Тураўскае паданне

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Запаветная грамата на княжанне

/i/content/pi/cult/324/5839/14-1.jpg Мінулым разам "К" распавяла пра лёс дачкі Полацкага князя Усяслава Чарадзея. Цікавыя факты адкрыліся дзякуючы вывучэнню летапісных крыніц і пра яшчэ адзін цэнтр старажытнай беларускай дзяржаўнасці - Тураў. Усім вядомае імя святога Кірылы Тураўскага. Аднак з гэтым старажытным княствам звязаны і постаці яго асобных уладароў, якія імкнуліся здабыць незалежнасць Тураву. Сярод іх - Еўдакія, дачка Наўгародскага князя Мсціслава Уладзіміравіча, і ейны сын Юрый Яраславіч.

Юная Еўдакія была выдадзена замуж у 1112 годзе за князя Уладзімір-Валынскага Яраслава Святаполкавіча, які да гэтага часу паспеў ужо двойчы стаць удаўцом, так і не займеўшы спадчыннікаў мужчынскага полу. І менавіта Еўдакія ў 1113 годзе нарадзіла сына Юрыя. Не дзіва, што гэтая падзея была адсвяткавана і ў Кіеве, дзе на прастоле сядзеў свёкар Еўдакіі, Святаполк Ізяславіч, які, аднак, літаральна праз некалькі дзён пасля балявання памёр. Вялікім князем Кіеўскім стаў яго стрыечны брат, дзед Еўдакіі, Уладзімір Манамах.

Зразумела, Яраслаў, не атрымаўшы Кіева, пачуваў сябе пакрыўджаным. Зрэшты, Святаполку належаў таксама і Тураў. І таму Яраслаў папрасіў Манамаха аддаць яму хаця б гэты горад. Атрымаўшы адмову, Яраслаў вырашыў весці барацьбу за Тураў. Ён звярнуўся ў Венгрыю і Польшчу да родзічаў сваіх п/i/content/pi/cult/324/5839/14-2.jpgершых жонак. І тамтэйшыя каралі абяцалі войска. Аднак планы мужа сарвала Еўдакія: яна данесла пра тое, што задумаў Яраслаў, Манамаху. І ў 1117-м вялікі князь Кіеўскі запатрабаваў мужа ўнучкі на суд.

У прызначаны дзень Яраслаў не з'явіўся, і Манамах павёў дружыну сваю да Уладзіміра-Валынскага. Два месяцы кіеўская раць асаджала горад, і толькі голад прымусіў гордага Яраслава адчыніць брамы і прасіць аб міры. І хоць вялікі князь Кіеўскі дараваў, Яраслаў, у сваю чаргу, апалчыўся на жонку. У 1118 годзе ён адаслаў Еўдакію ў Кіеў, публічна назваўшы распусніцай.

Спрабуючы прымусіць Яраслава прыняць назад жонку, вялікі князь Кіеўскі зноў выступіў супраць яго. У выніку Яраслаў выехаў у Польшчу, захапіўшы з сабою маленькага Юрыя. Разлучаны з маці, пяць гадоў правёў княжыч у Польшчы, жывучы то ў каралеўскім палацы ў Кракаве, то ў замку сілезскага магната Пятра Уласта, мужа Яраслававай сястры Марыі, то ў маёнтках старэйшай дачкі князя Прабыславы, якая была замужам за паморцам Раціборам. Двойчы Яраслаў спрабаваў вярнуць сабе прастол, і заўсёды цярпеў паражэнне. Пад час другога паходу - у 1123 годзе - ён загінуў. Пасля гэтага палякі палічылі за лепшае адаслаць дзесяцігадовага Юрыя да маці.

Як непаўналетні сірата Юрый Яраславіч цалкам падпадаў пад апеку дзеда свайго Мсціслава Наўгародскага і прадзеда Уладзіміра Манамаха. Здабыць удзел для Юрыя яны маглі, толькі ажаніўшы яго з князёўнай. Аднак, пасталеўшы, Юрый сам адмовіўся ад спробы атрымаць княжанне праз шлюб. Яго апанавала думка пра кіраванне ў Тураве, што так прагнуў атрымаць яго бацька.

Ідэя атрымаць уласную княжаскую дынастыю, дзе прастол нязменна пераходзіў бы ад бацькі да сына, была надта прыцягальнай для тураўцаў. Таму яны з цікавасцю пачалі прыглядацца да Юрыя Яраславіча. Тым больш, захоўвалася памяць аб тым, як гэтым горадам кіраваў ягоны дзед Святаполк яшчэ да свайго праўлення ў Кіеве. Тут да самага скону пражыла княгіня Гертруда-Лізавета, яго прабабка. Менавіта яна ў свой час прыклала шмат намаганняў, каб вызваліць Тураўскія землі ад Кіеўскага ўплыву, і нават дамаўлялася з Папам Рымскім і Імператарам Свяшчэннай Рымскай Імперыі аб ператварэнні Тураўскага княства ў незалежнае каралеўства.

 Сімпатыя тураўцаў да Юрыя Яраславіча яшчэ больш узмацнілася пасля таго, як у 1144 годзе ён узяў шлюб з сястрой князя Давыд-Гарадоцкага Барыса Усеваладавіча. Тамтэйшыя правіцелі заўжды былі васаламі Турава. Тым не менш, да здзяйснення мары было яшчэ далёка.

Кіеў, дзе ў 1146 годзе княжыў Ізяслаў Мсціславіч, не прыслухоўваўся да прашэнняў Юрыя. Прастол быў заняты: там па-ранейшаму сядзеў немалады ўжо Вячаслаў Уладзіміравіч. Але... У 1149 годзе нечакана для многіх, прагнаўшы з кіеўскага прастола Ізяслава Мсціславіча, уладу атрымаў Юрый Даўгарукі. Яраславіч жа стаў першым, хто прысягнуў на вернасць новаму гаспадару. І хоць на той час Даўгарукі не здолеў утрымаць кіеўскае княжанне, пасля, у 1155-м, ён урачыста прыбыў у Кіеў, каб больш не пакідаць яго. І адразу ж распачаў падзел земляў паміж сынамі і ўзнагароджванне саратнікаў. Тураў ён аддаў свайму сыну Барысу. Зведаў вялікакняжацкую шчодрасць і Юрый Яраславіч: ён атрымаў некалькі вёсак і нейкі гарадок на беларускім Палессі. А ў 1157 годзе нечакана адбылася падзея, якая прывяла князя да здзяйснення яго запаветнай мары.

На адным балі вялікі князь раптам адчуў сябе дрэнна, і ніякія сродкі не маглі яму дапамагчы ачуняць... Сярод тых, хто дабіўся дазволу наведаць паміраючага князя, апынулася і маці Юрыя Яраславіча. Даведаўшыся, што сваім пераемнікам на вялікакняжацкім прастоле Даўгарукі бачыць Барыса, яна папрасіла, каб Тураў перайшоў у валоданне да яе сына. Паводле гістарычнага падання, Даўгарукі паведаміў, што і так ужо падпісаў грамату на Тураўскае княжанне для Юрыя. А потым вялікі князь узяў з манахіні слова, што яна будзе няспынна маліць Бога аб яго грэшнай душы, і праз колькі гадзін сканаў. Так, у 1157 годзе Юрый Яраславіч стаў называць сябе князем Тураўскім.

Дзякуючы шматгадовым намаганням, саракачатырохгадовы Юрый мог не баяцца здрады з боку тураўцаў. Але было б наіўна меркаваць, што перадсмяротную волю Даўгарукага шчыра будуць выконваць яго наступнікі. І сапраўды, сын Даўгарукага, Барыс, так і не стаў князем Кіеўскім. А Ізяслаў Давыдавіч, які гэтым разам захапіў прастол, тут жа паслаў да Юрыя з патрабаваннем неадкладна пакінуць Тураў. Юрый паспрабаваў дамовіцца мірам і адказваў вялікаму князю словамі: "Брат, прымі мяне да сябе з любоўю!". Была атрымана адмова, і тады тураўцы пачалі рыхтавацца да абароны.

Для пакарання дзёрзкага васала вялікі князь Кіеўскі сабраў велізарнае войска. Тураў быў абкружаны з усіх бакоў. Але атакі ўмела адбіваліся гараджанамі. Сам Юрый час ад часу пасылаў з горада Ізяславу лісты, у якіх, нязменна называючы яго братам, прасіў толькі аднаго: пакінуць Тураў за ім і ягонымі нашчадкамі. Дзесяць тыдняў асады скончыліся ганебным адступленнем велізарнага воінства, у якім раптоўна пачаўся падзеж коней.

Пры пераемніку Ізяслава Давыдавіча на вялікакняжацкім прастоле, Расціславе Мсціславічы, у 1161 годзе Юрыю Тураўскаму давялося вытрымаць у сваім горадзе яшчэ адну сур'ёзную асаду.

Летапісец паведамляе: "Тою ж зімою хадзіў Мсціслаў Ізяславіч і Яраслаў, брат яго Яраполк Андрэевіч, Уладзімір і брат яго Яраполк да Турава на Юрыя на Яраславіча і стаяў ў полі тры тыдні і, не здолеўшы яму нічога стварыць, вярнуліся". А Карамзін каменціруе: "Адрынуты ад саюза двух тады пануючых дамоў княжацкіх, Манамахава і Чарнігаўскага, ён (Юрый.- Аўт.) трымаўся адзіна сваёй мужнасцю і шчасліва адбіў прыступ аб'яднаных князёў валынскіх, якія хацелі, падобна Ізяславу Давыдавічу, выгнаць яго з Турава. Вялікі князь, які любіў справядлівасць, заключыў з ім мір..."

Гэтая падзея адбылася ў 1162 годзе. Тураўскае княства атрымала, нарэшце, афіцыйную незалежнасць ад Кіева і права на ўласную дынастыю правіцеляў. Юрый, на гэты час ужо бацька пецярых сыноў і дзвюх дачок, гарантаваў сваім падданым неперарыўнасць дынастыі, ва ўсялякім выпадку, у бліжэйшае стагоддзе.

Варта адзначыць, што ў Юрыя ў Тураве знайшоўся настаўнік, які і словам, і справай падтрымліваў князя ва ўсіх яго пачынаннях. І быў гэта сам святы Кірыла Тураўскі. А пасля смерці ўладара працягваў вучыць добрым справам і ягоных старэйшых сыноў, князёў Івана Тураўскага, Яраполка Пінскага і Глеба Дубровіцкага.

 Ірына МАСЛЯНІЦЫНА, Мікола БАГАДЗЯЖ