Па запрашэнні расійскага боку ў конкурснай праграме партнёрскіх міжнародных праектаў у галіне захавання, музеефікацыі, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама ў конкурсе праектаў маладых спецыялістаў краін СНД у Маскве прымуць удзел Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, а таксама Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Карэспандэнт "К" звязаўся з загадчыкам аддзела па зборы музейных матэрыялаў і экспазіцыйнай дзейнасці гомельскага музея Ганнай Кузьміч, якая ўжо была ў дарозе на музейны фестываль.
Па яе словах, установай падрыхтавана выстаўка пра гісторыю і сучаснасць Гомельскага палацава-паркавага ансамблю Румянцавых і Паскевічаў, што складзе адзін з чатырох экспазіцыйных блокаў - "Беларусь адроджаная". У прыватнасці, акрамя макета гомельскага музея, будзе прадстаўлены як кавалачак парку з мармуровай лаўкай, так і касцюміраваны элемент - музейныя супрацоўнікі будуць у вопратцы пачатку ХХ ст.
Як адзначыла Ганна Кузьміч, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў упершыню прымае ўдзел у конкурснай праграме фестывалю. У прыватнасці, ён пазмагаецца ў намінацыі "Прастора культуры - прастора даверу", дзе будзе канкурыраваць з дзясяткамі замежных музеяў і мастацкіх галерэй. На думку Ганны Кузьміч, дзякуючы ўдзелу ў такім прадстаўнічым музейным форуме, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль мусіць павялічыць колькасць сумесных міжнародных праектаў.
І гэта невыпадкова: сярод спецыяльных гасцей фестывалю - Музей алімпійскіх гульняў у Лазане, Нацыянальны музей мастацтва ХХІ стагоддзя ў Рыме, Егіпецкі музей калекцыі папірусаў, Нацыянальны музей Шатландыі, Музей дызайну і мастацтваў са Швецыі.