Дабрачыннасць

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Ліда: сустрэча з адкрытым сэрцам

Днямі паэт-песеннік, мастак і скульптар Рычард Груша зноў сабраў шматлікіх сяброў і прыхільнікаў свайго таленту ў Лідскім раённым палацы культуры.

У лістападзе мінулага года там жа прайшоў першы творы вечар творцы. Тады ж адбылася прэзентацыя яго песеннага зборніка "Беларуская зорка".

 Ініцыятарамі цяперашняй творчай сустрэчы з вядомым на Лідчыне і далёка за яе межамі паэтам, мастаком, скульптарам выступілі аматарскія аб'яднанні пры раённым Палацы культуры "Вера. Надзея. Любоў" і "Адкрытыя сэрцы". Творчы вечар перарос у канцэртную праграму з удзелам шэрагу лідскіх кампазітараў, аўтараў, выканаўцаў песень.

Працавала выстаўка пейзажаў Рычарда Грушы. Вёў канцэртную праграму вядомы наш зямляк, саліст дзяржаўнага ансамбля "Свята" Вячаслаў Статкевіч. Песні на вершы Рычарда Грушы гучалі ў выкананні лідскіх творчых калектываў "МузАльянс", "Ліда-Мюзікл", "Шалом", "Талака", квартрэта "Дзіва", хору ветэранаў "Майскія зоры".

 Творчая сустрэча была дабрачыннай. Грашовыя сродкі, сабраныя ў час продажу білетаў, пералічаць сем'ям пацярпелых ад тэракту 11 красавіка ў мінскім метро.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ

Ліда