Імклівы бег Геды

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Лёс мастака: ад Машэкаўкі да Сан-Ісідора

/i/content/pi/cult/324/5815/pic_19.jpgУ 20 - 30-я гады ХХ ст. імя гэтага таленавітага беларускага жывапісца, графіка і акварэліста было даволі вядомае ў нашай краіне. Выхаванец Магілёўскага Аляксандраўскага рэальнага вучылішча і Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучань М.Касаткіна, К.Каровіна і А.Архіпава, аднакласнік П.Корына і Б.Іагансона, член Саюза мастакоў БССР "першага прызыву" - з 1940 г., актыўны ўдзельнік найбуйнейшых выставак, уладальнік рэдкай для даваеннага часу Ганаровай граматы Вярхоўнага Савета БССР - усё гэта Канстанцін Мікалаевіч Геда. Але пасля Вялікай Айчыннай вайны ягонае імя цалкам знікае з прасторы савецкай выяўленчай культуры, і як склаўся далейшы лёс творцы, ніхто не ведаў. Быў мастак - і няма мастака... 

Праўда, у 1960 г. з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны некалькі твораў "невядомага" Геды па просьбе Алены Аладавай былі перададзены Дзяржаўнаму мастацкаму музею БССР. А да таго яны былі ў 30-я гады набыты ў аўтара Беларускім дзяржаўным музеем. Што яшчэ засталося ад Геды? Рэпрадукцыя яго карціны "Атака", надрукаваная 23 снежня 1940-га ў газеце "Літаратура і мастацтва", артыкул самога творцы ў "Звяздзе" (12 лістапада 1940 г.) пад назвай "Старонкі гераічнага мінулага, або Першая Конная на Паўднёва-Заходнім фронце ў 1920 годзе". Трэба сказаць, што шмат твораў Геды загінула на пачатку Вялікай Айчыннай пад час пажару ў магілёўскім Гістарычным музеі. Але сёе-тое захавалася: нейкія эцюды, фотаздымкі і невялічкая калекцыя акварэлей. Сярод іх - мастацка-дакументальныя творы, цалкам прысвечаныя Магілёву: "Від Старога горада з мастом", "Гарадскі пейзаж", "Куток рынку", "Від са званіцы", "Сабор Франца Іосіфа. Горад Магілёў", "Пушкін у Магілёве", "Магілёў. Спуск да Машэкаўкі ля крыжа", "Від на сінагогу", "Зіма", "Вяртанне з горада".

Акурат 20 гадоў таму ў часопісе "Наше наследие" з'явілася сведчанне: дачка Геды Ірына Канстанцінаўна, грамадзянка Аргенціны, падарыла Савецкаму фонду культуры некалькі графічных работ "рускага (?) мастака", эмігранта К.Геды. Там жа пазначаны і гады жыцця яе бацькі: 1891 - 1977. Аказваецца, Ірына Геда ў 1990-м наведала Савецкі Саюз і падарыла шэраг бацькавых акварэлей і малюнкаў некаторым музеям краіны, у тым ліку маскоўскаму Літаратурнаму музею Л.М. Талстога і Дзяржаўнаму музею выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна. Потым, ужо напрыканцы 90-х - пачатку 2000-х гадоў, і ў нашай прэсе дзякуючы мастацтвазнаўцам Л.Налівайка, С.Рыбаковай, С.Сачанка, С.Строгінай з'явіліся першыя публікацыі пра жыццё і творчасць К.Геды. Дарэчы, Святлана Строгіна ў сваёй кнізе "Сучаснае выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны" (2009 г.) прысвяціла Геду раздзел, што складаецца з двух старонак, з рэпрадукцыямі яго невялічкай настальгічнай карціны "На сенакосе" (маляваў у 1946 г. у Аўстрыі перад тым, як з'ехаць у Аргенціну) і пагруднага партрэта беларускай сялянкі (у нацыянальнай вопратцы), зробленага ў Магілёве ў 1938-м.

Але, тым не менш, на сённяшні дзень пра К.Геду ў шырокіх колах беларускай грамадскасці і нават сярод большасці мастакоў і мастацтвазнаўцаў амаль што нічога не вядома. Так ужо склаўся эмігранцкі лёс гэтага цікавага творцы...

Нарадзіўся Канстанцін Мікалаевіч у Вільні. Ягоны бацька быў суддзёй, які заўсёды ганарыўся тым, што сябраваў з самім Львом Талстым. А карані роду Гедаў "цягнуліся" да шведаў, якія прыехалі ў Расію ў 20-я гады XIX ст. Бацька нейкі час жыў у Пецярбургу, а потым пераехаў у беларускую Вільню, дзе 6 снежня 1891-га і з'явіўся на свет Косця. Дзіцячыя гады будучага мастака прайшлі ў мястэчку Жыздра, што непадалёк ад Вільні. Хутка разам з сям'ёй дзевяцігадовы хлопчык пераехаў у Магілёў, дзе праз нейкі час паступіў у Аляксандраўскае рэальнае вучылішча.

У Рэальным вучылішчы ён правучыўся два гады. /i/content/pi/cult/324/5815/pic_20.jpgЛюбоў да рысавання, асабліва- коней і вершнікаў, перамагла ўсе іншыя прыхільнасці, і ў 1910 годзе Канстанцін выправіўся ў Пецярбург, дзе стаў наведваць нейкую прыватную мастацкую студыю. Але штосьці там не заладзілася, і праз два гады юнак з'ехаў у Маскву. Тут яго чакала знакамітае Вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. У незавершаным артыкуле 1966 года "Пра рэалізм і яго сутнасць" мастак пісаў, што яшчэ ў гады вучобы ў Магілёўскім рэальным вучылішчы і потым - у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства паняцце "рэалізм" стала для яго асноватворным эстэтычным прынцыпам. Ён разважаў: "Жыццё настолькі складанае, што не даводзіцца здзіўляцца таму, што і праявы рэалізму могуць прымаць вельмі розныя формы... Праявы рэалізму можна прасачыць цягам усіх стагоддзяў развіцця чалавечай культуры - ад дагістарычнага пячорнага чалавека і да нашых дзён. Ва ўсялякай культуры існуюць рысы рэалізму як адчування навакольнага свету..."

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Геда першым са студэнтаў запісаўся ў армейскі санітарны атрад, каб дапамагаць на полі боя параненым рускім салдатам. І рабіў сваю справу вельмі прафесійна. Таму дыплом вучылішча атрымаў пазней прызначанага тэрміну: толькі ў год заканчэння вайны. Але на выстаўках пачаў экспанавацца ўжо з 1915-га. А праз тры гады, летам 1918 г., уступіў у прафесійны Саюз мастакоў Масквы і атрымаў членскі білет № 627. Потым дазнаўся, што ў Магілёве, горадзе яго юнацтва, вызвалілася вакансія настаўніка рысавання, ды адразу пераехаў туды. І так здарылася, што ўсе 20-я гады ён актыўна займаўся педагагічнай дзейнасцю. Але ў наступнае дзесяцігоддзе, маючы цесныя сувязі з мясцовым Гістарычным музеем (для ўстановы Геда ствараў гістарычныя і батальныя карціны), цалкам аддаецца творчай рабоце. Як ужо казаў, у самым пачатку Вялікай Айчыннай музей з усімі яго экспанатамі згарэў пад час бамбёжкі, і амаль усе створаныя да вайны творы Геды, якія знаходзіліся там, загінулі. А гэта былі такія шматфігурныя кампазіцыі, як "Паўстанне Севярына Налівайкі" (кіраўнік сялянска-казацкага паўстання канца XVI cт. ва Украіне і ў Беларусі), "Дуэль Пушкіна з Дантэсам", "Атака Чырвонай конніцы", "Цыган на кірмашы купляе каня".

Апошняя работа вельмі характэрная для ўсёй праграмнай творчасці мастака, звязанай з адлюстраваннем сялянскага побыту, жыцця, звычак і нораваў простых людзей, якія, як правіла, мелі адносіны да... коней. Шчырую любоў да жывёл я бачыў толькі ў карцінах такіх мастакоў, як Тэадор Жэрыко, Эжэн Дэлакруа, Мікалай Свярчкоў, Леанід Шчамялёў, можа, яшчэ ў Брулова, Васняцова, Валянціна Сярова, Грэкава, Пятрова-Водкіна ... Усіх іх разумею, бо конь па-сапраўднаму надзвычайны ва ўсіх ракурсах: і ў фас, і ў профіль, і ў руху, і ў спакоі, і на скачках, і на выездах, і ў імклівай атацы, і на начлегу, і проста як утылітарны сродак перамяшчэння. У гэтым сэнсе К.Геда быў віртуоз. У 1939 годзе яго жывапісная велізарная карціна "Табун коней" карысталася вялікім поспехам у Беларускім павільёне Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве, а потым з'явілася не менш таленавітае палатно "Першая Конная...". Кампазіцыя вясны 1941 года - "У знатнага конюха" была апошняй у даваеннай творчасці мастака. Уся далейшая "конная" выяўленчая эпапея К.Геды працягвалася ўжо за акіянам, у далёкай Аргенціне...

Якая канкрэтная прычына змусіла Геду пакінуць радзіму, невядома. Магчыма, спалохаўся, што можа трапіць пад сталінскія рэпрэсіі, бо не эвакуіраваўся і жыў у акупаваным Магілёве. Як вядома з успамінаў дачкі мастака Ірыны, у 1937-м сваякі яго маці былі рэпрэсіраваны, і гэта таксама магло адбіцца на псіхалагічным стане Геды перад тым, як у 1944-м ён пакінуў радзіму. Пасля вайны ўсялякае бывала з такімі, як ён, дзеячамі мастацтва. Хаця, па вялікім рахунку, амаль ніхто з беларускіх мастакоў, якія знаходзіліся ў акупацыі і якія заставаліся чыстымі перад Айчынай, пасля вайны не пакутаваў. Але хто ведаў пра гэта ў 1944-м?

Спачатку Геда жыў у аўстрыйскім горадзе Зальцбургу, дзе выконваў дэкарацыі для рускага тэатра бежанцаў. У канцы 1948 г. сям'я з вялікай групай бежанцаў з Савецкага Саюза пераязджае ў Аргенціну і пасяляецца ў Буэнас-Айрэсе. Менавіта ў гэты час Прэзідэнт Аргенціны Хуан Дамінга Перон выдаў указ аб прыманні ў сваю краіну 10 тысяч рускіх, беларусаў, украінцаў, незалежна ад іх узросту і сямейнага становішча. І сюды рынуліся і так званыя прымусовыя перасяленцы, учарашнія савецкія ваеннапалонныя, і людзі, якія з розных прычын у гады вайны знаходзіліся на акупаваных тэрыторыях СССР, і эмігранты, якія яшчэ да вайны пражывалі ў краінах Еўропы, у тым ліку былыя белаэмігранты. Сярод іх былі, канешне, і тыя здраднікі, хто супрацоўнічаў з фашыстамі і такім чынам хаваўся ад пакарання. Словам, гэта была цэлая хваля папаўнення разнашэрснай славянскай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы пасля Другой сусветнай вайны. Паводле некаторых звестак, у канцы 40-х- пачатку 50-х гадоў у Аргенціне апынулася больш за 30 тысяч беларусаў, уключаючы і беларускіх эмігрантаў з усходнееўрапейскіх краін. Такім чынам, і наш Канстанцін Геда знайшоў сваю асабістую "нішу" на аргенцінскай зямлі, дзе прайшлі апошнія 30 гадоў яго жыцця і дзе 5 сакавіка 1977-га знайшоў апошняе месца вечнага спачыну.

Зразумела, у сваім жыццёва-творчым асяроддзі Геда быў не адзінокі. Ён мог сустракацца з таварышамі па эміграцыі: мастакамі Канстанцінам Паповым, Анатолем Сакаловым, Барысам Крукавым, Багдасарам Айвазянам, Ігарам Шмітавым - усе яны пакінулі прыкметны след у мастацтве Аргенціны. Двойчы наведваў у двухпавярховым доме на ўскраіне Буэнас-Айрэса выдатнага скульптара-мардвіна, эмігранта з 1926 г., Сцяпана Эрзю-Няфёдава. Праўда, ён хутка, ужо ў 1950 г., вернецца на радзіму, у Расію.

Асабліва добрыя творчыя стасункі склаліся ў Геды з выдатным рускім пісьменнікам-эмігрантам Міхаілам Карацеевым, большасць гістарычных раманаў якога (асабліва з трылогіі "Русь і Арда") Канстанцін Мікалаевіч праілюстраваў на самым высокім узроўні. Я маю на ўвазе такія кнігі, як "Цэтлік вялікага хана", "Карач-Мурза", "Жалезны кульгавы", для якіх мастак у 70-я гады стварыў больш за 100 малюнкаў, дзе выявіў не толькі надзвычайныя веды далёкай старадаўняй эпохі, але і рэдкае кампазіцыйнае майстэрства і ўнікальны прафесіяналізм рысавальшчыка. Гэтыя ілюстрацыі вельмі падабаліся і самому аўтару раманаў, які, дарэчы, жыў у асноўным ва Уругваі, аднак часта прыязджаў у Буэнас-Айрэс, каб сустракацца з мастаком. Ды і свой першы раман пісьменнік надрукаваў менавіта ў аргенцінскай сталіцы.

Але ўся гэтая "кніжная эпапея" Геды адбылася значна пазней: да мастацкага афармлення кніг Карацеева павінна было прайсці амаль 20 гадоў. І за гэты час у жыцці і творчасці мастака, як у большасці эмігрантаў, здаралася ўсякае: і добрае, і кепскае. Адразу ж пасля прыезду ў Буэнас-Айрэс Геда ўладкаваўся настаўнікам рысавання ў школе, але ўвесь свабодны час аддаваў творчай рабоце. Вынікі з'явіліся хутка. Ягонае імя як бліскучага анімаліста стала вядомае далёка за межамі аргенцінскай сталіцы. У асноўным, гэта былі карціны, замалёўкі і эцюды з жыцця простых людзей Аргенціны і настальгічныя ўспаміны пра Беларусь. Сярод яго твораў асабліва вартыя ўвагі тыя, што прысвечаны гауча - старадаўняй этнічнай групе людзей (ад шлюбаў іспанцаў з карэннымі жыхаркамі Аргенціны), якія як цудоўныя вершнікі і дзівосныя знаўцы коней займаліся пастухоўскай працай. І на карцінах Геда заўсёды адлюстроўваў сваіх любімых коней: імклівы бег табуноў, скачкі на іпадроме ў Сан-Ісідоры, спаборніцтва гауча і г. д. ("Бег", "Прыручэнне коней", "Знаёмства", "Вада для гауча", "Гауча на прывале"). Не цураўся творца і псіхалагічных партрэтаў родных і знаёмых: "Партрэт дачкі Ірыны", "Пісьменнік Бародаў", "Партрэт жанчыны", эцюды дзіцячых галовак. Алей, вугаль, акварэль, аловак, сангіна, палатно, кардон, папера - былі заўсёды пад рукой.

Але радзіма - Беларусь - не давала спакою мастаку, ён ніколі не забываў яе. І, валодаючы ўнікальнай памяццю, увесь час распрацоўваў сюжэты з беларускага сялянскага жыцця ("На сенажаці", "Кірмаш", "Беларускі селянін", "Ля калодзежа", "Прадавец", "На паляванні", "Руская тройка зімой" ды іншыя) Некаторыя з гэтых твораў я бачыў у рэпрадукцыях, і ў мяне склалася такое ўражанне, што мастак маляваў усё гэта быццам бы з натуры: настолькі ярка і ўражальна пададзены вобразы, дэталі, атрыбуты і- галоўнае - душэўны беларускі настрой. Невыпадкова яго творы купляюць нарасхват, каб упрыгожыць інтэр'еры дамоў матэрыяльна забяспечаных славян-эмігрантаў, ды і багатых аргенцінцаў.

Аднак жыццё ў Аргенціне для мастака было не ў такой ступені бясхмарным, як гэта можа падацца на першы погляд. Складанасцей было шмат, асабліва ў творчым плане. Арганізацыя выставак у галерэях і музеях каштавала вельмі дорага, і толькі ў 1953-м Геду ўдалося зладзіць персанальную экспазіцыю ў прэстыжнай галерэі Буэнас-Айрэса - "Ван Рыэль"; яшчэ адзін невялічкі паказ яго твораў адбыўся ў гарадской школе, некаторыя карціны экспанаваліся ў гарадах Расарыа, Сан-Нікалас, Мар-дэльПлата, Тукуман. А вось першая і апошняя персанальная выстаўка Канстанціна Геды на Радзіме прайшла толькі ў 2003 годзе, у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава. Яна была арганізавана з дапамогай Алега Макаранкі, пляменніка жонкі творцы...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"