Жыві ў радасці, сям’я!

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

IV Рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці!” сабраў у Слоніме ансамблі з усіх рэгіёнаў Беларусі. З 13 па 15 мая сямейныя калектывы дэманстравалі мастацтва песні, музыкі, танца, традыцыйных рамёстваў.

Аргументы і факты свята

Міністр культуры Беларусі Павел Латушка накіраваў гасцям і ўдзельнікам свята прывітанне: "У чарговы раз на гасціннай слонімскай зямлі, адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі, адбываецца цудоўнае свята, якое збірае разам артыстаў і майстроў, аматараў і прафесіяналаў, аб'яднаных памкненнем захоўваць і развіваць традыцыі сямейнай мастацкай творчасці. І сапраўды: што можа прынесці большую радасць чалавеку, чым узаемаразуменне і павага, добразычлівае стаўленне адно да аднаго - усё тое, што называецца такім важным словам - "сям'я".

Гэтым разам у Слонім прыехаў дваццаць адзін сямейны і сямейна-роднасны калектыў, восем майстроў - усяго звыш 200 чалавек. Калі казаць пра гісторыю свята, дык мінулы фестываль адбыўся ў 2007 годзе, а яго "папярэднік"- ажно ў 1997м. Але мясцовыя ўлады маюць намер зрабіць яго "візітоўкай" горада, праводзіць з перыядычнасцю раз на тры гады і пашыраць колькасна ды якасна. Удзельнікі ўпэўнены ў неабходнасці такога рэспубліканскага свята, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць магчымасць выступаць штогод на абласных фестывалях сямейнай творчасці. У Слоніме можна пабачыць, як развіваюцца падобныя калектывы ў іншых рэгіёнах.

Карона - "Кроне"

Канцэрт адкрыцця, што складаўся з лепшых нумароў творчых калектываў, сабраў у РДК паўнюткую залу. Пасля яго мясцовая жыхарка, ведучы за рукі двух маленькіх дзяцей, агучыла ў гутарцы з сяброўкай і маю думку: "Канцэрт быў цікавы, але заўтра, пад час конкурсу, будзе яшчэ лепшы!" І яшчэ цягам двух дзён назірала ў глядзельных залах Слоніма і аграгарадка "Сянькоўшчына" іншую маладую сям'ю з дачушкай: яны ад душы апладзіравалі ўсім выканаўцам і проста адпачывалі. Ды і зачароўвалі ўдзельнікі прафесійнасцю і харызматычнасцю, імпэтам і... еднасцю. Пэўна, няма больш моцнага ансамбля, чым той, які складаецца з членаў сям'і, дзе маладыя захапляюцца створаным старэйшымі.

Найбольшую ўвагу гледачоў і журы прыцягнуў сямейны ансамбль "Крона" Ракаўскага ЦК з Валожыншчыны, які заваяваў Гран-пры. Існуе калектыў каля паўстагоддзя, сёння ў яго складзе граюць чацвёра дзяцей, і адзін з малых артыстаў яшчэ нават не ўмее размаўляць (але скарыў усіх гледачоў непасрэднасцю!). Уразіла "Крона" аўтэнтычнымі спевамі ды ігрой на старадаўніх інструментах.

Па меркаванні журы, гэты ансамбль можа стаць узорам і ў аднаўленні касцюма: у раёне ён быў страчаны, але ўдзельнікі калектыву здолелі яго вярнуць з нябыту. Кіраўнік Хрысціна Лямбовіч адзначае, што дасягнуць адпаведнасці традыцыям дапамаглі даўнія фотаздымкі графа Тышкевіча: па іх і былі створаны копіі строяў.

Дынаміка адкрыццяў

 Выклікаў авацыі народны ансамбль сям'і Абібокаў Запясоцкага СК Жыткавіцкага раёна. Сям'я Кузняцовых з Мазыра - заснавальнікі знакамітай цыркавой студыі "Арэна" - прыехала на фестываль з акрабатычнымі нумарамі і была адзінай ў гэтай незвычайнай і відовішчнай намінацыі. Народны сямейны ансамбль "Славяначка" са Слонімшчыны і сямейна-роднасны ансамбль "Сваякі" з Асіповіччыны прывабілі артыстычнасцю, пазітывам.

 А самым нечаканым было выступленне сямейнага ансамбля Тульвінскіх "BREVIS" са сталіцы. Бацька з маці, дочкі з мужамі, дзеці і ўнукі ўдала аб'ядналі цымбалы, фартэпіяна, барабаны, бас-гітару і флейты. Лідар калектыву Віктар Тульвінскі падзяліўся сакрэтам поспеху: "У нас кожны грае на тым інструменце, які яму падабаецца, і, у выніку, атрымліваецца адзіная мелодыя. Мы граем класіку, беларускія і рускія народныя песні, ствараем уласную музыку,- і публіка захапляецца! На ўсіх фестывалях, дзе мы бываем, заваёўваем узнагароды". Гэтым разам ансамбль стаў лаўрэатам I ступені. Суразмоўца адзначыў, што ансамбль з'яўляўся ўдзельнікам другога фестывалю "Жывіце ў радасці!" у 1997-м, і, дзякуючы стасункам з іншымі ўдзельнікамі, з'явілася ідэя стварыць асобны калектыў старадаўняй музыкі. Сёння "BREVIS" мае шэсць альбомаў, ён адзначаны спецфондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Што да намінацыі "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", то тут перамогу атрымала сям'я Басінскіх з вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна. Яна працягвае традыцыі падвойнага ткацтва, працуючы ў мясцовым літаратурна-краязнаўчым музеі, дзе ствараюцца прыгожыя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, сурвэткі.

 Вынік - у развіцці

Член журы - старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута выказаў спадзяванне, што ў наступным фестывалі будзе ўдзельнічаць не дзве - тры творчыя сям'і ад кожнай вобласці, а нашмат больш: "Іх у адным рэгіёне дзясяткі. Хацелася б, каб на форум прыязджалі сотні калектываў. Гэта будзе вялікае свята сямейнай культуры! Але ўжо сёння ўсе ўдзельнікі робяць вялікую справу". Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка зазначыў карэспандэнту "К", што наступным разам фестываль можа стаць міжнародным: "Я не мару аб гэтым, а проста ўпэўнены, што сюды будуць прыязджаць сямейныя калектывы з-за мяжы. У Слоніме будзе пабудаваны новы гатэль, запросім да арганізацыі свята спонсараў. Сярод усіх форумаў Гродзеншчыны гэты ззяе асаблівым дыяментам: ён самы цёплы, добры, ўтульны. Мы разумеем, што творчая сям'я - наш нацыянальны здабытак". А старшыня Слонімскага райвыканкама Іосіф Паўлюковіч паабяцаў, што наступным разам свята будзе значна больш гучным для горада дзякуючы шматлікім новым мерапрыемствам.

На здымках: ансамбль "Крона"; сям'я Басінскіх.