Цэнтр радзімічаў на гасразліку

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Слаўгарадчына: момант ісціны на мяжы кантрастаў

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Новы этап развіцця cяла: самадастатковасць аддзела культуры

Слаўгарад неўзабаве адсвяткуе 875-годдзе. Плануецца свята горада, у гэты ж дзень, пасля пяцігадовага перапынку, пройдзе абласны фестываль "Народныя прыпеўкі". Аб сёлетнім удзеле ў ім заявілі ўжо творчыя калектывы Расіі і Украіны. Такая цікаўнасць да рэгіёна, у свой час пацярпелага ад чарнобыльскай катастрофы, цалкам зразумелая: прыродна-ландшафтныя і гістарычныя адметнасці Слаўгарадчыны заўжды вабілі да сябе турыстаў. На Дзень горада абласны бюджэт выдаткоўвае Слаўгараду толькі 30 мільёнаў, усё астатняе бярэ на сябе бюджэт мясцовы... У раёне даўно забыліся на дэзактывацыю і радыяфобію. Аддзел культуры цяпер турбуюць пытанні, так бы мовіць, фінансава-творчага характару. Як, сапраўды, "падцягнуць" райцэнтраўскую культуру, якая значна адстала ад культуры аграгарадоцкай, істотна "падсілкаванай" за пяць гадоў дзеяння Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла? Як зрабіць сістэмным абнаўленне матэрыяльнай базы сельскіх клубаў, што на парадак горшая за тэхзабеспячэнне ўсё тых жа ўзорных аграгарадкоў?

Народ пытаецца і прапануе

 "А гісторыя ў нас слаўная..."

Праблем у горадзе, як паказала камандзіроўка, аказалася больш, чым на раёне. На прычынах адмысловага кантрасту, уласцівага не толькі Слаўгарадчыне, спынімся крыху ніжэй. А цяпер - меркаванні жыхароў пра стан культуры ў райцэнтры і на сяле.

Ганна Іванаўна, маці дваіх дзяцей, г. Слаўгарад:

 - Прэтэнзія ў мяне адна, але, як падаецца, вельмі істотная. Не магу сваіх сыноў уладкаваць у Дзіцячую школу мастацтваў: конкурс вельмі жорсткі, бо памяшканняў ва ўстанове не хапае, каб прыняць усіх ахвотных. На маю думку, такі факт наш райцэнтр, пацярпелы ад чарнобыльскай катастрофы, ніяк не ўпрыгожвае...

Аляксандр, старшакласнік, г. Слаўгарад:

- Вельмі цікаўлюся гісторыяй, нават на адпаведны факультэт паступаць збіраюся... Мясціны нашы слаўнай гісторыяй знакамітыя, але краязнаўчага музея ў райцэнтры няма. А будынак старадаўняй паштовай станцыі ў цэнтры Слаўгарада стаіць без справы і пакрысе разбураецца...

Яўгенія Афанасенка, маладая выкладчыца Слаўгарадскай ДШМ:

 - Не магу атрымаць кватэру. Відаць, у райцэнтры не затрымаюся...

Ларыса Кірыёнак, дырэктар СДК аграгарадка "Лапацічы":

- Не хапае нам, натуральна, камп'ютара, не пашкодзіла б і сучасная святломузычная апаратура...

Намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Святлана ЯЗЕРСКАЯ на гэтай пасадзе - без двух месяцаў год. Раней працавала ў сістэме адукацыі. Па словах мясцовага начальніка аддзела культуры Марыі БАРАНАВАЙ, працаваць з такім куратарам лёгка, бо дакладна бачыць яна перспектыву рэгіянальнай культуры і не з чужых слоў ведае, што за праблемы турбуюць клубных і бібліятэчных работнікаў, з дапамогай якіх рэсурсаў тыя праблемы неабходна вырашаць. Напружанасці ў працы ад гэтага, натуральна, не менее, але працэс, як кажуць, заўжды пад кантролем. Іншая справа, што тэмпы развіцця мясцовай культуры маглі б быць іншым разам і больш істотнымі.

 Яўген РАГІН:

- Пачнём з кадраў, а дакладней - з сістэмы іх замацавання. Як падаецца, такой сістэмы ў раёне якраз і не стае. Прынамсі, дырэктар ДШМ Ала Чэпікава паведаміла мне ў размове, што за апошнія гады са школы сышло дванаццаць выкладчыкаў...

 Марыя БАРАНАВА:

- Гаворка - пра пяць апошніх гадоў...

Яўген РАГІН:

- Так. Паказчык, шчыра скажам, не абнадзейваючы. У Слаўгарадскай ДШМ - пяць філіялаў на сяле, дык вось у галаўной установе на сёння - шэсць вакансій, у вясковых філіялах - чатыры. А прычына - банальная: жыллё. З-за яго адсутнасці збіраецца з'язджаць са Слаўгарада маладая настаўніца ДШМ, народная майстрыха Яўгенія Афанасенка. Дык ці варта так кадрамі раскідвацца?

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

- Прычына праблемы, я упэўнена, не толькі ў гэтым. Яна нараджалася ў свой час пад уплывам чарнобыльскай бяды. Слаўгарад на Магілёўшчыне - адзіны горад, што трапіў у свой час пад уплыў радыяцыі. Натуральна, многае зроблена па мінімізацыі наступстваў, аднак пэўны "ўтрыманскі" настрой сярод насельніцтва застаўся: маўляў, кожны спецыяліст мае права на службовую кватэру. Не, жыллё мы будуем няспынна (летась, да прыкладу, здалі дзесяць тысяч квадратных метраў), але чарга не менее... Так, службовае жыллё, паводле заканадаўства, могуць атрымаць медыкі, педагогі, работнікі сельскай гаспадаркі і жыллёва-камунальнай сферы, і толькі зусім нядаўна, тры гады як, такую магчымасць атрымалі работнікі культуры. Але... Ці ж гэта панацэя? Службовая кватэра прыватызуецца толькі праз дзесяць гадоў працы. Маладыя не надта пагаджаюцца ўступаць у жыллёвы кааператыў, купляць кватэру пад адзін працэнт на сорак гадоў...

 Яўген РАГІН:

- Тым не менш, наколькі ведаю, работнікі культуры атрымалі толькі тры службовыя кватэры. І адбылося гэта аж у 2009 годзе. Недаравальна мала, на мой погляд.

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

- Я паглядзела б на ўсё з /i/content/pi/cult/323/5841/15-2.jpgіншага ракурсу: неабходна адраджаць прэстыж райцэнтра, павялічваць колькасць рабочых месцаў, развіваць не толькі сельскую гаспадарку, але і турызм. Тады, пераканана, знікне і жаданне з'язджаць са Слаўгарада.

Марыя БАРАНАВА:

 - Не адкрыю вялікага сакрэту, калі скажу, што кадравы дэфіцыт зліквідаваць можна толькі за кошт навучання тых юнакоў і дзяўчат, якія нарадзіліся на Слаўгарадчыне. Сёння ў нас 45 чалавек вучыцца, з іх 18 - завочнікі. Летась паступіла 12 чалавек. Але, адвучыўшыся ў сярэдніх спецыяльных установах, яны імкнуцца паступіць у вышэйшыя, і не заўжды па першым - культурным - профілі. Адсюль - пэўны кадравы недабор. А чалавек у свой час скончыў ДШМ, потым музычнае, скажам, вучылішча, а пасля паступае ў... педагагічную ВНУ. Лічу, пасля вучобы ў сярэдняй спецыяльнай установе работнік культуры павінен адпрацаваць у нашай сферы, бо вельмі шмат грошай укладзена дзяржавай у ягоную прафесійную падрыхтоўку. Калі ж няма жадання адпрацоўваць, паступаць неабходна толькі ў ВНУ культуры... Сёлета чакаем на працу 15 выпускнікоў, 10 з іх - дамарослыя, але ледзь не ў кожнага ёсць жаданне працягваць навучанне. Натуральна, паступаюць не ўсе, але...

Яўген РАГІН:

 - Ведаю, што ў вашым райцэнтры, не кажучы пра сяло, хранічна не стае работнікаў культуры з вышэйшай адукацыяй...

Марыя БАРАНАВА:

- Таму, мяркую, і ўзнікае патрэба стварэння філіяла БДУКіМ у Магілёве. На мой погляд, гэта істотна змяніла б кадравую сітуацыю ў "чарнобыльскіх" раёнах вобласці... Яшчэ адзін немалаважны нюанс. У сферы культуры за вышэйшую адукацыю няма ніякіх грашовых надбавак, матэрыяльны стумул атрымліваць яе проста адсутнічае. Хацелася б у вырашэнні пытання падтрымкі нашага Міністэрства культуры. Прэстыж вышэйшай адукацыі ў сістэме медыцыны, педагогікі, да прыкладу, нашмат вышэйшы...

 Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

- Цалкам пагаджаюся з пазіцыяй Марыі Васільеўны: надзвычай дзейсны рэзерв павышэння эфектыўнасці культурнай сферы застаецца нявыкарыстаным.

Яўген РАГІН:

 - Мы пачалі гаворку са Слаўгарадскай ДШМ. Ратацыя кадраў - не адзіная яе праблема. Установе хранічна не хапае плошчаў, і ў горадзе, я даведаўся, шмат бацькоў, незадаволеных тым, што іхнія дзеці з названай прычыны не могуць атрымліваць эстэтычную адукацыю. Цяпер у ДШМ крыху больш за 200 навучэнцаў, а магло быць на сотню болей. Пагадзіцеся, на райцэнтраўскае рэнамэ дадзены факт ніяк не працуе...

 Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

 - Згодная. І тычыцца гэта не толькі школы мастацтваў, але і двух агульнаадукацыйных устаноў Слаўгарада: яны - перагружаны. Мы апошнія пяць гадоў выключную ўвагу надавалі васьмі нашым аграгарадкам - менавіта сюды было скіравана ўсё фінансаванне. Пакрысе выпраўляем сітуацыю. Да адной са школ паступова ўзводзім прыбудову. Праз час плошчы тут павялічацца, і з'явіцца магчымасць стварэння гарадскога філіяла ДШМ... Словам, з аграгарадкоў мы вярнуліся ў горад.

Яўген РАГІН:

 - Давайце менавіта па ім цяпер і павандруем... Вы казалі пра зараджэнне рэгіянальнага турызму. Натуральна, за ім - будучыня, але і дзялянка працы ў вашых умовах - проста неабсяжная. Да прыкладу, райцэнтраўскую гасцініцу, пераканаўся, утульнай назваць надзвычай цяжка. Прамысловасці ў райцэнтры - няма, "лішніх" грошай у бюджэце - таксама. Адзін спадзеў - на інвестараў збоку і на тую ж уласную сферу культуры, якая насыціць турыстычныя маршруты адметным творчым зместам...

 Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

 - Гасцініца, сапраўды, - наша бяда. Яна так і не была даведзена да ладу, хоць і прадугледжвалася гэта Дзяржпраграмай развіцця турызму, што дзейнічала да мінулага года...

Марыя БАРАНАВА:

- Патрэбна гасцініца, а таксама - музей...

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

 - Турыстычны маршрут мы даўно распрацавалі, і наш аддзел культуры не без поспеху працуе на асобных ягоных этапах.

Яўген РАГІН:

- Праекты, на мой погляд, - сапраўды ўнікальныя. Але спачатку спынімся на музеі, дакладней - на старадаўняй паштовай станцыі, дзе яго мяркуецца зрабіць. Ці хутка мара стане явай і лядашчы пустуючы будынак ператворыцца ў дыхтоўную музейную ўстанову?

Марыя БАРАНАВА:

- Аб'ект быў уключаны ў комплексную Дзяржпраграму развіцця малых і сярэдніх гарадоў, але фінансавання мы не атрымалі. Ды праект у нас на руках. У старым будынку пасля рэканструкцыі мяркуецца размясціць музейную адміністрацыю, а сам музей будзе побач у новым будынку, які на месцы колішняй паштовай стайні збіраемся ўзводзіць з нуля.

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

 - Каля паўтара мільярда каштуе рэканструкцыя, 900 мільёнаў - музейная экспазіцыя. Марыя БАРАНАВА:

- Прынамсі, менавіта гэтыя грошы закладзены ў Дзяржпраграме "Культура Беларусі" 2011- 2015.

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

- Пакуль згаданых сум няма, але на музей мы выдаткавалі сёлета 300 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту. Гэта пераразмеркаваныя грошы. Вырашылі, што будучы музей - адзін з галоўных нашых аб'ектаў, і трэба на першай стадыі работ зрабіць дах, каб сцены больш не разбураліся. Кажуць на гэтай паштовай станцыі спыняўся калісьці Пушкін... Не менш важным палічылі і аднаўленне гарадскога кінатэатра. На яго з раённага бюджэту пайшло ў бягучым годзе яшчэ сто мільёнаў. Летась капітальна адрамантавалі дах, сёлета даводзім да ладу ўнутраныя памяшканні. Неўзабаве займеем яшчэ адну канцэртную залу ў цэнтры горада. Гэта да пытання пашырэння плошчаў ДШМ. Словам, любы рэзерв імкнёмся выкарыстаць.

Яўген РАГІН:

- Якімі бачацца музей, ягоная экспазіцыя? Канцэпцыя будзе звязана з легендай аб тым, што Аляксандр Пушкін задумаў "Станцыйнага наглядчыка", вандруючы менавіта па Беларусі? Як падаецца, такая канцэпцыя стане адной з "прынад" для турыстаў...

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

 - Перш за ўсё, стаўку рабіць будзем на краязнаўстве, гісторыі Слаўгарадчыны. Пушкін Пушкіным, але айчынныя гісторыкі прыходзяць да высновы, што менавіта на нашай зямлі, ля вёскі Курганаўка (а курганных могілак па раёне - больш за сотню), знаходзяцца вытокі радзімічаў. Менавіта тут, дарэчы, праходзіла лінія абароны ў 1941 годзе, адбываліся жорсткія баі. Адна з гістарычных версій: радзімічаў хрысцілі не толькі на нашай рэчцы Пясчанка, а і ля Блакітнай Крыніцы, з якой звязаны адзін з сённяшніх творчых праектаў аддзела культуры... На гэтым радзіміцкім складніку і заснавана канцэпцыя будучай музейнай экспазіцыі. А ў нас яшчэ ёсць на раёне вёска Улукі з паркавым ансамблем, дзе - грабавыя алеі, штучныя сажалкі, Свенскі старасвецкі парк і Замкавая гара ў Слаўгарадзе, чарназём для якой дастаўлялі па Сожы з Украіны.

Яўген РАГІН:

- Не сумняваюся, паказаць турыстам ёсць што. Дарэчы, вы не згадалі яшчэ вёску Лясная, дзе шведы пацярпелі паражэнне ад Пятра І і дзе знаходзяцца лепшы СДК у вобласці і бібліятэка з адмысловай музейнай экспазіцыяй, прысвечанай згаданай бітве. Але пагутарыць зараз хачу пра Блакітную Крыніцу, пра канкрэтны творчы праект аддзела культуры...

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

- Гэты прыродны помнік - месца летняга паломніцтва беларусаў, расіян, украінцаў. Цягам апошніх гадоў цікаўнасць да надзвычайнага месца павялічылася ў разы, хоць непадалёк знаходзіліся вёскі, што аказаліся адселенымі... На Макавей тут аднойчы сабралася 50 тысяч чалавек. Ля святой крыніцы, мне распавядала бабуля, калісьці стаялі каменныя ідалы, тут і па сёння знаходзяцца залежы лячэбнай блакітнай гліны. А ў мясцовай каплічцы ідуць набажэнствы. Не выкарыстаць такую магчымасць, каб захаваць крыніцу, каб зацікавіць сваімі творчымі прапановамі паломнікаў, мы проста не маглі.

Марыя БАРАНАВА:

 - Працуем сумесна з царквой. Цягам апошніх гадоў прадаём ля крыніцы сувеніры народных майстроў, вырабы навучэнцаў школы мастацтваў, выконваем духоўныя і народныя песні...

 Святлана ЯЗЕРСКАЯ: /i/content/pi/cult/323/5841/15-1.jpg

- 14 жніўня - на Мядовы Спас - тут збіраюцца пасечнікі з усёй краіны. Айцец Георгій асвячае мёд. Штогод сюды выязджаюць гандлёвыя арганізацыі з бліжэйшых раёнаў вобласці. Натуральна, хапае спраў і для аддзела культуры.

 Марыя БАРАНАВА:

- Па сённяшнім часе імкнёмся выкарыстаць любую магчымасць, каб зарабіць... Трэба думаць, як надалей развіваць гэтае свята, што займела ледзь не міжнароднае значэнне...

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

- Трэба не думаць, а рабіць! У мінулым годзе мы ўсё лета шукалі спосаб, каб на падставе заканадаўства надаць мясціне паломніцтва пэўны статус, каб браць з наведвальнікаў грошы на добраўпарадкаванне, экалагічнае захаванне і стварэнне пэўнай інфраструктуры Блакітнай Крыніцы. Вырашылі ўрэшце стварыць аграэтнатурыстычны комплекс. Праграма менавіта такога постчарнобыльскага развіцця, у рэалізацыю якой закладзена шэсць мільярдаў рублёў, цяпер разглядаецца ў вобласці. Комплекс мяркуецца размясціць непадалёк ад крыніцы. Тут будзе аўтастаянка, пяць гасцінічных дамкоў, кавярня... Цягам года мяркуем распачаць будаўнічыя работы. Натуральна, і цяпер не сядзім склаўшы рукі. Аддзел культуры працуе над пашырэннем рэпертуару. Мяркую бліжэйшым часам удасканаліць райвыканкамаўскі сайт, каб выконваў ён не толькі ідэалагічную, але і рэкламную функцыю, бо пошук інвестараў - справа карпатлівая і штодзённая.

Марыя БАРАНАВА:

- У тым, што крыніца стала месцам усеагульнага міжнароднага паломніцтва, ёсць пэўная заслуга менавіта нашага райвыканкамаўскага сайта.

Яўген РАГІН:

- Па горадзе мы "павандравалі", паспелі і на раён выбрацца... Як пераконвала мяне ўчора намеснік дырэктара Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Любоў Дабравольская, кантраст - не толькі паміж гарадскімі і аграгарадоцкімі ўстановамі. Існуе ён і паміж аграгарадкамі ды "звычайнымі" вёскамі. Як збіраецеся той кантраст ліквідаваць?

Святлана ЯЗЕРСКАЯ:

- Ну ў нас пасля адсялення толькі 25 населеных пунктаў засталося. Цяпер 17 сельскіх клубаў мы, натуральна, пакрысе даводзім да ладу, але без укладання вялікіх грошай, бо вёскі нашы збольшага - маланаселеныя, "дачныя". Я пастаянна іх наведваю, адсочваю якасць мерапрыемстваў у бібліятэках і клубах. Безумоўна, не ўсё тут гладка, бясхмарна, прафесійна. Вяртаюся да таго, з чаго мы і распачалі гаворку,- да кадравага і кватэрнага пытання. Нашы СВК (акрамя большменш заможнага кааператыву "Прывольны") жыллё даюць у першую чаргу работнікам сельгасвытворчасці, а не сацыякультурнай сферы. Так што наша неадкладная задача - станавіцца "заможнымі". Дзеля гэтага сёння і шчыруем.

Дэталь да агульнай карціны

Лясной не хапае кавярні

 У 2008-м Слаўгарадчына вырашыла адсвяткаваць 300-годдзе перамогі арміі Пятра І над шведскім войскам ля вёскі Лясной.

Як лічыць намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Святлана Язерская, гэта была адна з першых спроб вярнуць рэгіён да актыўнага сацыяльна-творчага жыцця. Да падзеі рыхтаваліся ўсім светам. Ля рэчкі Ляснянкі, дзе і праходзіла бітва, паўстаў аграгарадок: комплекс рэканструяваных у адзіным стылі будынкаў, у тым ліку СДК і бібліятэка-музей бітвы пры Лясной. Вось гэтая ўстанова найперш і зацікавіла.

Летась, па словах бібліятэкара Алены Шукайлавай, установе быў даведзены двухмільённы план платных паслуг. Выканалі яго без асаблівых перашкод. Прычым, адзін мільён прынеслі бібліятэчныя паслугі, а другі - музейныя. За лета тут пабывала больш за паўтары тысячы наведвальнікаў (а "ўсіх з усімі" жыхароў Лясной толькі 360 чалавек).

Святлана Язерская пераканана, што аграгарадку "Лясная" не хапае цяпер "дробязі": належнай турыстычнай інфраструктуры, найперш- кавярні. Для гэтага цяпер з усёй актыўнасцю і адшукваюцца інвестары.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Слаўгарадскі раён - Мінск

Фота аўтара  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"