Акцыя Памяці

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Да 70-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны ва ўсіх абласцях нашай краіны распачаліся мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі.Адной з самых буйных стала акцыя “Ніхто не забыты”.

Як паведамілі карэспандэнту "К" у Цэнтральным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, яна стартавала 20 мая і завершыцца 3 ліпеня. У акцыі прымаюць удзел ветэраны Вялікай Айчыннай, школьнікі, студэнты, актывісты БРСМ сумесна з Беларускім саюзам афіцэраў і ДТСААФ.

Пачатак акцыі адбыўся ў фармаце ўрачыстага мітынгу каля Вечнага агню на плошчы Перамогі. Пасля яго ўдзельнікі выправіліся ў вёску Скаброўка Пухавіцкага раёна: менавіта тут у гады вайны фашысты арганізавалі дзіцячы лагер па заборы крыві і правядзенні медыцынскіх эксперыментаў, дзе замучылі больш за паўтары тысячы дзяцей ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў.

Наступны пункт - самі Пухавічы, дзе знаходзіцца месца пахавання воінаў Чырвонай Арміі і партызанаў, а пасля - урочышча Боруслаў Чэрвенскага раёна - брацкая магіла больш чым 350 байцоў партызанскай брыгады "Полымя". Сумесна са сведкамі ваенных падзей дзеці, падлеткі і студэнты правядуць Вахты Памяці каля мемарыялаў, арганізуюць паходы. А на Дзень Незалежнасці ўдзельнікі акцыі аддадуць салют пераможцам у сталіцы.