Сяброўства з аншлагам

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

“К” паведамляла ўжо, што з 19 па 22 мая ў Арменіі прайшлі Дні культуры Беларусі. Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі паведаміў “К”, што запланаваную праграму творчых і міжведамасных стасункаў наша дэлегацыя паспяхова выканала.

- Паміж двума міністэрствамі культуры падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве на 2011 - 2013 гады. Вялікай папулярнасцю карысталіся нашы мастацкія стужкі "Анастасія Слуцкая", "Масакра", "Рыжык у Залюстэраччы" і іншыя. Беларускія кінадакументалісты былі запрошаны на Армянскае тэлебачанне.

З не меншымі аншлагамі ў Музеі народнай творчасці прайшлі выступленні і майстар-класы беларускіх майстроў: ганчароў, ткачоў, саломкапляцельшчыкаў... Музей сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі прадставіў экспазіцыю "Ювелірыка", дзе можна было пабачыць творы з эмалі і ювелірныя ўпрыгожанні.

Па словах Уладзіміра Карачэўскага, пасля выступленняў вакальнай групы "Чысты голас", акардэаніста Ігара Квашэвіча і Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі гледачы выказвалі самую шчырую падзяку. "Чысты голас" атрымаў прапанову аб гастролях у Арменіі.

Выступленні нашых творцаў, адзначым, адбыліся не толькі ў Ерэване, але і ў рэгіёнах гасціннай рэспублікі.