Беларусь — Казахстан: і культурны складнік супрацоўніцтва

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Як вядома, на гэтым тыдні адбыўся афіцыйны трохдзённы візіт Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан. Глава беларускай дзяржавы правёў перамовы з Прэзідэнтам Казахстана Нарсултанам Назарбаевым, па выніках якіх падпісаны сумесная заява кіраўнікоў дзяржаў і шэраг двухбаковых пагадненняў. У апошні дзень візіту, 25 мая, Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да манумента “Абаронцам Айчыны” ў Астане, а таксама сустрэўся з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М. Гумілёва.

Год ад года мацнеюць і культурныя сувязі паміж нашай краінай і Казахстанам. Пра некаторыя праекты даведаўся карэспандэнт "К" у Пасольстве Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь.

- Нашы калектывы - пастаянныя ўдзельнікі міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка", - зазначыў у гутарцы саветнік Пасольства Кадыр Касабулатаў. - Сёлета на гэтым мерапрыемстве выступяць артысты з гарадоў Усць-Каменагорск і Атырау. Таксама будзем удзельнічаць у "Славянскім базары ў Віцебску", "Лістападзе", іншых знакавых міжнародных форумах, што ладзяцца на Беларусі. Літаральна днямі з друку выйшла кніга вядомага казахскага пісьменніка Абая Кунанбаева ў перакладзе на беларускую мову пад назвай "Стэпавая прастора". У хуткім часе будзе арганізавана прэзентацыя гэтага выдання. А ўжо на пачатку чэрвеня ў Мінску адбудзецца канцэрт артыстаў казахскай і беларускай эстрады, прысвечаны 20-й гадавіне абвяшчэння Незалежнасці Рэспублікі Казахстан і адкрыццю Ганаровага консульства Рэспублікі Казахстан у Беларусі.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"