

Кажучы пра неабходнасць увядзення новых штатных раскладаў, нельга забывацца, што сёння ва ўстановах культуры ўжо існуе магчымасць увядзення патрэбных пасад, скажам, за кошт пазабюджэтных сродкаў. Прынамсі, гэтую магчымасць шырока выкарыстоўваюць у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці.

- Каля пяцідзесяці спецыялістаў працуюць па спецрахунку з нашых сродкаў,- распавёў начальнік аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама Мікалай Тыманюк. - Акрамя гэтага, мы ўводзім новыя тыпы ўстаноў культуры. Так, пры райвыканкаме ўзнік кінавідэацэнтр "Мір". Ён працуе фактычна як раённае тэлебачанне: стварае дакументальныя фільмы аб мерапрыемствах аддзела культуры, творчых калектывах, прадпрыемствах, турыстычных аб'ектах краю... Адпаведна, узніклі і новыя пасады: гукарэжысёр, аператар, спецыяліст па відэасуправаджэнні...

Пры ўсіх дасягненнях, Мікалай Андрэевіч упэўнены, што тыпавому штатнаму раскладу неабходна агульная рэарганізацыя: "Мы павінны дакладна выкарыстоўваць бюджэтныя грошы, каб яны ішлі на ўтрыманне пасад, неабходных для паўнавартаснага развіцця рэгіянальнай культуры" .

 Прынамсі, суразмоўца ўказвае на такую недарэчнасць: у РЦК ў штатным раскладзе пазначаны метадысты. Згодна з кваліфікацыйнай характарыстыкай, гэтыя спецыялісты павінны аказваць метадычныя рэкамендацыі кіраўнікам структурных падраздзяленняў. Але РЦК патрэбны рэжысёры, хормайстры... Даводзіцца культасветнікам Касцюковіччыны выкручвацца, запісваючы: "Метадыст рэжысуры"...

- Па маім меркаванні, на ўсіх стадыях працы неабходна больш прыцягваць практыкаў, якія адразу зазначаць недахопы асобных тэарэтычных прапаноў, - разважае Мікалай Тыманюк.

Так, суразмоўца ўзгадаў няўдалы вопыт Універсітэта культуры, калі быў набраны курс сацыяльных педагогаў, і аддзелы культуры рэгіёнаў не ведалі, што рабіць са спецыялістамі не запатрабаванай у дадзенай галіне спецыялізацыі. (Зрэшты, у самім Універсітэце таксама своечасова зразумелі памылку і прыпынілі набор.) Мікалай Тыманюк мяркуе: калі б у групу распрацоўшчыкаў уключылі практыкаў, яны загадзя папярэдзілі б аб немэтазгоднасці падобных эксперыментаў.

Размыкаючы кола

Увосень мінулага года БДУКіМ па запыце Міністэрства культуры падрыхтаваў прапановы ў План падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў на 2011-ы. У сувязі з неабходнасцю ўліку спецыяльнасцей новага профілю ВНУ прапануе ўвесці ва ўстановах культуры пасады менеджараў, навуковых супрацоўнікаў, маркетолагаў, сацыёлагаў, прадзюсараў, загадчыкаў аддзела маркетынгу і рэкламы.

Пакуль жа "крайнімі" ў сітуацыі, калі назва пасады не адпавядае абавязкам работніка, застаюцца студэнты, якія пры паступленні выбіралі канкрэтную спецыяльнасць, а праз пяць гадоў трапілі ў незайздроснае становішча. Вось што кажа адна з сёлетніх выпускніц Універсітэта культуры і мастацтваў: "Цягам дзесяці семестраў я ўносіла плату за навучанне на менеджара міжнародных сацыяльна-культурных сувязей. Аднак праз некалькі тыдняў атрымаю на рукі дыплом, у якім будзе пазначана, што я- спецыяліст па прыкладной культуралогіі ды менеджар-культуролаг. І ні слова - пра міжнародныя сувязі... Атрымліваецца, плаціла за адно, а ў выніку атрымала іншае... Асабліва мне шкада сакурснікаў-бюджэтнікаў, якія марылі пра міжнародныя зносіны, а размеркаваны метадыстамі ў звычайныя ДК..."

 А як быць тым, хто па размеркаванні адпрацаваў на пасадзе, што не адпавядала яго спецыяльнасці? У прыватнай гутарцы з карэспандэнтам "К" былая выпускніца Універсітэта культуры з дыпломам сацыяльнага педагога распавяла, як у свой час прыехала па размеркаванні ў адзін з раёнаў. Зза адсутнасці дадзенай пасады ў штатным раскладзе ёй прапанавалі месца загадчыка ДК. Цяпер дзяўчына выйшла замуж і збіраецца з'ехаць у іншы горад. Засмучае тое, што з запісам у працоўнай кніжцы, неадпаведным атрыманай адукацыі, яна не можа знайсці сабе працу на новым месцы жыхарства... Тая ж праблема ўзнікае ў маладых спецыялістаў, якія вырашылі сысці ў іншую сферу, дзе можна прымяніць багаж універсітэцкіх ведаў, а новы працадаўца іх "заварочвае": маўляў, мяркуючы па працоўнай кніжцы, вы не валодаеце неабходнымі нам вопытам і кваліфікацыяй...

 Падобныя факты здольныя зламаць нямала дзідаў на шляху маладога чалавека ў самым пачатку яго працоўнай дзейнасці. Чым не важная прычына як мага хутчэй выбірацца з замкнёнага кола, каб выпускнікі, узброеныя найсучаснымі ведамі, больш не стаялі разгублена на парозе свайго першага працоўнага месца, гадаючы, як гэты крок адаб'ецца на далейшым жыцці ў прафесіі?

Каментарый з нагоды

 Вольга ЧАРНЯЦОВА, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

- Сапраўды, дзеючая форма Тыпавых штатаў не адпавядае сучасным умовам, таму пытанне вырашаць неабходна. У дадзеным напрамку было шмат зроблена: Міністэрствам культуры сабраны і прааналізаваны прапановы абласных упраўленняў культуры наконт іх бачання сучасных Тыпавых штатаў. Абмеркаванне праходзіла даволі цяжка, але ж напрыканцы 2010 года праект новай рэдакцыі Тыпавых штатаў быў накіраваны для разгляду ў Міністэрства фінансаў.

Аднак, на вялікі жаль, нам не ўдалося дасягнуць пагаднення з Мінфінам, паколькі ўвядзенне новых штатаў цягне за сабой павелічэнне фонда заработнай платы, адпаведна, дадатковых выдаткаў з мясцовых бюджэтаў.

Канешне, мы працягваем працаваць над гэтым пытаннем. Ёсць думка распрацаваць штаты і нарматывы колькасці работнікаў устаноў культуры клубнага тыпу, музеяў, бібліятэк і надаць ім статус рэкамендуемых. Падобная практыка існуе ў суседніх дзяржавах, у тым ліку ў Расіі. Аднак, зразумела, гэта праца не аднаго дня.

Між тым, нашым упраўленнем падрыхтаваны пакет прапаноў па змяненню існуючых паказчыкаў аднясення ўстаноў культуры да груп па аплаце працы. Дзеючыя паказчыкі не адпавядаюць рэальным магчымасцям устаноў на сучасным этапе. Да 1 ліпеня такі ж пакет дакументаў павінен быць падрыхтаваны па ўнясенню змяненняў у Кваліфікацыйны даведнік "Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве".

Хачу адзначыць, што дзеючыя Тыпавыя штаты не з'яўляюцца тормазам для развіцця новых тыпаў устаноў культуры. Названым установам пункт 18 дадзенага дакумента дазваляе пры неабходнасці ўносіць змяненні і ўводзіць новыя штатныя адзінкі з улікам магчымасцей мясцовых бюджэтаў. Падкрэслю, у гэтым выпадку не трэба звяртацца ў Міністэрства культуры, бо дадзенае пытанне - прэрагатыва мясцовых органаў улады.

Напрыканцы зазначу: мы заўсёды адкрыты да дыялога і ідзём насустрач прапановам. Таму чакаем ад рэгіёнаў актыўнасці і ініцыятывы.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"