Змяніць статус... руін?

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Калі варыянт — не варыянт, або Дыму без агню ўсё ж не бывае…

/i/content/pi/cult/324/5825/pic_30.jpgНавіны ў наш век разлятаюцца хутка. Як толькі некаторыя інтэрнэт-сайты паведамілі, што касцёл Узнясення Дзевы Марыі ў вёсцы Зембін знаходзіцца пад пагрозай зносу, неабыякавыя да лёсу спадчыны людзі сталі рэагаваць імгненна. Хтосьці пакідаў на форумах эмацыйныя водгукі, а хтосьці не паленаваўся патэлефанаваць непасрэдна ў Барысаўскі райвыканкам, каб атрымаць каментарыі "з першых вуснаў". Натуральна, у ліку другой катэгорыі быў і карэспандэнт "К".

- Мушу адразу заявіць: пра знос касцёла ў Зембіне нават гутаркі не можа весціся! - паведаміла начальнік райаддзела ідэалагічнай працы Людміла Горнак.

На гэтым можна было б паставіць кропку, адзначыўшы хіба высілкі мясцовай адміністрацыі па хуткім вырашэнні непаразуменняў (пра іх прычыну - крыху пазней). Дыма без агню не бывае, але... Важна ліквідаваць "пажар эмоцый" яшчэ на стадыі разгарання.

Аднак варта толькі зірнуць на руіны велічнага касцёла, які лічыцца апошнім (па часе збудавання) помнікам барока на Беларусі, каб адразу ж зразумець, што адно адмаўленне ад іх разборкі не здатнае выратаваць помнік. Адпаведна, замест кропкі тут просіцца іншы пунктуацыйны знак: пытальнік са шматкроп'ем.

 

Хмызы ў алтарнай частцы

Касцёл, які ўжо добрую палову стагоддзя стаіць без даху,- сапраўдны галаўны боль для мясцовых улад. На тое ёсць дзве прычыны. З аднаго боку, пад пагрозай знаходзіцца адзін з найкаштоўнейшых архітэктурных помнікаў Барысаўшчыны, а з іншага - разам з ім у патэнцыйнай небяспецы апынуліся таксама і жыцці людзей.

- Самае страшнае, што касцёл месціцца зусім блізка ад дарогі і жылых дамоў,- кажа Людміла Горнак. - І, барані божа, праз нейкі час здарыцца раптоўны абвал...

Як сведчаць мясцовыя жыхары, шчылін у больш як 200-гадовых мурах апошнім часам і сапраўды паболела. А суботнікі ды акцыі па добраўпарадкаванні праходзяць толькі на старадаўніх могілках, што атачаюць касцёл: унутры яго знаходзіцца небяспечна. У алтарнай частцы храма ўжо паспелі вырасці ладныя хмызы.

Нядаўні грамадскі рэзананс вакол касцёла Узнясення Дзевы Марыі быў выкліканы Актам аб даследаванні яго сцен. Удзел у гэтай працэдуры ўзялі галоўны архітэктар Барысаўскага раёна, галоўны інжынер барысаўскай праектнай арганізацыі і дырэктар мясцовага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва.

 Дакумент, з якім мяне пазнаёмілі ў аддзеле культуры, утрымлівае шэсць пунктаў. Пад першымі трыма з іх падпісаўся б, мусіць, кожны - яшчэ і падзякаваўшы спецыялістам за руплівасць. Гаворка там вядзецца пра абмежаванне доступу людзей на тэрыторыю касцёла (і нават вызначана пажаданая колькасць таблічак з папярэджаннямі- 5-6) ды ўсталяванне маякоў для адсочвання дэструктыўных працэсаў.

Здавалася б, гэта менавіта тое далікатнае стаўленне, якое патрабуюць да сябе руіны. Але ў дакуменце ёсць і іншыя два пункты. Адзін з іх прапаноўвае "...звярнуцца ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з прапановай аб выключэнні з рэестра руін муроў Дамініканскага касцёла з ліку помнікаў архітэктуры". А ў наступным пункце, уласна, і ўжываецца слова "дэмантаж"- што праўда, у ненавязлівым тоне.

Даручэнне звярнуцца ў Міністэрства культуры краіны з прапановай змяніць статус руін атрымаў райаддзел культуры. Але яго начальнік Ала Ленкіна адразу ж заняла прынцыповую пазіцыю па гэтым пытанні, выступіўшы супраць зносу касцёла і зазначыўшы, што яго выключэнне з Дзяржспіса - немагчымае ў прынцыпе! Бо яно супярэчыць і заканадаўству, і дзяржаўнай палітыцы ў галіне культуры.

Апошняе ахвотна пацвердзіў і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, запэўніўшы, што калі б такі зварот усё ж трапіў да спецыялістаў яго ўпраўлення, іхні вердыкт быў бы адназначны. Паводле айчыннага заканадаўства, выключэнне аб'екта з Дзяржспіса магчымае толькі ў тых выпадках, пра якія боязна нават і згадваць: стыхійных бедстваў, ваенных канфліктаў і г. д. Кепскі стан захаванасці ў гэтым пераліку, натуральна, не значыцца.

- На Беларусі ёсць нямала помнікаў спадчыны, якія дайшлі да нас ужо ў руінах, прычым іх стан не менш аварыйны, чым стан касцёла ў Зембіне,- працягвае Ігар Чарняўскі. - І што, няўжо сёння хтосьці наважыцца ўзняць пытанне пазбаўлення статуса каштоўнасці рэшткаў Навагрудскага замка?..

Адпаведна, варыянт вырашэння праблем помніка праз яго знос - гэта зусім не варыянт. А значыць, трэба шукаць іншыя.

 

 У чаканні мецэната

Яшчэ зусім нядаўна знакаміты касцёл у Воўчыне мала чым адрозніваўся ад Зембінскага паводле свайго стану. Вядомы архітэктар-рэстаўратар Віктар Вільк, які ўзяўся аднаўляць храм уласным коштам ды высілкамі, распавядаў, што выратаваць руіны, вярнуць іх да жыцця было вельмі складана. Але - атрымалася! Гэта сведчыць, што невырашальных праблем у рэстаўрацыі, бадай, няма. Прынамсі, калі казаць пра праблемы "тэхнічныя"...

Руіны другога храма Зембіна - царквы Міхаіла Архангела пачатку ХХ стагоддзя - трывала ўвайшлі ў "антыгісторыю" кінематографа. Кожны мясцовы жыхар вам распавядзе пра тое, як у 1966 годзе тут здымаўся эфектны эпізод: танк бурыць сцяну і ўрываецца ў храм, дзе заселі ворагі. Здымалі, натуральна, пашчыраму, без "дзівосаў мантажу". З адной толькі папраўкай: танк так і не здолеў прабіць тоўсты мур, і таму яго папярэдне ўзарвалі, каб потым замяніць на бутафорскі. Адзін з магчымых фіналаў гэтай гісторыі стаў вядомы літаральна днямі, калі пад час вядзення рамонтных работ пад купамі друзу была знойдзена нямецкая міна, якая не страціла баяздольнасці нават да нашага часу.

- У былыя часы на руінах заўсёды бавіліся дзеці, але... Бог быў да іх літасцівы, - дадае Ала Ленкіна.

Царква прастаяла ў запусценні не адзін год, і, здавалася б, будучыня ў яе - незайздросная. Аднак сёння над ёй ужо высіцца атынкаваная званіца. І не выпадае сумнявацца, што пасля завяршэння работ храм будзе запоўнены вернікамі: большасць жыхароў Зембіна належыць менавіта да праваслаўнай канфесіі.

А вось з руінамі касцёла ўсё значна складаней. /i/content/pi/cult/324/5825/pic_31.jpgІх праблема - не толькі ў аварыйным стане.

Не так даўно мясцовыя ўлады звярнуліся ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію з прапановай узяць храм "на свой баланс" і адрэстаўраваць яго. Аднак адтуль прыйшоў не пазбаўлены логікі адказ: на гэта няма сродкаў. Бо касцёл- гэта перадусім вернікі, і ўжо толькі потым будынак. Сёння храмы будуюцца альбо рэстаўруюцца там, дзе ў іх ёсць найбольшая патрэба, і працы на гэтай ніве яшчэ нямала. А парафія ў Зембіне зусім невялікая: імшы праходзяць у звычайнай вясковай хаце. І разлічваць на тое, што мясцовыя вернікі "пацягнуць" такі вялізны аб'ект, ніяк не выпадае.

Лёс іншага праблемнага помніка спадчыны на Барысаўшчыне - колішняй сядзібы Раманавых, - здаецца, ужо вырашаецца. Палац акурат нядаўна быў перададзены на баланс аддзела культуры, і цяпер актыўна ідзе падрыхтоўка належнага пакета дакументаў, неабходнага для перадачы будынка прыватніку. Балазе інвестар ужо, лічы, ёсць.

- Гэта чалавек, сапраўды неабыякавы і да нашай гісторыі, і, у прыватнасці, да палаца Раманавых, - распавядае Ала Ленкіна. - Ён нават некалькі разоў выязджаў у замежныя архівы, каб знайсці там інфармацыю пра гэтую сядзібу...

Руіны касцёла наўрад ці зацікавяць інвестара - хіба толькі мецэната. Магчыма, калісьці гэтая звыклая для нашых заможных продкаў традыцыя, - дзякуючы якой, уласна, і паўстаў храм у Зембіне ды мноства іншых перлін айчыннага дойлідства, - будзе адроджана. Але... Аварыйны стан касцёла вымагае перайці ад мройлівых перспектыў да надзённай прагматыкі.

 

Занядбаная, але - адметнасць

На франтоне Зембінскага касцёла нейкім цудам ацалелі крыж і скульптура Дзевы Марыі. Але шчарбіны ў цэгле літаральна пад ёй дазваляюць меркаваць, што яна апынулася ў пагрозлівым стане і можа ў адзін "цудоўны" момант зрынуцца долу.

Таму раённая адміністрацыя ўжо не першы раз выступае з прапановай дэманціраваць скульптуру ды перадаць яе ў барысаўскі к а с цёл. Але... Мясцовыя жыхары ставяцца да гэтай ідэі насцярожана. Адпаведна, нават у цяперашнім сваім стане касцёл патрэбны для Зембіна. Без яго колішняе мястэчка з даўняй гісторыяй ператварылася б у амаль звычайную вёску.

 Амаль - бо ў Зембіне ёсць і яшчэ адна адметнасць. Ці шмат якія вёскі могуць пахваліцца сваім мастацкім музеем з творамі вядомых аўтараў? Зрэшты, не кожная вёска звязана з лёсам вядомых у свеце мастакоў. Менавіта Надзея Хадасевіч-Лежэ спрычынілася - наўпрост ці ўскосна - да паўстання ў Зембіне карціннай галерэі. Апрача яе мазаік, у экспазіцыі можна ўбачыць творы Леаніда Шчамялёва, Леаніда Дударэнкі...

Быў час, калі мастацкая галерэя фактычна спыніла сваё існаванне. Але цяпер яна зноў выглядае прэзентабельна - дзякуючы нядаўняму капітальнаму рамонту Цэнтра культуры. І цалкам "цягне" на прывабную для турыстаў адметнасць.

 

"Доўгатэрміновыя інвестыцыі" для руін

Людміла Горнак кажа пра рэальны і прымальны варыянт развіцця падзей - правядзенне кансервацыі рэшткаў Зембінскага касцёла. Па вялікім рахунку, альтэрнатывы на сёння яму няма. Сутнасць метаду - пераўтварыць аварыйныя руіны ў руіны трывалыя.

Натуральна, нават гэтыя работы запатрабуюць нямала сродкаў. Да таго ж, даецца ў знакі і чыста псіхалагічны аспект: чалавек у наш час прызвычаіўся жыць надзённымі клопатамі, і таму не заўсёды дбае пра нейкія "вельмі доўгатэрміновыя інвестыцыі".

Барысаўшчына - гэта рэгіён, які дынамічна развіваецца. Тут ёсць буйныя прадпрыемствы, сучасныя сацыякультурныя аб'екты і нават футбольная каманда еўрапейскага ўзроўню. Няма сумневу, што ў будучыні гэтыя набыткі толькі памножацца.

Але выбітных архітэктурных помнікаў мінулых стагоддзяў у краі засталося не так і шмат, і іх спіс ужо ніяк не можа папоўніцца. Ігар Чарняўскі нагадвае пра звыклую для ўсяго свету практыку экспанавання руін. Дарэчы, менавіта гэты падыход будзе ўжыты ў дачыненні да тых знакамітых помнікаў спадчыны, для рэстаўрацыі якіх бракуе навуковага базісу: замкаў у Навагрудку, Крэве, Гальшанах... Гэта тыя руіны, якія ўжо цяпер прыцягваюць дзясяткі тысяч турыстаў штогод.

Адпаведна, інтарэс мясцовых улад у захаванні гэтага помніка спадчыны- папраўдзе відавочны. Але хочацца верыць, што яны не застануцца з праблемай сам-насам. Бо для кагосьці руіны касцёла - гэта помнік спадчыны і патэнцыйная турадметнасць, а для некага - перадусім занядбаная святыня.

Амаль кожная буйная каталіцкая парафія Беларусі мае своеасаблівы "маладзёжны актыў" - групы імпэтных ды неабыякавых людзей, якія могуць стаць добрым рэзервам для валанцёрскага руху. Ордэн дамініканаў, чыёй святыняй з'яўляецца касцёл у Зембіне, распаўсюджаны, не раўнуючы, ва ўсім свеце, і таму на міжнародную дапамогу таксама выпадае спадзявацца.

Досвед удалых ініцыятыў на ніве захавання спадчыны - скажам, фонду "Любчанскі замак", які сёння ва ўсіх на слыху, - сведчыць, што пры належнай арганізацыі справы можна дасягнуць папраўдзе пераканаўчых вынікаў. Але тут ключавы - чалавечы фактар. Важна, каб знайшліся людзі, здатныя гэтую справу ініцыяваць ды арганізаваць, акумулюючы добрыя намеры ў адну скарбонку. Важна, каб хтосьці ўзяў на сябе адказнасць пачаць, выявіўшы тую прадпрымальнасць, развіццю якой акурат і прысвечаны гэты год жыцця краіны.

 

■ ■ ■

Сітуацыя, у якой знаходзяцца руіны Зембінскага касцёла, - на жаль, не ўнікальная. На Беларусі ёсць шэраг выдатных узораў культавага дойлідства, якія знаходзяцца ў такім самым жаласным стане або рызыкуюць у ім апынуцца. Гэта Белая Царква і Ануфрыеўскі манастыр, велічныя барочныя касцёлы ў Лыскаве, Селішчы, Княжыцах, Смалянах, Кальвінскі збор у Кухцічах, урэшце - старажытныя сінагогі ў Быхаве, Століне, Ружанах...

Адпаведна, узнікае надзённая патрэба ў вынаходжанні пэўнага механізму, які адклаў бы канчатковае рашэнне аб лёсе гэтых помнікаў спадчыны хаця б на некалькі дзесяцігоддзяў. Бо інакш за нас гэтае рашэнне прыме час.

Менавіта сумеснымі намаганнямі рэлігійных супольнасцей, мясцовых улад і проста неабыякавых да лёсу спадчыны прадстаўнікоў грамадства можна вырашыць праблемы як касцёла ў Зембіне, так і дзясятка іншых падобных руін. Няма сумневу, што нашчадкі нам за гэта падзякуюць.

Мінск - Зембін - Мінск

Фота аўтара