Праз гісторыю да сучаснасці

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

22 чэрвеня — 70 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

З 25 па 27 мая ў Мінску праходзіла міжнародная навуковапрактычная канферэнцыя "Беларусь: гісторыя і сучаснасць".

Арганізатары яе - Міністэрства культуры краіны, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка, Расійскі цэнтр навукі і культуры.

Канферэнцыя была прысвечана пытанням інтэрпрэтацыі новых навуковых даследаванняў у музейных экспазіцыях і пераемнасці гістарычнай памяці, гістарычным аспектам дзяржаўнага кіравання, фарміравання гістарычнай свядомасці. У яе рабоце паўдзельнічала звыш 60 прадстаўнікоў з Беларусі і сямі краін свету.

 У прывітальным слове, якое даслаў удзельнікам канферэнцыі міністр культуры краіны Павел Латушка, адзначаліся, у прыватнасці, важнасць і актуальнасць дадзенага мерапрыемства і тых тэм, што на ім узнімаюцца, а таксама тая вялікая праца, якую робіць дзяржава ў справе музеефікацыі значных ваенна-гістарычных і гісторыка-культурных помнікаў. Пацвярджэннем гэтай вялікай працы, па словах кіраўніка Міністэрства, з'яўляецца і ўзвядзенне новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які будзе адпавядаць самым сучасным патрабаванням у музейнай дзейнасці.

Таксама пад час адкрыцця мерапрыемства адбылася ўрачыстая перадача Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны копіі сцяга Перамогі - менавіта таго, які быў усталяваны савецкімі воінамі на берлінскім Рэйхстагу вясной 1945 года. Арыгінал яго захоўваецца ў Цэнтральным музеі Узброеных Сіл у Маскве.

- Я лічу вельмі сімвалічным тое, - зазначыў дырэктар нашага музея Сяргей Азаронак, - што перадача копіі сцяга адбываецца напярэдадні 70-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай. Гэта сцяг нашай агульнай Перамогі. Яго выставяць у Зале Перамогі нашага музея, і, безумоўна, ён будзе лічыцца найгалоўнейшым прадметам экспазіцыі...

Цягам трох дзён працы канферэнцыі яе ўдзельнікі правялі работу чатырох секцый, на якіх заслухалі і абмеркавалі навуковыя даклады, зладзілі майстар-клас па праектаванні музейных экспазіцый, "круглы стол" і прэс-канферэнцыю. У рамках падзеі 26 мая адбылося першае пасяджэнне Вучонага савета Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе вядомыя беларускія навукоўцы і кіраўнікі шэрагу буйных музеяў нашай краіны і Расіі абмеркавалі актуальныя праблемы па перспектывах развіцця гэтай знакавай установы.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"