— Адна з кніг, якая паедзе на Дзень беларускага пісьменства, — расказвае Сяргей ПЕШЫН, загадчык адной з рэдакцый выдавецтва, — гэта новая кніга Б.Лазукі “Гісторыя беларускага мастацтва”.
Кніг падобнай тэматыкі ў нас не выдавалася ўжо каля дзесяці апошніх гадоў, і адзіным прамым папярэднікам гэтай кнігі з’яўляецца аднайменны шасцітомнік “Гісторыя беларускага мастацтва”, апошні том якога выйшаў на пачатку дзевяностых.
Такім жа “пілотным” выданнем стаўся і “Мужчынскі касцюм на Беларусі” дуэта аўтараў В.Бялявінай і Л.Ракавай. Яго адметнасць у тым, што беларускі касцюм, пад якім дагэтуль разумеўся часцей этнічны, — гэта амаль некрануты пласт нашай культуры. Аўтары новай кнігі — кандыдаты мастацтвазнаўства, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі — упершыню разглядаюць вопратку ўсіх саслоўяў беларусаў: ад ваеннага да шляхетнага. Багата ілюстраваную кнігу, выдадзеную на беларускай мове, ужо можна знайсці на кніжных паліцах крамаў альбо — на выстаўцы ў Шклове.“Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” — таксама свежая кніга, якую пабачаць шклоўцы. Гэта не першае выданне “Беларусі”, дзе падрабязна паказваюцца агулам і ў дэталях значны гісторыка-архітэктурны і духоўны помнік краіны.
Яшчэ “гарачанькая”, толькі што выдадзеная, упрыгожыць стэнд і раскошная кніга “Сакральны жывапіс” вядомай мастацтвазнаўцы Н.Высоцкай. Няма сумневу, што выданне не абміне чытацкая цікаўнасць і пакупніцкі попыт. Можна меркаваць, што сваю долю ўвагі прыцягне ў шклоўцаў і падрыхтаваны фотаальбом “Шклоў”, які адлюстроўвае архітэктуру, гісторыю, побыт гараджан, краявіды, святы, спартыўнае жыццё горада на Дняпры.
Святлана ЖУРАЎСКАЯ