Прэмія, не падобная на мінулую

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Названы намінанты на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2011— 2012 гады.

/i/content/pi/cult/325/5843/2-2.jpg"Узровень намінантаў на прэмію Саюзнай дзяржавы надзвычай высокі", - зазначыў карэспандэнту "К" член Экспертнага савета па прэміях, старшыня Саюза мастакоў Расіі, народны мастак Расійскай Федэрацыі Андрэй Кавальчук.

 Нагадаем, што днямі, пад час пасяджэння Экспертнага савета, былі вызначаны намінанты на прэмію Саюзнай дзяржавы. Адным з іх ад нашай краіны стаў народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі з серыяй жывапісных і графічных работ "Гісторыя і сучаснасць", серыяй графічных цыклаў "Высокае неба", "Радзіма касманаўтаў", "Паўночны марскі шлях", "Чарнобыль. Будні беларускія", "Час доўгіх нажоў", серыямі афортаў і літаграфій да кніг "Слова пра паход Ігаравы", "Аповесці" Васіля Быкава, "Яна і я" Янкі Купалы, "Выбранае" Якуба Коласа.

Другі намінант - аўтарскі калектыў у складзе сямі чалавек, які ажыццявіў пастаноўку "Вяселле" па А.Чэхаву ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа.

Расійскія творы на саіскальніцтва прэміі Саюзнай дзяржавы наступныя: паэтычны цыкл "Беларускі сшытак", паэма "Чмель у аўтобусе", асобныя вершы 1969 - 1994 гадоў, прадстаўленыя ў другім і трэцім тамах Збору твораў пісьменніка Глеба Гарбоўскага; канцэртныя праграмы ў рамках аўтарскіх штогадовых фестываляў у г. Мінску (2006 - 2009 гады), што ўключаюць сумесныя выступленні беларускіх і расійскіх музыкантаў ды выканаўцаў, аўтарам якіх з'яўляецца народны артыст Расіі Юрый Башмет; калекцыя паўлавапасадскіх шаляў "Спадчына", створаная аўтарскім калектывам у складзе васьмі чалавек./i/content/pi/cult/325/5843/1-2.jpg

Георгій Паплаўскі падзяліўся з "К": "Усе мае жывапісныя і графічныя работы з вышэйназваных серый можна лічыць рэпартажам мастака аб насычаным жыцці. Мой творчы стаж складае 60 гадоў, я сапраўды штосьці паспеў зрабіць. Мне давялося шмат падарожнічаць па Беларусі і Расіі, і вынікам гэтых падарожжаў сталі мае работы...".

Загадчык літаратурнай часткі тэатра імя Янкі Купалы Ігар Скрыпко заўважыў, што спектаклі дагэтуль яшчэ ніколі не вылучаліся на прэмію Саюзнай дзяржавы. "Калі мы яе атрымаем, яна будзе прысуджана ўсяму Купалаўскаму тэатру".

Мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк адзначыў важнасць канцэртных праграм Юрыя Башмета: "Складана знайсці больш удалы прыклад супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх музыкантаў ды выканаўцаў у справе ўмацавання Саюзнай дзяржавы. Усе гэтыя творцы заўсёды прысутнічаюць на сцэне і ў афішах Белдзяржфілармоніі, якая, дарэчы, налета адзначыць 75 гадоў з дня заснавання".

Атрымаюць прэмію толькі трое намінантаў. А цяпер работы вылучаных аўтараў чакае грамадскае абмеркаванне на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

- Гэтая кампанія па вылучэнні намінантаў на прэмію Саюзнай дзяржавы была не падобная на мінулую, - падводзіць вынікі спецыяліст-эксперт Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Людміла Курыловіч. - Упершыню вылучана, акрамя спектакля, калекцыя твораў народнага мастацтва. Таксама мы прыйшлі да высновы: варта працаваць над стварэннем Маладзёжнай прэміі.