Захапіўшы фундаментальнае

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

За гэты год — ад леташняга да сёлетняга Дня беларускага пісьменства — Выдавецкі дом “Беларуская навука” выпусціў у свет шмат спецыяльнай навуковай, навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры, якая будзе прадстаўлена на свяце ў Шклове. Таму і хочацца сказаць усім спецыялістам розных прафесій: да стэнда “Беларуская навука”! Сярод гэтых кніг ёсць і выданні, цікавыя шырокаму колу чытачоў, асабліва тым, хто мае інтарэс менавіта да культурнай спадчыны Беларусі.

 /i/content/pi/cult/127/582/Belaruskaja navuka2.jpg
— На свяце пісьменства, — расказаў галоўны рэдактар выдавецтва Георгій КІСЯЛЁЎ, — мы прэзентуем трохтомны энцыклапедычны даведнік “Сучасная Беларусь” (на рускай мове). Першы яго том падае агульную інфармацыю пра Рэспубліку Беларусь, другі аналізуе эканамічны і навуковы патэнцыял Беларусі. А трэці — “Культура і мастацтва” — утрымлівае матэрыялы пра духоўнае і рэлігійнае жыццё грамадства. Плюс гэтага трохтомніка і ў тым, што яго старонкі аздабляюць і ўзбагачаюць унікальныя фотаздымкі, у большасці сваёй прадастаўленыя інфармацыйным агенцтвам БелТА, усяго — больш за тысячу.
Прывязём з сабой і першую кнігу трэцяга тома 4-томнага фундаментальнага навуковага даследавання “Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце”. Асаблівасць гэтай працы ў тым, што наша архітэктура ўпершыню разглядаецца сістэмна, у параўнанні з сусветнай. Сёння гэта найбольш поўная, грунтоўная праца па названай тэме, бо дагэтуль выдаваліся кнігі энцыклапедычнага кшталту са скарочанай формай падачы артыкулаў. У чатырохтомніку, які выйдзе ў шасці кнігах, архітэктура прасочваецца з даўніны да нашых дзён, і апошні том, канешне, будзе ўключаць лепшыя ўзоры архітэктурнага мастацтва ХХІ стагоддзя, такія як чыгуначны вакзал у Мінску, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і іншыя аб’екты. Гэтае даследаванне — вынік шматгадовай працы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, а таксама прыцягнутых да працы даследчыкаў з архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта — Ю.Чантурыя, А.Сардарава, В.Марозава і іншых.
Сёлета пабачылі свет першыя два тамы дваццацітомнага збору твораў Якуба Коласа. Гэта трэцяе навукова каментаванае выданне творчай спадчыны беларускага Песняра, падрыхтаванае Інстытутам літаратуры НАН Беларусі. Яно будзе значна папоўнена творамі, што заставаліся неапублікаванымі ці выйшлі толькі ў перыёдыцы. Сюды ўвайшлі паэзія і проза, крытыка і публіцыстыка, дарчыя надпісы, варыянты і розначытанні твораў, разгорнутыя каментарыі, творы эпісталярнага і мемуарнага жанраў, аўтабіяграфіі. Удакладнена, а ў некаторых выпадках і выпраўлена датаванне некаторых твораў.Таксама для літаратараў, навукоўцаў, выкладчыкаў, аматараў беларускай літаратуры прывязём у Шклоў трэці і чацвёрты тамы 13-томнага збору твораў Максіма Танка. А ўвогуле, калі падсумаваць, дык прывязём на Магілёўшчыну больш за трыццаць кніжных выданняў, навуковых часопісаў, іншую перыёдыку.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ