Венецыянскі тэкст пад назвай “Беларусь”

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

“Kodex” Нацыянальнага павільёна краіны

/i/content/pi/cult/324/5812/pic_4.jpg3-га чэрвеня дзяку/i/content/pi/cult/324/5812/pic_3.jpgючы ініцыятыве і фінансавым сродкам Міністэрства культуры краіны, а таксама падтрымцы генеральнага спонсара - "Прыорбанка" - на 54-м Венецыянскім біенале адкрыецца Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь. Праект, які цягам свайго канцэптуальнага напаўнення выклікаў столькі абмеркаванняў і непадробнай цікавасці, нарэшце атрымае сваё канчатковае ўвасабленне. Што ўбачыць еўрапейская, ды не толькі, публіка на, умоўна кажучы, куточку "terra Belarus" у прасторы знакамітага і прэстыжнага форуму? Як будзе выглядаць экспазіцыя выстаўкіпраекта? "К" даведалася аб падрабязнасцях, звярнуўшыся да творчай і тэхнічнай групы беларускай каманды.

 

Ідэя

"Kodex" - такую назву носіць праект, які мае прадставіць беларускае сучаснае мастацтва на "la Biennale di Venezia". Ён прапаноўвае ідэю сучаснай інтэрпрэтацыі афармлення тэксту, пададзеную праз работы пяці творцаў: Юрыя Алісевіча, Артура Клінава, Кастуся Касцючэнкі, Віктара Пятрова і Дзяніса Скварцова.

На думку куратара Нацыянальнага павільёна, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесара Міхаіла Баразны, "Kodex" цалкам адпавядае заяўленаму дэвізунапрамку сёлетняга Венецыянскага біенале - "ILLUMInations", што можна перакласці як "ілюмінацыі", ці "асвечаныя нацыі"... "У часы Дантэ ілюмінатарам называлі мастака, які сродкамі мініяцюры тлумачыў тэкст: гэта быў папярэднік сённяшняга ілюстратара або дызайнера, - прапанаваў "К" сваю трактоўку Міхаіл Баразна. - Наш праект ставіць за мэту ўзнавіць гэты сэнс слова. Кожны з мастакоў-удзельнікаў аздабляе тэкст сваімі выяўленчымі сродкамі. Што гэта за тэкст? Назавём яго "Беларусь"...".

Іншымі словамі, кожны творца сродкамі сваёй мастацкай мовы - жывапіс, перформанс, скульптура, медыя, інсталяцыя, малюнак - праз пэўныя ідэі і вобразы мусіць распавесці пра культуру Беларусі, яе мінулае, сучаснае. Вядома, гэты расповед будзе адбывацца на канататыўным узроўні, выводзячы на першы план персанальны мэсэдж, пасланне мастакоў свету. Але - менавіта тое, што хаваецца між радкамі персанальных наратываў і будзе ў выніку складаць аснову ўспрыняцця беларусаў як нацыі, якая мысліць сучасна.

"Kodex" - гэта яшчэ прызабытая назва кнігі, распаўсюджаная ў мінулых стагоддзях.

 

Увасабленне: агульнае праз прыватнае

Каб уявіць сабе экспазіцыю, што будзе прадстаўлена на Венецыянскім біенале, "К" вырашыла разабраць "агульнае цэлае" на асобныя часткі і прапанавала кожнаму мастаку распавесці пра сваю працу ў праекце.

 

/i/content/pi/cult/324/5812/pic_11.jpgЦела свету

Кастусь Касцючэнка:

- Мая скульптурная работа мае назву "Распяцце". Яна ўяўляе з сябе старонку Бібліі, якая павольна пераходзіць у мужчынскі торс, у раскрыжаванага, умоўна кажучы, чалавека. Малітва, якую можна прачытаць на старонцы, ператвараецца на целе распятага ў татуаж. Я імкнуўся данесці ідэю: цела чалавека - гэта цела свету, якое трымаецца да той пары, пакуль дзейнічаюць запаветы Бібліі, запаведзі, што Бог даў людзям. Ісціны, прапісаныя ў Кнізе кніг, што людзі імкнуцца выконваць, даюць спадзеў на далейшае жыццё. Вось такое маё асабістае пасланне. Што да тэхнічных момантаў - скульптура зроблена з пластыку. Мне хацелася выкарыстаць усе магчымасці гэтага матэрыялу, і таму было вырашана зрабіць яе ярка-чырвонага колеру. Існавала версія пафарбаваць скульптуру ў залаты, "пад бронзу", але потым я спыніўся на чырвоным: так яна выглядае больш сучасна і выразна. Ці магчымы былі іншыя сродкі для ўвасаблення маёй ідэі? Адзінае, што мне трэба было ўлічваць: скульптура не павінна быць вельмі цяжкай - усё ж такі пытанне з транспарціроўкай трэба браць пад увагу. Цяпер яна важыць прыкладна 100 кг. У астатнім я быў абсалютна вольны і абраў пластык, таму што ён падаўся мне найбольш удалым матэрыялам для ўвасаблення маёй думкі.

 

/i/content/pi/cult/324/5812/pic_8.jpgТры ў адным

Віктар Пятроў:

- Мае работы будуць прадстаўлены, так бы мовіць, у некалькіх катэгорыях: жывапіс, малюнак, перформанс, камп'ютарная графіка. Калі падрабязней, у экспазіцыі ўдзельнічаюць некалькі жывапісных твораў і адзін вялікі каляровы малюнак - 4х4 метры. Гэта "Апакаліпсіс. Папярэджанне". Ён створаны даволі даўно, але спецыяльна для Біенале быў зменены і дапрацаваны. Я імкнуся ў мастацтве выказвацца на сур'ёзныя тэмы, і, у прыватнасці, гэты твор, які выкананы ў чырвоным колеры, з'яўляецца пэўным знакам - папярэджаннем чалавецтву. На маю думку, сёння людзі падзяліліся на два палярныя сегменты: ёсць тыя, хто ідзе за Хрыстом, за Бібліяй, і тыя, хто не робіць гэтага. Магчыма, для кагосьці ўзнятае пытанне і не падаецца актуальным, але для мяне выказацца ў падобным ключы - справа прынцыповая. Занадта шмат у нашым мастацтве "лёгкіх" тэм, а, на маю думку, творца ў першую чаргу мусіць падштурхоўваць грамадства да размовы на такім узроўні. /i/content/pi/cult/324/5812/pic_7.jpgПрыкладна на гэткую ж тэму я "выкажуся" і ў перформансе. Сімволіка шасці колераў будзе абыграна ў дзеі, але ў якім фармаце гэта будзе зроблена - не здолею зараз апісаць. Асобным блокам будуць прадстаўлены фотаздымкі маіх перформансаў, зробленых за пятнаццаць гадоў дзейнасці. І апошняя частка майго ўдзелу - лічбавыя малюнкі, якія будуць дэманстравацца на маніторы. Іх дакладная колькасць - 320. Я выконваў іх з дапамогай лічбавай праграмы. Такая тэхніка дае сваю спецыфіку: яна стварае поле для эксперыментаў. І на гэтай лічбавай мове я ўжо прадставіў не толькі канцэптуальныя работы, але і творы абстрактнага характару, на агульначалавечыя тэмы, якія часта распрацоўваюць мастакі.

 

"Прамалёўваю паўсядзённасць". Інтэрактыўна /i/content/pi/cult/324/5812/pic_6.jpg

Юрый Алісевіч:

- "Маё асяроддзе" - такую назву носіць праект за маім аўтарствам у агульнай экспазіцыі. Гэта малюнкі, зробленыя гелевай ручкай на звычайнай паперы. Яны падобныя да накідаў, інтэр'ерных замалёвак - і сапраўды, я фіксую дэталі маіх інтэр'ераў: дома, майстэрні, месца працы... Іншымі словамі, я прамалёўваю сваю паўсядзённасць: з якіх дробязей яна ўтвараецца, што яе складае... Цікава, але пэўную ролю ў гэтых працах выконваюць подпісы: я падпісваю, якога колеру элементы інтэр'ераў. Да прыкладу, падаконнік - белы, фон - чырвоны, драпі-__ роўка - сіняя, і атрымліваецца, што кожны, прачытаўшы апісанне, можа "пафарбаваць" у думках маё асяроддзе ў згаданыя колеры. Адбываецца нешта кшталту інтэрактыўнай гульні. У цэлым, было б сумна без гэтых подпісаў-"падказак" - нават у кампазіцыйным плане. А так ёсць момант стылізацыі, гульні, пэўнай іроніі, жарту. Мне падаецца, мае творы ўяўляюць з сябе гэткае акенца ў наша жыццё, у паўсядзённасць. І графічная падача гэтай рэальнасці надае ўбачанаму магчымасці разнастайных прачытанняў. Ці даўно я працую ў падобнай тэхніцы? Так, са студэнцкіх гадоў. Было шмат замалёвак, якія першапачаткова разглядаліся як падрыхтоўчыя малюнкі да станковых работ у колеры, але паступова гэта ўсё "перарасло" ў самастойны від мастацтва.

 

/i/content/pi/cult/324/5812/pic_12.jpgТрактоўка кіно

Дзяніс Скварцоў:

- Мая частка - гэта фільм "ББС". Вядома, што кіно можна трактаваць таксама як малюнак - малюнак святлом. Герой карціны імкнецца намаляваць, сфармуляваць свае жаданні і зрабіць іх такім чынам рэальнымі. Калі штосьці адбываецца на палатне - значыць, што пэўная частка памкненняў спраўдзілася. Выяўленне гэтай пачуццёвай хвалі, гэтага нерву нашых жаданняў я імкнуўся перадаць у сваім кіно, якое, можа быць, і не кіно зусім.

 

Версія "...Вячэры" з алюзіямі 

Артур Клінаў:

- Праект з маім удзелам мае назву "Таемная вячэра", і мінскія гледачы маглі яго бачыць год таму на выстаўцы "Дах". У новай версіі работы лепш прапрацаваны фігуры, але яе сутнасць - "даслоўная" копія вядомага твора "Таемная вячэра" Леанарда да Вінчы - засталася. Праект зроблены з саломы, і, улічваючы невялікія памеры Павільёна краіны на Венецыянскім біенале, ён мусіць быць падвешаны пад столлю на вышыні 3 - 3,5 метра. У гэтым ёсць сэнс, таму што арыгінал Леанарда таксама знаходзіцца на вышыні ў міланскім кляштары Санта-Марыя-дэле-Грацыя, - узнікае такая прамая алюзія на арыгінал. Адзінае адрозненне - копія вядомага твора створана аб'ёмная, і можна будзе паглядзець на яе, так бы мовіць, з усіх бакоў. Салома - гэта такі тра/i/content/pi/cult/324/5812/pic_5.jpgдыцыйны матэрыял: у добрым святле ён будзе выглядаць, нібы золата, плюс да ўсяго, каб стварыць адпаведны эфект, мы яго наўмысна пазалацілі. Праектамі з саломы я займаюся гадоў дзесяць. Сярод іх - работа "Салодкае саламянае жыццё", і вось цяпер я распачаў цыкл рымейкаў на творы вядомых класікаў. Прынамсі, "Таемная вячэра" - першая з гэтага цыкла, улетку запланаваны рымейкі на Веласкеса, Рэмбранта, Сальвадора Далі... Чаму я абраў менавіта салому? Яна падаецца мне вельмі філасофскім матэрыялам: з аднаго боку, увасабляе хараство, раскошу цывілізацыі, манументальнасць, а з іншага - кожны прадмет, зроблены з саломы, у маёй інтэрпрэтацыі ўяўляе з сябе гэткі ўзор распаду матэрыі. І вось падобнае спалучэнне золата, пышнасці і распаду - мяне прываблівае, цікавіць. У "Таемнай вячэры" гэты канфлікт, на маю думку, яшчэ больш узмацняецца. Што сёння ёсць вера? Хрысціянства? Ці дзейнічаюць у наш час, увогуле, маральныя каноны? Або ўсё гэта толькі фікцыя? Відавочна, што, у пэўным сэнсе, свет знаходзіцца ў маральным тупіку. І калі не зрабіць гэты выбар - куды ўсё пакоціцца? Так, у ранейшай версіі праз салому прарастала трава, і гэта быў такі пазітыўны мэсэдж, але цяпер зрабіць гэта тэхнічна немагчыма. Няма часу і магчымасцей. Тым больш, аб'ект будзе вісець у прасторы, і глядач не здолее ўбачыць зялёных парасткаў.

 

/i/content/pi/cult/324/5812/pic_9.jpgЭкспазіцыя

Тое, што пабудова экспазіцыйнай прасторы стварае пяцьдзясят, калі не больш, працэнтаў поспеху выстаўкі, напэўна, ні для кога не з'яўляецца адкрыццём. 170 метраў беларускага павільёна - гэта не тая прастора, якую назавеш вялікай. Тым не менш, архітэктару беларускай экспазіцыі Міхаілу Шыкаву задача стварыць запамінальную кропку ў маршруце патэнцыйнага прыхільніка сучаснага мастацтва не падалася невырашальнай.

Міхаіл Шыкаў:

- Павільён, у якім будуць экспанавацца работы беларускіх мастакоў, не зусім прыстасаваны для выстаўкі сучаснага мастацтва: шмат месца ў зале "забіраюць" офісныя памяшканні. З іншага боку, сцены офісных пакояў дазваляюць замацаваць на іх экспазіцыйныя аб'ёмы, у той час як выкарыстанне муроў гістарычнага будынка, дзе месцяцца тыя офісы, увогуле амаль немагчымае. Згодна з італьянскімі законамі, мы нават цвіка ў падобную сцяну не можам убіць без папярэдніх дазволаў і ўзгадненняў.

Архітэктура беларускай экспазіцыі распрацавана, так бы мовіць, па закальцаваным сцэнарыі: ад прыватнага - да агульнага, і наадварот. Я ахарактарызаваў бы яе як шматпланавую экспазіцыю, сціплую, але - з пачуццём уласнай годнасці. Кожны госць, наведаўшы яе, мусіць займець сваё асабістае меркаванне ад убачанага.

Калі правесці своеасаблівую віртуальную экскурсію па павільёне, трэба пачынаць з двара. Там ля ўвахода наведвальнікаў будзе вітаць яскравая скульптура Косці Касцючэнкі, якая размесціцца на празрыстым пастаменце. Яна будзе нібыта лунаць у паветры над каналам. Вертыкальны банер на будынку з колерамі Дзяржаўнага сцяга паведаміць аб тым, мастацтва якой краіны прадстаўлена ў памяшканні.

Адкрываецца экспазіцыя аб'ёмам вышынёй у чатыры метры. Паралелепіпед, адзін бок якога пафарбаваны ў белы колер, другі - у чорны, прадставіць твор Віктара Пятрова "Апакаліпсіс. Папярэджанне" і фільм Дзяніса Скварцова, што будзе дэманстравацца на экране, уманціраваным у адзін з бакоў чатырохкутніка.

Далей на сценах памяшканняў размесцяцца праекты Юрыя Алісевіча і Віктара Пятрова: творы першага насупраць работ другога.

Экспазіцыю прадоўжыць аб'ёмны трохкутнік: на /i/content/pi/cult/324/5812/pic_10.jpgадным яго баку ў зробленых акенцах будзе прадстаўлена творчасць Юрыя Алісевіча (яму была прапанавана прастора, якую ён распісаў), на другім баку - на маніторы прадэманструюць лічбавыя малюнкі Віктара Пятрова.

На другім падобным трохкутніку, які будзе размешчаны трохі далей, - відэаэкспазіцыя фотаздымкаў перформансаў Віктара Пятрова і яго жывапісная работа "Марфа і Марыя". Яна стварае моцны колеравы акцэнт. Тут жа, на сценах, - жывапісныя творы мастака малых форм.

Кульмінацыяй выстаўкі стане арт-аб'ект Артура Клінава, які будзе вісець на тросах на вышні больш за тры метры. Арт-аб'ект - вялікі: 5,5х1,5 метра, але ён стварае неабходную вертыкаль, якая робіць усё экспазіцыю кампазіцыйна завершанай. Беларускі павільён з'яўляецца, так бы мовіць, шляхам да іншых павільёнаў. І я наўмысна зрабіў яго канструкцыю гэткай, каб ён прачытваўся і ў адваротным парадку: як з увахода да выхаду, так і з выхада да ўвахода. Каб наведвальнік, азірнуўшыся, захацеў прайсці яго яшчэ раз.

 

■ ■ ■

 Вядома, што, пры ўсіх намаганнях, мы не здолеем аб'ектыўна і ўсебакова ацаніць будучы праект. Як ніколі справядліва тут гучыць выслоўе: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Тым не менш, агульнае ўяўленне аб тым, што прадставіць Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале, чытачу, спадзяёмся, удалося атрымаць. Вердыкты і персанальныя ўражанні - за тымі, хто ўбачыць усё на ўласныя вочы.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"