У Доме архітэктара, што па сталічнай вуліцы К.Маркса, адкрылася выстаўка, дзе прадстаўлены работы дойліда і мастака Георгія Сысоева.
Георгій Васільевіч нарадзіўся на поўначы Расіі, архітэктурную адукацыю набыў у Ленінградзе, а талент ягоны раскрыўся ў Беларусі. Сталічны мікрараён "Усход-1" і па сёння выклікае захапленне мазаічным пано на тарцах 17-павярховікаў. Менавіта Сысоеў запрасіў мастака Аляксандра Кішчанку зрабіць тое "прысвячэнне" гораду-герою.
Георгія Сысоева спрабавалі асуджаць за ідэю адлюстравання ікон на дамах. Архітэктар запярэчыў: "На каго павінна быць падобнай Радзіма: на хатнюю гаспадыню ці на багіню?!" Георгій Сысоеў быў галоўным архітэктарам праекта мемарыяльнага помніка "Брэсцкая крэпасць - герой". Ён і сам ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, прайшоў ад Масквы да Берліна, удзельнічаў у навядзенні перапраў, збудаванні бліндажоў і ўмацаванняў... Сысоеў ганарыўся баявымі ўзнагародамі, у першую чаргу - медалём "За абарону Масквы"...
У 1970-х архітэктар стаў аўтарам праектаў рэканструкцыі Дома Урада і Цэнтральнага Дома афіцэраў. На адкрыцці цэнтральнай часткі ЦДА камандуючы Беларускай ваеннай акругі Іван Трацяк прысвоіў Сысоеву сімвалічнае званне "генерал-палкоўнік ад архітэктуры"...
А маляваць ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. На выстаўцы прадстаўлены малюнкі, выкананыя будучым архітэктарам у 10 - 12 гадоў. Першым яго настаўнікам быў бацька, Васіль Фёдаравіч Сысоеў, вядомы валагодскі мастак... Прысутнічаюць у экспазіцыі і больш познія акварэлі Сысоева - ужо лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужанага архітэктара краіны.
Іван АРХІПАЎ
На здымках: акварэлі Георгія Сысоева з партызанскага цыкла і адна з шэрагу гарадскіх замалёвак.