Віртуальна пра Сачанку

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

У маі споўнілася б 75 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, празаіка, перакладчыка, публіцыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Барыса Сачанкі.

 

Кніжную выстаўку да гэтай даты прапанавала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. А супрацоўнікамі аддзела краязнаўства Гомельскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна да юбілею пісьменніка-земляка падрыхтавана выстаўка-прагляд "Шчодры талент", дзе, у прыватнасці, прадстаўлены зборы твораў розных гадоў выдання, літаратура аб жыцці і творчасці пісьменніка, электронныя рэсурсы, а таксама кніга Барыса Сачанкі "Пакуль не развіднела", у якой аўтар пакінуў свой аўтограф пад час наведання Гомеля ў 1968 годзе.

Як распавяла галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства ўстановы Ніна Серыкава, сумесна з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Фрацыска Скарыны рэалізуецца праект "Культурна-гістарычнае развіццё Палесся". У яго рамках бібліятэкай быў створаны электронны музей Барыса Сачанкі "Святло яго душы", які штогод дапаўняецца новымі матэрыяламі.

Музей складаецца з васьмі раздзелаў, у якіх можна даведацца пра біяграфію пісьменніка, пачытаць крытычныя артыкулы, афіцыйныя дакументы аб узнагародах, атрыманні прэмій і многае іншае. А найвялікшую цікавасць у наведвальнікаў віртуальнага музея выклікае раздзел "Родны кут і вялікі свет", які складаецца са здымкаў з сямейнага фотаархіва.

 Ю.Ч.