Слова акцёра. І — акцёрам!

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

“Сакрэты” ад...

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 мая тры майстры айчыннага тэатра атрымалі ганаровыя званні. Народнымі артыстамі Беларусі сталі Віктар Манаеў з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Таццяна Мархель з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а Ігар Сігоў з таго ж РТБД - заслужаным артыстам краіны. Натуральна, што мы паспяшаліся павіншаваць іх з гэтымі адзнакамі высокага прафесійнага ўзроўню і задаць колькі пытанняў кожнаму.

 

/i/content/pi/cult/324/5817/pic_23.jpgНібыта "свайго"

- Таццяна Рыгораўна, - звярнуліся мы да Таццяны Мархель, - цяпер вы - народная артыстка. Як пачуваеце сябе ў новым статусе?

 - Я нават не чакала, што стану народнай! Хвалююча, прыемна, але... Шчыра кажучы, я яшчэ да канца так і, даруйце, не "ўехала".

- Праслужыўшы не адно дзесяцігоддзе на беларускай сцэне, вы, пэўна, маеце свой асабісты погляд на тое, якім павінен быць народны артыст, якімі рысамі вылучацца?

- Першае, што прыходзіць на розум, - пазнавальнасць: акцёра павінны не проста ведаць у твар, а менавіта пазнаваць, успрымаць як "свайго". І мне ў гэтым сэнсе праз усё творчае жыццё шчасціла. Калі ў асабістым жыцці, як і ў кожнага чалавека, надараліся пэўныя праблемы, я ведала: у мяне ёсць сцэна, праз якую я магу размаўляць з людзьмі, дзяліцца сваімі клопатамі і нягодамі, атрымліваць увагу і чалавечую падтрымку. І для мяне гледачы заўсёды былі і застаюцца роднымі людзьмі, тымі, з кім я магу пагутарыць пра сваё, пра тое, што я як актрыса і як чалавек думаю, ведаю, адчуваю. Лічу, што гэткая магчымасць у прафесіі- вялікае шчасце.

 - З пазіцый уласнага акцёрскага вопыту, якімі прафесійнымі "сакрэтамі" вы маглі і хацелі б падзяліцца з маладымі, тымі, хто робіць у тэатры свае першыя крокі?

- Так, у нашым Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі я маю магчымасць шмат працаваць разам з маладымі. І ведаеце, што скажу: атрымліваю велізарную асалоду, назіраючы за тым, якія яны, як яны "робяць сябе" ў тэатры. Уявіце сабе: яны прыйшлі проста з універсітэта і адразу- у рэспубліканскі тэатр! Безумоўна, напачатку яны шмат у чым адчувалі ўнутраную разгубленасць, аднак ад спектакля да спектакля я назіраю, што тыя, каму цікавая і важная акцёрская прафесія, відавочна набіраюць прафесіяналізму, майстэрства. Але я не лезу да іх з павучаннямі, бо добра ведаю: што табе, з пазіцый уласнага жыццёвага досведу, у той або іншай ролі падаецца натуральным, для іншага, з улікам яго індывідуальнасці і арганікі, можа быць цалкам непрымальным. Таму тут, бадай, галоўны сакрэт- не замінаць таму, каб гэтыя парасткі творчасці, якія выяўляюцца ў маладых, расцвіталі і развіваліся натуральна, згодна з уласнай прыродай кожнага. Бо акцёрская прафесія - глыбока індывідуальная.

 

/i/content/pi/cult/324/5817/pic_24.jpgПра Любоў...

- Віктар Сяргеевіч, з якімі адчуваннямі вы сустрэлі вестку пра атрыманне звання народнага артыста? Што "стала інакш"?

- Безумоўна, мне было прыемна даведацца пра гэта, аднак кардынальна ж нічога для мяне не змянілася - жыццё працягваецца. Іншая справа, што мне вельмі радасна за ўсіх тых маіх родных, блізкіх, сяброў, якія любяць мяне і ўспрынялі гэтую навіну з радасцю і натхненнем. Бачу, што для іх гэта - сапраўднае свята, і так хораша становіцца на душы... Вось літаральна ўчора гуляў па Батанічным садзе, дзе любаваўся бэзам, і на адной з алеек мне насустрач ішлі дзве жанчыны. Яны пазналі мяне і з непадробнай радасцю кінуліся абдымаць, віншаваць, казалі столькі цёплых слоў!.. І я ў чарговы раз упэўніўся, што наш глядач - самы цёплы, шчыры і ўдзячны.

- Пэўна, разам з той радасцю, якую вы дорыце нам, гледачам, цяпер у пэўным сэнсе мусіць павялічыцца і ступень прафесійнай творчай адказнасці?

 - Ці значыць гэта, што ў заслужанага артыста яна, творчая адказнасць, можа быць ніжэйшай, а ў простага - і зусім адсутнічаць? Не, і яшчэ раз не! Акцёр заўсёды адказны за тое, што прамаўляе і якія думкі агучвае са сцэны. Кожны чалавек адказны перад іншымі, прычым не толькі перад роднымі і блізкімі. А калі ў глядзельную залу штодня прыходзіць некалькі соцень людзей, тады кожнае тваё слова набывае зусім іншы кошт і вагу. Акцёр у тэатры ахвяруе галоўным - самім сабой, аднак такая самаахвярнасць і ёсць любоў. А толькі Любоў здольная змяніць свет да лепшага.

 

/i/content/pi/cult/324/5817/pic_25.jpgРэцэпт Сігова

Ну, а Ігара Сігова мы "злавілі" па тэлефоне літаральна на пероне:

- Ігар, віншуем са званнем заслужанага артыста! І хочацца запытацца: як ўспрыняў гэтую навіну?

- Мне патэлефанаваў з віншаваннямі наш міністр культуры Павел Латушка, сказаў, што я цяпер заслужаны, - было прыемна.

- Як адчуваеш, што дасць табе гэтае званне: не з пункта гледжання ўласных рэгалій, а ў плане далейшага творчага жыцця?

- Пакуль не ведаю. Безумоўна, калі пачуў гэтую прыемную для мяне навіну, адчуў нейкі ўнутраны "пераварот". Але казаць, што з гэтага моманту маё жыццё нейкім істотным чынам зменіцца, стане іншым, я не буду.

- Твой творчы лёс і праца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ад самага пачатку яго існавання - прыклад таго, што ў т в о р ч а с ц і вельмі часта зусім не " м е с ц а ўпрыгожвае чалавека", а тая ступень прафесійнай самааддачы, з якой ён падыходзіць да сваёй работы. Што ты мог бы сказаць усім тым, хто не верыць, што можна сцвярджацца ў творчасці не толькі на класічных п'есах, але і ў спектаклях, створаных паводле айчыннай драматургіі?

- Скажу, што сцвердзіцца ў акцёрскай прафесіі можна толькі ў адным-адзіным выпадку: калі ты - акцёр у сваёй душы. І ўбачыць тваё майстэрства могуць толькі тады, калі ты насамрэч з'яўляешся акцёрам. Безумоўна, сцвярджацца і прафесійна расці на класіцы прасцей: там заўсёды можна ў нечым "абаперціся" на аўтара. Але ж і сучасная драматургія не такі ўжо і благі матэрыял для творчасці, галоўнае - увесь час імкнуцца быць у сваёй прафесіі крыху "лепшым", чым ты ёсць на дадзены момант, не стамляцца працаваць з поўнай аддачай. Вось і ўвесь мой "рэцэпт".

Фота Юрыя ІВАНОВА