Адмаўляйцеся!

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Установы сферы культуры актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэспубліканскай антытытунёвай акцыі “Беларусь супраць тытуню”. Дарэчы, інфармацыю аб шкодных наступствах курэння можна знайсці на сайце: http://minzdrav.gov.by .

 

 А ў Сусветны дзень без тытуню, які адзначаўся 31 мая, у "Мінск-Арэне" адбыўся "круглы стол" па гэтай праблеме. Стала вядома, што, згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод з курэннем звязана каля 4,9 мільёна смярцей. Паводле даных 25-гадовага назірання за 4500 мужчынамі горада Мінска, інфаркт міякарда ў курцоў развіваўся ў 1,8 раза, а мазгавы інсульт у 1,4 раза часцей, чым у тых, хто не курыць.

Канвенцыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе з тытунём з'яўляецца асноўным дакументам, які ўключае самыя важныя накірункі барацьбы супраць тытуню. Яна ўступіла ў сілу ў 2005 годзе, і сёння да яе далучыліся больш чым 170 краін. Беларусь сярод іх была адной з першых.

У рэспубліцы пры Міністэрстве аховы здароўя створаны Міжведамасны каардынацыйны савет па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця, які аб'ядноўвае міністэрствы, рэспубліканскія органы, мясцовыя органы ўлады і грамадскія арганізацыі. Яго дзейнасць прыносіць плён: у параўнанні з 2001-м колькасць курцоў у 2010 годзе была на 11% меншай.

С.К.