Кампазіцыя, пагадзіцеся, - дынамічная і выразная. Рашучы бой за Радзіму - сімвал нацыянальнай еднасці. Па словах спецыяліста ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Вячаслава Гарбузава, работа высока ацэнена на ўсіх магчымых узроўнях. А ўсталявана яна будзе, у адпаведнасці з графікам, да 22 чэрвеня - дня 70годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Размесціцца кампазіцыя на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой". Кіраўнік яго Валерый Губарэнка распавёў, што ягоную ідэю стварэння помніка пагранічнікам ажыццявіў скульптар Валянцін Занковіч. Губарэнка асабліва падкрэсліў, што выбар быў больш чым свядомым:
- Валянцін Занковіч даўно і плённа працуе ў манументальнай і станковай скульптуры. У сааўтарстве ён браў удзел у стварэнні мемарыяльных комплексаў "Хатынь", "Брэсцкая крэпасць - герой", "Кацюша" пад Оршай, помнікаў М.Гастэлу ля Радашковічаў, кулямётнаму разліку ў Белавежскай пушчы...
Гэтымі днямі Валянціну Занковічу не да сустрэч з журналістамі: жыве, так бы мовіць, паміж Брэстам і Мінскам. На парадку дня - транспарціроўка адлітых частак кампазіцыі з Мінска і яе ўстаноўка ў Брэсцкай крэпасці.