Фонд, які “трапляе “ў яблычак”

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

“Жыватворны булён” для творчых парасткаў

/i/content/pi/cult/324/5816/pic_21.jpgСярод любімых праектаў маёй суразмоўцы значыцца перадача аднаго з французскіх тэлеканалаў "Булён культуры". На яе думку, гэтая назва надзвычай трапна вызначае тую аснову, на якой узрастае творчая ідэя. Сапраўды, каб культура стала развівалася і фантанавала адкрыццямі, у першую чаргу неабходна падрыхтаваць жыватворнае асяроддзе.

На працягу шаснаццаці гадоў адным з актыўных стваральнікаў спрыяльнай глебы для айчыннага мастацтва з'яўляецца спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Аб тым, што стымулюе ўзлёт творчай думкі і як надалей павялічыць магчымасці дапамогі адораным пачаткоўцам, карэспандэнт "К" гутарыў са старшынёй Савета Фонду, Старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Нінай МАЗАЙ. 

 

Лаўры для найлепшых

- Ніна Мікалаеўна, наша гаворка адбываецца напярэдадні традыцыйнай штогадовай сустрэчы ўладальнікаў Гран-прэмій, лаўрэатаў і стыпендыятаў Фонду...

- Так, і толькі за 2010 год Фонд прызначыў 205 індывідуальных заахвочванняў, узнагародзіў 23 калектывы і прысудзіў 23 Гран-пры. Калі разглядаць гэтыя прэміі ў грашовым эквіваленце, то на ўсё нам было выдаткавана 950 мільёнаў рублёў. Аднак адразу хочацца падкрэсліць: колькасць стыпендыятаў не з'яўляецца адзіным паказчыкам, бо не гэта вызначае якасць. Для падтрымкі ж сапраўдных талентаў у Фонду заўсёды знойдуцца рэсурсы. Зрэшты, на першым пасяджэнні бягучага года Саветам ужо зацверджана каля сарака індывідуальных і шэсць калектыўных заявак ад устаноў культуры, адукацыі ў сферы культуры, ад арганізатараў конкурсаў, сярод якіх значацца Міністэрства культуры, органы мясцовай улады, творчыя саюзы і г. д. На разглядзе экспертнамастацкай камісіі- яшчэ каля шасцідзесяці індывідуальных і з дзясятак папак з дакументамі на гранты. Амаль сотня заявак пакуль чакае сваёй чаргі на пацвярджэнне ці адмову.

- З якімі складанасцямі сутыкаецца Савет спецыяльнага фонду на гэтым этапе работы?

- На жаль, даводзіцца зазначыць, што не заўсёды пры прадстаўленні заявак на ўзнагароды ўлічваюцца патрабаванні, якія прапісаны ў Палажэнні аб прызначэнні заахвочвання. У прыватнасці, у ім гаворыцца, што прэтэндаваць на ўзнагароджанне можа пераможца міжнароднага конкурсу, які мае высокую рэпутацыю і ў якім удзельнічала не менш за шэсць краін. Само творчае спаборніцтва павінна праводзіцца ў некалькі тураў, па кожнай намінацыі мае быць прадстаўлена прафесійнае аўтарытэтнае журы, члены яго абавязаны мець пэўныя рэгаліі. Экспертна-мастацкая камісія можа даць рэкамендацыю адмовіць заяўніку, калі ў адпаведнай намінацыі відавочна не хапала ўдзельнікаў, а таксама з прычыны нізкага творчага ўзроўню конкурсу. Каб унікнуць апошняга, педагогам было б добра загадзя ўзважыць, куды яны імкнуцца трапіць. Шматлікія відовішчныя фестывалі маюць права на існаванне, але яны не заўсёды акцэнтуюць творчы ўзровень удзельнікаў, а больш увагі надаюць відовішчнасці... Мяркую, трэба, каб ад шматлікіх творчых выпрабаванняў школьнікаў і студэнтаў не цярпела іх вучоба як такая (адзнакі ў атэстаце ці ў залікоўцы не павінны быць ніжэй за 6 балаў). Упэўнена, нават самаму бліскучаму таленту неабходны добры агульны ўзровень адукацыі і культуры. Асабліва ж крыўдна становіцца, калі мы не ўкладваемся ў тэрмін прадстаўлення дакументаў: паводле Палажэння аб прызначэнні заахвочванняў Фонду, ён акрэслены месяцам пасля сканчэння конкурсу. Аб гэтым паведамляе наш афіцыйны сайт. Летась да 15-годдзя стварылі і распаўсюдзілі дыскі, на якіх, сярод іншага, размясцілася і нарматыўная база, і нават узоры падачы заявак. Аднак і гэта не ўсе пакуль улічылі. Шкада, калі з-за недагляду дарослых застаецца без заслужанай узнагароды таленавітая моладзь...

 - Як, на вашу думку, можна ўнікнуць гэтых недарэчнасцей?

- Працаваць. На сённяшнім этапе, мне здаецца, над тым, каб усе рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы, якія праходзяць у краіне, улічвалі неабходнасць сумяшчальнасці палажэнняў з нарматыўнай базай Фонду. Прыкладам, Магілёўская вобласць сумесна з Міністэрствам культуры праводзіць шыкоўны Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка". У свой час мы падтрымалі гэты разнажанравы фэст, які цяпер стаўся надзвычай папулярным. Сёння арганізатарам "Залатой пчолкі" неабходна папрацаваць над Палажэннем, якое дадавала б фестывалю больш "канкурэнтнага складніка". А вось на мінулым пасяджэнні Савета з вялікім шкадаваннем давялося адмовіць цудоўным піяністам, якія прымалі ўдзел у конкурсе вельмі высокага рангу: на жаль, у яго Палажэнні таксама не быў дакладна прапісаны шэраг пазіцый. Нам трэба больш увагі звярнуць на якасць і арганізацыйна-тэхнічны складнік айчынных фестываляў і конкурсаў. Савет Фонду імкнецца кожную заяўку разглядаць індывідуальна. Каб першапачаткова ўнікнуць недарэчнасцей, неабходна ўлічыць усе верагодныя магчымасці - на гэта накіравана сумесная праца Савета Фонду, Міністэрства культуры і тых арганізацый і творчых калектываў, якія падаюць нам дакументы.

Новыя вектары падтрымкі

- Калі звярнуцца зноў да лічбаў, то за 16 гадоў Фонд прызначыў 2852 заахвочванні, сярод якіх - 275 грантаў, што былі накіраваны, у тым ліку, на набыццё неабходнага для творчасці абсталявання. Прынамсі, сёлета Акадэмія мастацтваў атрымала сродкі на стварэнне рэстаўрацыйнай майстэрні, а таксама калекцыі гістарычнага касцюма для тэатральнага факультэта, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў - на закупку духавых інструментаў...

- Летась Фонд упершыню прыняў рашэнне аб выдзяленні сродкаў на правядзенне стажыровак...

- Насамрэч, згодна з Палажэннем, здавён існавала магчымасць стажыровак. Увогуле, на старце было прапісана шмат, аднак з часам у заяўнікаў вымалявалася нейкая традыцыйнасць у падыходзе: дакументы накіроўваліся на самыя распаўсюджаныя намінацыі... Новая задача патрабуе наступнага, вельмі ўзважанага, крока: як эфектыўна арганізаваць стажыроўку, вызначыць сапраўды неабходныя беларускім творцам школы. Прынамсі, цяпер ідзе гаворка аб ВГИКу, Маскоўскай кансерваторыі, Марыінскім тэатры. Мы хочам выкарыстаць магчымасці не толькі замежных стажыровак, але і распачаць традыцыю рэспубліканскіх: у падобных майстар-класах зацікаўлены і педагогі, і навучэнцы.

- А ці з'явяцца ў спісе ўзнагароджаных прадстаўнікі раней неахопленых Фондам відаў мастацтваў?

- Ведаеце, для нас гэтае пытанне даўно відавочнае. Прынамсі, шукаем магчымасці падтрымаць маладых пісьменнікаў. Дбаем і пра журналістаў: журналістыка, як вядома, бывае рознай, таму проста неабходна паспрабаваць адзначыць газетных крытыкаў, эсэістаў, тэлевізійных рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў і г. д. Пакуль складана выбудоўваюцца стасункі з тэатральнымі дзеячамі, ёсць патрэба ўдасканалення сістэмы тэатральных конкурсаў, узгаднення іх палажэнняў і нашай нарматыўнай базы. Магчыма, сітуацыю, што склалася, здолеем выправіць, калі да разважанняў падключацца творчыя саюзы, выдавецтвы, рэдакцыі... Мы будзем толькі рады новым намінацыям. На нашых справаздачных выстаўках, калі ўважліва прыгледзецца, можна пабачыць "падказкі": на адной з іх мы акрэслілі месца для ўзораў прамысловага і бытавога дызайну, на іншай - для работ фотамастакоў...

 

Стымулы і перспектывы

- Ці шмат сярод стыпендыятаў прадстаўнікоў рэгіёнаў краіны?

- Статыстыка паказвае, што сёлета прадстаўлены ўсе раёны рэспублікі. Канешне, Мінск у гэтым спісе дамінуе, аднак прымем да ўвагі, што менавіта ў сталіцы месцяцца ВНУ Міністэрства культуры, шматлікія профільныя каледжы ды прафесійныя калектывы, і ва ўсіх іх, зноў-такі, навучаюцца і працуюць лепшыя прадстаўнікі абласцей Беларусі. Хочацца падзякаваць рэгіянальным кадрам за актыўнасць, за імкненне да павышення ўласнай творчай планкі, за бурную канцэртную дзейнасць, за настойлівае і часта выніковае скарэнне высакакласных міжнародных конкурсаў. Каб пашырыць магчымасці несталічных пляцовак, Фонд правёў шэраг справаздачных канцэртаў інструменталістаў з мясцовымі вядучымі аркестрамі. Па іх выніках лепшыя з лепшых з'ехаліся ў Мінск, дзе выступілі на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

- Папаўняецца і створаны нядаўна банк даных таленавітай моладзі....

 - Так, Фонд не толькі шукае, падтрымлівае, заахвочвае таленты, але і імкнецца прасачыць іх далейшы лёс. Цяпер у ягоны банк даных уваходзіць 1633 чалавекі. Згодна з яго звесткамі, з 388 заахвочаных па пэўнай спецыяльнасці працуе па ёй 377 чалавек. Сярод тых 1035, хто на момант атрымання ўзнагароды яшчэ навучаўся ў музычных школах, сярэднеспецыяльных установах, займаўся ў студыях і гуртках, 966 прадоўжылі адукацыю па профілі. Гэтыя факты дакладнай статыстыкі дазваляюць Фонду ганарыцца дастаткова добрым "трапляннем". Між іншым, званне стыпендыята Фонду дае магчымасць маладому спецыялісту на першачарговае размеркаванне, пэўныя надбаўкі і падтрымку будучага працоўнага калектыву. Пагадзіцеся, у моладзі ёсць стымул да плённай творчасці, калі яна не шукае месца працы, а выбірае з паступаючых прапаноў. Таму імкнёмся, каб з банкам даных стыпендыятаў загадзя знаёміліся ўсе зацікаўленыя ў маладых талентах прафесійныя калектывы, профільныя ўстановы.

 

Стаць на крыло

- Акрамя заахвочвання ўласна пераможцаў, Фонд мае магчымасць дапамагчы маладой зорцы трапіць на прэстыжную конкурсную сцэну...

- Так, аднак гэтаму папярэднічае карпатлівае ўдумлівае даследаванне: нашы эксперты павінны ўпэўніцца, што дадзены выканаўца здольны паспаборнічаць за прызавое месца. Мы трымаем планку патрабаванняў, каб Фонд аказваў дапамогу тым, для каго яна сапраўды неабходная. Радуе, што нашы стыпендыяты становяцца вядомымі не толькі ў прафесійных колах, але і шырокай публіцы. Сярод славутых імёнаў - дырыжор Віктар Бабарыкін, скрыпачка Улада Беражная, мастачка Алеся Скарабагатая, оперная спявачка Аксана Волкава, балярына Вольга Гайко... Яны - адны з найлепшых прадстаўнікоў свайго віду мастацтва, іхнія імёны адначасова з'яўляюцца пасланнем маладым і дарослым убачыць у мастацтве не "закансерваваную" гісторыю, а жывую сучаснасць, якая актыўна ствараецца на іх вачах. Іх поспех - гэта таксама запрашэнне для новага пакалення шукаць сябе ў розных творчых напрамках.

- За кожным з адораных і маленькіх дзетак, і маладых людзей стаіць таленавіты педагог, які дапамагае гэтаму дыяменту атрымаць неабходную агранку. Як з імі супрацоўнічае Фонд?

- Мы імкнёмся, каб усе прадастаўленыя Палажэннем магчымасці былі максімальна задзейнічаны. Неаднойчы адзначаліся тыя шматлікія выкладчыкі, якія адказна падыходзяць да падрыхтоўкі маладых творцаў, заахвочваюць выхаванцаў да шматлікіх спаборніцтваў і актыўнай канцэртнай дзейнасці, дзе назапашваецца неабходны вопыт. Цяпер узнімаецца пытанне аб тым, каб часцей праводзіць майстар-класы для педагогаў. Бачу, што дзейнасць нашага Савета падштурхнула тых прафесіяналаў, хто ўважліва сочыць за тым, што адбываецца ў яго галіне, даведацца, якія конкурсы існуюць у свеце, рэальна ацаніць свой узровень і вызначыць, куды рухацца далей. Удумлівая праца майстра дапамагае пазбегнуць другаснасці, імітацыі ў творчасці і прадставіць на суд гледачоў і нашай экспертна-мастацкай камісіі арыгінальныя праекты. Мяркую, здольнае дзіця можна да аўтаматызму "натаскаць" на выкананні пэўнага нумара, аднак неабходна задумацца аб тым, што будзе далей. Вельмі хочацца бачыць педагогаў, якія не "выціскаюць" тут і зараз з выхаванца ўсе сокі, а зберагаюць яго талент і для будучыні. Сённяшні конкурс павінен быць усяго толькі стартам для далейшага росту. І нашай асноўнай задачай з'яўляецца стварэнне агульнай культурнай прасторы, якая дапаможа юнаму таленту паступова дасягнуць творчых высот.

- Такім чынам, вы імкнецеся звесці дзяцей, моладзі, педагогаў, Фонду ў адзіную сістэму...

- Так, у адзіную шматпрыступкавую сістэму: у гэтым выпадку можна сфарміраваць сапраўды спрыяльнае асяроддзе для палёту думкі. Каб у айчынным мастацтве заззялі новыя імёны, нам неабходна абавязкова працягваць настойліва працаваць, бо створана цэласная дзяржаўная сістэма. Дадзенай дзейнасці Фонду па падтрымцы творчай моладзі пастаянную ўвагу надае Прэзідэнт нашай краіны. Гэтая праца і ёсць той самы "культурны булён", які будзе заўжды падсілкоўваць творчыя памкненні моладзі.

 Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"