Бліскучы Янкоўскі

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

З 11 па 20 мая ў расійскім Тамбове прайшоў V Тэатральны фестываль імя М.Х. Рыбакова. Упершыню ў рамках яго адбыўся міжнародны форум “Адзіная тэатральная прастора” з удзелам тэатраў Расіі, Беларусі і Украіны, дзе нашу краіну прадставіў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.

Cёлетняя юбілейная праграма, асвечаная і 200-годдзем з дня нараджэння славутага акцёра Мікалая Рыбакова, значна пашырыла фестывальную праграму.

Горкаўцы на тамбоўскай сцэне прадставілі свой спектакль "Пане Каханку", з бліскучым Расціславам Янкоўскім у галоўнай ролі, які выклікаў непадробны інтарэс у колах гледачоў і гасцей фестывалю. Акрамя таго, у рамках форуму адбылася творчая сустрэча з народным артыстам СССР, народным артыстам Беларусі. Пад час яе цягам амаль трох гадзін у зале Тамбоўскага драматычнага тэатра ішла гарачая, зацікаўленая размова не толькі пра творчы лёс нашага славутага акцёра і ролі, сыграныя ім у кіно і тэатры, але і пра тое, як бачыць ён развіццё прафесійнага акцёрскага мастацтва.

Як распавёў у гутарцы з карэспандэнтам "К" галоўны рэжысёр Горкаўскага Сяргей Кавальчык, шчыры і цёплы прыём, які аказалі ў Тамбове беларускім акцёрам, засведчыў той факт, што наша тэатральнае мастацтва па-ранейшаму мае высокі прафесійны імідж.