Нацыянальная бібліятэка ў ролі выдаўца

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадэманструе на Дні беларускага пісьменства свой экспазіцыйна-выставачны блок. Пра гэта паведаміла нашаму карэспандэнту намеснік дырэктара НББ па навуковай працы і сувязях з грамадскасцю Людміла КІРУХІНА.

 /i/content/pi/cult/127/585/NacBiblioteka.jpg
— Напярэдадні 85-гадовага юбілею Нацыянальнай бібліятэкі, які будзе адзначацца ўсяго праз два тыдні пасля Дня беларускага пісьменства, 15 верасня, — распавяла яна, — маем на мэце паказаць магчымасці і змест працы нашай галоўнай бібліятэкі як рэспубліканскага інфармацыйнага цэнтра. Гэта магчыма зрабіць і ў выязных умовах. Падрыхтаваны шэраг рэкламных матэрыялаў, якія распавядаюць пра інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі, найперш беларусазнаўчага характару — электронныя базы даных па гісторыі, мастацтве і культуры Беларусі. Далей, мы выпускаем на электронных носьбітах бібліяграфічныя матэрыялы, аналітычныя агляды кніжных выданняў, перыядычнага друку. У прыватнасці, на нашым стэндзе ў Шклове можна будзе пабачыць CD-дыск “Кніга Беларусі” — зводны каталог беларускай кнігі ў буйнейшых бібліятэках нашай краіны і за яе межамі.
Вялікую цікавасць уяўляюць таксама электронныя выданні, створаныя пры падтрымцы ЮНЕСКО. Сярод іх — “Электронная бібліятэка школьніка”(поўныя тэксты твораў беларускай і рускай літаратур для абавязковага і дадатковага чытання ў 9 — 12 класах). Яна разлічана не толькі на вучняў, але і на выкладчыкаў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў і ўжо набыла шырокую папулярнасць, таму будзем павялічваць яе наклад. У межах праграмы ЮНЕСКО “Памяць свету” дзейнічае праграма “Памяць Беларусі”, і з яе дапамогай мы сёлета выдалі CD-R “Спадчына Напалеона Орды” — да 200-годдзя з дня нараджэння славутага мастака і кампазітара.
На электронных носьбітах выходзяць і матэрыялы міжнародных навуковых канферэнцый, якія штогод праходзяць у Нацыянальнай бібліятэцы.
На нашым стэндзе будуць усталяваны маніторы, і наведвальнікі, карыстаючыся камп’ютэрнымі сродкамі, змогуць азнаёміцца не толькі з любым з вышэйназваных электронных выданняў, але і з самой сучаснай Нацыянальнай бібліятэкай. Напрыклад, паглядзець электронны ролік, які адлюстроўвае пераезд бібліятэкі ў новы будынак-”дыямент”, наладжванне працы ў ім, з’яўленне цалкам новых магчымасцей для карыстальнікаў.
Хачу звярнуць увагу і на друкаваныя выданні Нацыянальнай бібліятэкі.
У адпаведнасці з тэматычным планам на 2007 год, выпушчаны навуковы зборнік “Бібліятэчная справа на Беларусі” (дакументы і матэрыялы XIXXX стагоддзяў), “Гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі ў дакументах і матэрыялах” (1922 — 2006 гады), новы, грунтоўны паказальнік беларускай дзіцячай літаратуры за 1996 — 2000 гады.
Такіх даведнікаў не стварае сёння ніводная ўстанова на Беларусі. Штомесяц выпускаем інфармацыйны бюлетэнь “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”, у якім не толькі папулярызуем лепшыя айчынныя кнігі і публікацыі ў прэсе за азначаны перыяд, але і робім агляд юбілейных дат беларускага календара. Разам з выдавецтвам “Мастацкая літаратура” стварылі альбом-буклет аб Нацыянальнай бібліятэцы на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай, каб прапагандаваць нашы дасягненні і далёка за межамі Беларусі. Неаслабнай цікавасцю карыстаецца альбом “Рарытэты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”, выпушчаны ў 2005 годзе, таму яго таксама возьмем на свята ў Шклоў.
Тыя, хто завітае там да нас, змогуць пазнаёміцца і з камплектамі паштовак, якія папулярызуюць нашы фонды. Так, адзін з іх мае назву “Спадчына Напалеона Орды”.Усё, што створана калектывам Нацыянальнай бібліятэкі, будзе дэманстравацца і на святочных мерапрыемствах, прысвечаных яе 85-годдзю.

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА 

Выданні Нацыянальнай бібліятэкі, якія будуць дэманстравацца ў Шклове.