Бронзавы Шапэн у Акадэміі музыкі

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Бронзавы бюст Фрыдэрыка Шапэна быў падораны Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы і Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

/i/content/pi/cult/324/5835/3-3.jpg

Урачыстая цырымонія перадачы падарунка стала рэхам леташніх святкаванняў 200годдзя з дня нараджэння славутага польскага класіка. Гасцямі БДАМ сталі Надзывычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка і яго калегі, прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч, старшыня Кракаўскага аддзялення Саюза польскіх кампазітараў, прафесар Ежы Станкевіч.

Арыгінал бюста, усталяваны ў Варшаўскім музычным таварыстве, быў зроблены польскім скульптарам Баляславам Сырэвічам амаль 140 гадоў таму паводле пасмяротнай маскі Шапэна і яго партрэтаў. Цяперашнюю копію выканаў Эрык Стэнпнеўскі. Такое ж узнаўленне твора было ўсталявана ў Парыжы, дзе Шапэн, як вядома, пражыў частку жыцця.

Скульптурнае аблічча вытанчанага кампазітара-рамантыка - не зусім звычайнае. Замест узнёслага памкнення ў невядомасць - класічная ўстойлівасць, гармонія ўпэўненасці. Некаторыя мастацтвазнаўцы, заўважыўшы накінутую на адзенне кампазітара драпіроўку, нават параўноўваюць гэты бюст з... партрэтам рымскага сенатара. Адказ дала музыка. У завяршэнне цырымоніі прагучаў адзін са знакамітых шапэнаўскіх паланэзаў у выкананні народнага артыста Беларусі, прафесара Ігара Алоўнікава. Працягам "музычнага аповеда" стала лекцыя Е.Станкевіча пра сучасную культуру.