Чатыры мовы Караткевіча

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Васіль Чэрнік паведаміў “К”, што днямі ў Варшаўскім універсітэце адбылася прэзентацыя новага выдання аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”.

 

 Як вядома, чатырохмоўнае выданне падрыхтавана па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Беларускім фондам культуры да 80-годдзя з дня нараджэння славутага пісьменніка.

 Васіль Чэрнік распавядае, што ў прэзентацыі бралі ўдзел навукоўцы і дзеячы культуры Польшчы, прадстаўнікі беларускай дыяспары, дыпламаты, выкладчыкі і студэнты, а таксама старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, старшыня таварыства "Беларусь - Польшча" Анатоль Бутэвіч - аўтар прадмовы да новага выдання "Дзікага палявання караля Стаха".

У выступленнях Пасла Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка, дэкана факультэта прыкладной філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Самбора Гручы, яго выкладчыкаў Ніны і Алеся Баршчэўскіх гаворка ішла пра Караткевіча як пра ўнікальнага майстра слова, што і па сёння сілай свайго мастацтва яднае людзей свету, натхняе іх на высакароднасць і дабрыню ў думках ды ўчынках.

Пад час прэзентацыі была прадэманстравана стужка "Свет Караткевіча", створаная на "Беларусьфільме" да 80годдзя пісьменніка.

Пасольства Беларусі ў Польшчы перадала новае выданне "Дзікага палявання..." ў бібліятэку Варшаўскага ўніверсітэта. З'явіцца кніга і ў бібліятэках Беластоцкага, Люблінскага, Альштынскага ўніверсітэтаў.