Канцэпт “Аіды”

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Сёлетняя оперная вясна завершыцца грандыёзнай прэм’ерай: 30 і 31 мая на сцэне нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра мы ўбачым “Аіду” Дж.Вердзі. Нечаканасцю цяперашняга спектакля стане тое, што ў якасці “мастака-сцэнографа” выступіць... творчасць Яўгена Чамадурава: майстар даўно ўжо пайшоў ад нас, але ягоныя эскізы да “Аіды” ў розных тэатрах натхнілі нашу пастановачную групу. Рэжысёрам выступае Міхаіл Панджавідзэ, дырыжорам— Вячаслаў ВОЛІЧ, які і распавёў “К” пра тонкасці пастаноўкі.

/i/content/pi/cult/324/5834/3-2.jpg

- Мне вельмі даспадобы словы майго нямецкага калегі Ральфа Вайкерта, з якім наш тэатр неаднойчы супрацоўнічаў на замежных фестывалях: "Дырыжор - гэта адвакат кампазітара". Я таксама крыху "падпрацоўваю" адвакатам. Рэжысёр, вядома, бачыць усё па-свойму, у гэтым - ягонае прызначэнне, але ён таксама - чалавек музычны. Таму, калі і ўзнікаюць дыскусіі, дык намагаемся прыслухоўвацца адно да аднаго. І вельмі рады, што да нас прыязджаў Паўла Дэнапалі: педагог па вакале, мове, інтэрпрэтатар італьянскай опернай класікі- усё ў адной асобе. Ён займаўся з нашымі салістамі італьянскім вымаўленнем, фразіроўкай, вакальным дыханнем, і праз два тыдні такой працы іх было не пазнаць! Гэта практыка ўсіх сусветных тэатральных лідараў - запрашаць носьбітаў мовы і культуры, каб тыя адкрывалі трупе ўсе тонкасці будучай пастаноўкі. А тым больш, такой найскладанай, як "Аіда". Гэта "лакмусавая паперка" для артыстаў! Я супрацоўнічаў з двума турэцкімі опернымі тэатрамі, і ніводны з іх за гэты твор не браўся. Бо ў ім ва ўсіх выканаўцаў нагрузкі - як у вялікім спорце. А да ўсяго- вялізнае эмацыйнае напружанне. Але ў кожнага з нас ёсць і сваё "запаветнае" стаўленне і да самой оперы, і да цяперашняй пастаноўкі. "Аіда" з яе надзвычай шчаслівым лёсам і сапраўдным трыумфам, што суправаджаў яе ўжо з першага паказу, быццам адцяняе лёс самога Вердзі. Бо ў кампазітара, насамрэч, былі і жудасныя жыццёвыя трагедыі, і непаразуменні з боку тагачаснай музычнай грамадскасці, і ўсялякія іранічныя нападкі: на аркестр у ролі "вялікай гітары", на надта закручаныя, заблытаныя лібрэта, пазбаўленыя логікі. А тыя "войны", што аб'яўлялі яму прыхільнікі Вагнера! Але Вердзі літаральна да апошніх сваіх дзён не спыняўся ў кампазітарскім развіцці. І быццам вучыць гэтаму ўсіх нас./i/content/pi/cult/324/5834/3-1.jpg

 З "Аідай" шмат звязана і ў нашай нацыянальнай музычнай культуры. Былую пастаноўку, якая стала рэкордам "доўгажыхарства" ў нашым тэатры, ажыццяўляла сапраўдная легенда беларускай оперы - шыкоўная спявачка, а пазней рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра Ларыса Александроўская, чыё імя носіць цяпер наша Камерная зала. Цяперашні ж спектакль - гэта яшчэ і "паднашэнне" мастаку Яўгену Чамадураву. Аляксандр Касцючэнка ў памяць пра свайго педагога стварыў кампіляцыю з яго сцэнаграфічных работ, і гэта, вядома, паўпалывала на іншыя складнікі спектакля, найперш - на рэжысёрскую канцэпцыю. Для мяне ж гэтая пастаноўка- яшчэ і даніна памяці Генадзю Праватораву. Такога радка-прысвячэння не будзе ў афішы, для мяне гэта - штосьці глыбока асабістае. Але Генадзь Панцеляймонавіч быў маім настаўнікам, я добра памятаю яго інтэрпрэтацыю "Аіды". Паўтарыць яе немагчыма - як і ўсё, што рабіў Праватораў. Але тым больш натхнення гэта выклікае! Мы яшчэ пакуль не ўцямілі, які гэта быў падарунак для нашай нацыянальнай культуры - прыезд у Мінск такога выдатнага дырыжора папраўдзе сусветнага маштабу. Але, трэба спадзявацца, сапраўдная ацэнка ягонага ўнёску ў беларускае музычнае мастацтва яшчэ наперадзе, бо вялікае папраўдзе бачыцца на адлегласці. Пакуль жа - запрашаем на прэм'еру!

На здымках: Вячаслаў Воліч і фрагмент дэкарацыі да "Аіды".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"