Спіцы з колаў, або Які рэзон фантана на сезон?

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Як напоўніць гарадскую прастору? І не парушыць яе “па прыколу”...

/i/content/pi/cult/324/5826/pic_32.jpgМы прызвычаіліся асацыіраваць гарады з пэўнымі адметнасцямі, ля якіх проста неабходна пабываць пад час турыстычнай вандроўкі. Часта гарадская скульптура становіцца адной з "візітовак" мясціны, прываблівае сюды турыстаў, што, у сваю чаргу, адкрывае дадатковыя фінансавыя патокі ў бюджэт. Абласныя ды раённыя цэнтры таксама могуць пахваліцца бронзавымі ды каменнымі творамі, што набылі папулярнасць у мясцовых жыхароў і не толькі. Але ці дастаткова падобных адметнасцей у гарадах рэспублікі? А поруч з гэтым пытаннем востра паўстае праблема захавання гарадской скульптуры.

У пасляваенныя гады абласныя і раённыя цэнтры Беларусі актыўна запаўняліся паркавай скульптурай. Салютуючыя піянеры, спартсмэны, жанчыны з немаўлятамі... Але новае тысячагоддзе прывяло да чарговага вітка моды на паркавую скульптуру, аднак у іншым ракурсе: жанравыя сцэнкі, увасобленыя ў метале, набліжалі аблічча айчынных гарадоў да найлепшых еўрапейскіх узораў. Прынамсі, мінчане мэтанакіравана ідуць да дзяўчынкі з парасонам у Міхайлаўскім скверы ды да скульптурнай групы ля Камароўкі. Магілёўскімі адметнасцямі сталі скульптуры Звездачота на Плошчы Зорак і Станцыйнага наглядчыка на чыгуначным вакзале. Гасцюючы ж у Бабруйску, людзі абавязкова завітваюць да Бабра.

Аднак, пры ўсёй папулярнасці, відавочна, што гарадам не хапае арыгінальнай скульптуры. Нават у сталічных парках, якія сёння так актыўна рэстаўруюцца, аўтарскіх работ амаль не сустрэнеш. Між іншым, падобныя творы значыліся ў планах многіх аб'ектаў. Прынамсі, у Лошыцкім парку планаваліся дзве скульптуры аўтарства Уладзіміра Жбанава, аднак, як распавяла карэспандэнту "К" галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі паркавай часткі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу Ірына Сінельнік, заказчык пакуль не мае на іх грошай.

Аб фінансавых перадумовах кажа і намеснік галоўнага архітэктара Брэста Аляксандр Касачук: "Цяпер ідзе праца над скульптурнай кампазіцыяй для Брэсцкай крэпасці "Героям мяжы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у бессмяротнасць зрабілі крок". Канешне ж, скульптуры многа не бывае, і горад зацікаўлены ў насычэнні яго прасторы добрымі творамі. Аднак для якаснага манумента неабходны немалыя грошы. Гэта адзін з фактараў, які вызначае хуткасць з'яўлення новых скульптур у Брэсце...".

 

Філасофскае заглыбленне вуліцы

Лаўрэат і дыпламант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, удзельнік і пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў Максім Пятруль упэўнены, што неабходна змяняць уяўленне беларуса аб скульптуры як такой.

- Сваёй творчасцю я імкнуся "перамагчы" традыцыю, што была закладзена ў Савецкім Саюзе, калі скульптура прыраўноўвалася да помніка. Насамрэч манументальнае мастацтва куды шырэйшае, - зазначае суразмоўца "К". - У скульптуры заключана маса розных кодаў, якія могуць перадаць філасофскія разважанні, пачуцці, думкі, перажыванні. Прынамсі, у адной з маіх апошніх работ - фантане Перамогі - удумлівы глядач "прачытае" этнічныя сімвалы, убачыць разважанні на тэму вайны, Памяці, вызвалення...

Творца ўпэўнены: Мінску не хапае гарадской скульптуры. Тыя ж кампазіцыі, што сёння папулярныя ў гараджан і гасцей сталіцы, прадстаўляюць толькі адзін бок паркавага манументальнага мастацтва.

- Вельмі люблю Уладзіміра Жбанава. Зрэшты, я - яго вучань, разам з настаўнікам працаваў над фігурамі з Камароўкі. Аднак сучаснаму еўрапейскаму гораду мала мець толькі забаўляльныя, занадта літаральныя, жанравыя сцэнкі, - упэўнены Максім. - Трэба развіваць розныя формы візуальных культурных камунікацый...

А для гэтага ў майстроў ёсць неабсяжнае поле дзейнасці: выкарыстанне матэрыялаў (ад шкла, пластыка, гумы да фарбаванага металу, сталі, металалому), прыцягненне новых тэхналогій, г у л ь н я ф о р м , увасабленне нефігуратыўных ідэй... Тыя скульптуры абавязкова знойдуць сабе месца: беларускія гарады сапраўды зацікаўлены ў з'яўленні падобных аб'ектаў. У Наваполацку штогод з'яўляюцца кампазіцыі. Літаральна днямі ля Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўслед за "Студэнтам" з'явілася "Студэнтка". І, як паведамілі ў адзеле культуры гарвыканкама, на адкрыцці моладзь папрасіла, каб у гэтай кампаніі з'явіўся і... "Выкладчык".

- Гораду сёлета споўніцца ўсяго 53 гады. У сілу ўзросту яму не хапае аб'ектаў манументальнага мастацтва, таму мы пастаянна запрашаем скульптараў паспрабаваць сабе ва ўвасабленне пэўных ідэй, - дадала начальнік аддзела культуры Валянціна Кішчанка. - Зараз праводзіцца конкурс на адлюстраванне прафесіі будаўніка. Гэтая кампазіцыя ўзнікне на цэнтральнай плошчы. А моладзь аб'явіла сбор сродкаў на скульптурную кампазіцыю "Юнацтва". На бягучы момант ўжо сабрана трэць неабходнай сумы.

На думку Максіма Петруля, не хапае паўнавартасных міжнародных плэнераў, дзе кожны з мастакоў мог пазнаёміцца з усёй палітрай сучасных напрамкаў і тэхналогій, пабачыць сучасныя тэндэнцыі ў стварэнні гарадской скульптуры свету. Падобныя форумы дапамогуць не толькі ініцыяваць усплёск творчых ідэй айчынных скульптараў ды прывесці ў нашы гарады творы лепшых майстроў замежжа - гэтая падзея можа мець больш шырокі кантэкст, ператварыўшыся ў сапраўдны міжнародны фестываль, які прывабіць у краіну іншаземных турыстаў.

- Неаднойчы ўдзельнічаў у падобных сімпозіумах за мяжой - ва ўсім свеце гэта сталая практыка. Некаторыя гарады нават ствараюць спецыяльныя паркі скульптуры, куды адмыслова прыязджаюць турысты. Такім чынам, ствараецца новы турыстычны аб'ект - дадатковая фінансавая крыніца. Упэўнены, культура таксама павінна прыносіць грошы,- падкрэслівае творца.

 

Хвалі і...

Калі ж усе прыступкі стварэння ды ўзгаднення работы /i/content/pi/cult/324/5826/pic_33.jpgпройдзены, і ў горадзе з'яўляецца новая паркавая кампазіцыя, адразу паўстае наступная праблема: як абараніць яе ад вандалаў? На жаль, у Мінску неаднаразова выломлівалі спіцы з колаў веласіпеда "Паштальёна", адламвалі ножкі штатыва ў "Фатографа", расфарбоўвалі пазногці і вусны "Даме на лаўцы". Камсамольскі сквер Магілёва калісьці ўвогуле страціў "Маленькага прынца". А ў Віцебску летась невядомыя адбілі некалькі кавалкаў скульптуры і адламалі посах у помніка Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ...

Штогадова пакутуюць ад гараджан і фантаны. У летнюю спёку можна пабачыць карціну, калі ў іх чашах ладзяць заплывы ды даюць нырца дзеці. Сучасныя фантаны ўкамплектаваны дарагім гідраўлічным і светлавым абсталяваннем. Мала хто задумваецца, што бяскрыўдныя, на першы погляд, скокі ў вадзе выклікаюць парушэнні ў працы сістэм, не кажучы ўжо пра разбітыя фарсункі, звёрнутыя струмяні, пашкоджаную падсветку.

- Галаўным болем апошняга часу сталі шматлікія флешмобы, - скардзіцца кіраўнік участка па эксплуатацыі гарадскіх фантанаў упраўлення "Цэнтр" КУП "Мінскзеленбуд" Васіль Луферчык. - То ў сістэму зальюць сродак для мыцця - і ўвесь фантан пачынае пеніцца. То разгорнуць так званыя мокрыя войны, калі вычэрпваюць з чашы ўсю ваду. Паколькі амаль усе фантаны ў сталіцы маюць закальцаваную гідраўлічную сістэму, падобныя дзеянні адразу прыводзяць да шматлікіх памылак у іх працы. Дадайце да гэтага пашкоджанні, якія флешмоберы наносяць знешнім элементам: вёдрамі яны збіваюць фарсункі, адбіваюць кавалкі абліцоўкі... Мы неаднойчы ўзнімалі вострае пытанне абароны фантанаў,- працягвае Васіль Луферчык. - Які год запар "Мінскзеленбуд" накіроўвае ў ГУУС Мінгарвыканкама лісты з просьбай павялічыць колькасць патрулёў ля гэтых аб'ектаў. Разглядаецца магчымасць устанаўлення відэанагляду. Аднак паўсюль гэтага, зразумела, не зробіш. Ды і заканадаўчых магчымасцей пакараць тых, хто лезе ў фантан, у нас няма. Як нам патлумачылі юрысты, самае большае, што можа зрабіць патруль, - прыцягнуць да адказнасці за парушэнне грамадскага парадку. Але для гэтага павінны быць вельмі важкія прычыны. Вось і застаецца нам толькі канстатаваць пры аб'ездах пашкоджанні і спісваць зламаныя дэталі...

Так, ля кожнага манумента агароджу не паставіш, ды і ці ёсць у гэтым сэнс? Той, хто надумаў "дзеля прыколу" адламаць упадабаную дэталь скульптуры ці збіць аздабленне фантана, пераадолее любыя перашкоды. Упэўнена, рашэнне пытання ляжыць на больш глыбінным узроўні...

 

Перад наступным крокам

 Дадзеная тэма - стаўленне кожнага да свету ў цэлым і да твораў мастацтва ў прыватнасці - не новая. Яе так часта ўзнімаюць на розных узроўнях, што часам пачынаеш успрымаць інфармацыю, як надакучлівы ўрок. Аднак жыццё зноў даказвае неабходнасць вяртання да дадзенай праблемы.

Возьмем сталічны Лошыцкі парк, аб рэстаўрацыі якога шмат пісала наша газета. Яго першая чарга ўжо здадзена, цяпер будаўнікі займаюцца цэнтральнай сядзібай і другім пускавым комплексам. Вось толькі, узводзячы новыя элементы, будаўнічая тэхніка... выпадкова чапляе ўжо зробленае. Так знік каштоўны манджурскі арэх, пашкоджаны некалькі камялёў экзатычнай магноліі... Зразумела, што цяжкай тэхніцы складана разгарнуцца на пэўных пятачках зямлі, аднак гэтай ювелірнай работы вымагае само месца.

Тая ж праблема ўзнікла ў парку Перамогі, які ўрачыста быў адкрыты ўвосень мінулага года Кіраўніком дзяржавы. Цяжкія трактары і грузавікі не-не- ды і праязджаюць па нядаўна пакладзеных пешаходных сцежках, якія ў выніку пачынаюць "плысці". А ўзімку ўвогуле хтосьці збіў слуп адной з малых архітэктурных форм і абчасаў частку абліцоўкі... Вінаватага так і не знайшлі. Вядома, немагчыма замяніць увесь аўтапарк мініяцюрнымі машынамі, але ці не шкада знішчаць тое, што не так даўно ўзводзілі?

- Колькі было ўкладзена сіл, колькі грошай затрачана на тое, каб стварыць прыгажосць! - зазначае галоўны архітэктар праектаў Майстэрні ландшафтнай архітэктуры і дызайну УП "Мінскпраект", старшыня секцыі ландшафтнай архітэктуры Саюза архітэктараў краіны Ганна Аксёнава, якая неаднойчы сустракалася на аб'ектах з падобнымі фактамі. - У мяне душа баліць...

 

Дадатак да гарадской эканомікі

Ніводны аб'ект мастацтва не застрахаваны ад вандалізму. Тым больш - гарадская скульптура, якая, ужо зыходзячы са свайго азначэння, павінна знаходзіцца ў грамадскіх месцах і быць даступнай сузіранню (а часам, на жаль, і пашкоджанням). І затрымаць руку, якая заносіць камень або балончык з фарбай, зможа, хутчэй, толькі эстэтычнае выхаванне, што дае ўнутранае непрыманне знішчэння мастацкіх твораў.

Максім Пятруль таксама ўпэўнены, што дзейсна зменшыць праявы вандалізму можа толькі элементарная культура чалавека: "Я шмат працую ў краінах Усходу, і бачу, наколькі натуральнае для яго жыхароў шанаванне твораў мастацтва..."

- Бяспрэчна, выхаванне дапамагае пазбегнуць хуліганскіх выхадак. Аберагаюць гарадскую скульптуру і легенды, што створаны вакол яе, - дадае начальнік аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Іван Маржала. - Прынамсі, да тысячагоддзя горада ў нас з'явіўся сімвал Ваўкавыска - Воўк. Зараз гэтая скульптура - любімае месца сустрэч гараджан. Нават з'явілася павер'е, што дотык да Ваўка прыносіць удачу.

Паглыбленае ўспрыняцце мастацтва можа дапамагчы знайсці паразуменне паміж скульптарамі і тымі, ад каго залежыць з'яўленне манументальных кампазіцый на вуліцах і ў парках. Ад апошняга выйграюць усе: жыхары займеюць новую адметную "візітоўку", а горад, дзякуючы турыстам, атрымае дадатковую крыніцу прыбытку.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"