На вуліцы Духоўнасці

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Галоўным рэжысёрам сёлетняга Дня беларускага пісьменства выступае Ніна ВОСІПАВА. Пра ўсе адметнасці і сюрпрызы свята мы з ёй і гутарым.

 /i/content/pi/cult/127/581/Na vulicy duhounasci.jpg
Ніна Віктараўна, у нашай краіне ўжо склаўся шэраг, так бы мовіць, “вандроўных святаў”, якія штогод “пераязджаюць” з аднаго малога горада Беларусі ў другі. Такая практыка, верагодна, вымагае і адпаведнага рэжысёрскага падыходу да самой канцэртнай пляцоўкі — штогод новай?
— Шклоў — горад з надзвычай багатай гісторыяй. Але, на жаль, у ім захавалася няшмат архітэктурных помнікаў даўніны. Таму правільнай падаецца думка правесці ўрачыстае адкрыццё свята менавіта ля гарадскай ратушы, якая застаецца ў горадзе гэткім папраўдзе гістарычным астраўком. Сцэна стане часткай архітэктурнага ансамбля, быццам працягам самога будынка.
— Такі падыход, дарэчы, адпавядае найновай еўрапейскай сцэнічнай эстэтыцы, калі пры правядзенні разнастайных канцэртаў і спектакляў на адкрытым паветры ўлічваюцца асаблівасці навакольнага пейзажу.
— Так, у тэатралізаваным прадстаўленні задзейнічаны нават гадзіннік на ратушы: ён адлічвае не проста хвіліны, а сам ход гісторыі, адбівае найбольш значныя вехі.
— Гадзіннік як адна з дзейных асоб? Цікава. А хто ж астатнія? Мабыць, будзе і касцюміраванае шэсце?
— Абавязкова. Яно будзе папярэднічаць тэатралізаванай дзеі. У самім жа невялікім спектаклі ўдзельнічаюць як гістарычныя, так і прыдуманыя персанажы: гусляр, магістр, друкар, Сямён Зорыч. Сюжэтная канва вельмі простая, але складзена так, каб ахапіць і падкрэсліць самыя адметныя гістарычныя акцэнты: да Зорыча прыязджае фельдмаршал, якому распавядаюць пра мясцовыя славутасці, і той у захапленні ад знакамітай балетнай трупы шклоўскага прыватнаўласніцкага тэатра.
— А ў ролі прыгонных танцоўшчыц?— Юныя артысты сталічнай харэаграфічнай школы № 1. Сярод удзельнікаў таксама мужчынскі вакальны ансамбль “Чысты голас”, ансамбль старадаўняй музыкі “Гуды” на чале з Уладзімірам Громам, заслужаныя артысткі Беларусі Ірына Дарафеева, Анжаліка Агурбаш і іншыя.
— А казалі ж, што будуць артысты балета з Санкт-Пецярбурга?
— Будуць. Але ў канцэрце закрыцця. Ва ўрачыстым жа адкрыцці цэнтральнай падзеяй павінна стаць узнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы мастацкі твор 2006 года “Залаты Купідон” і Нацыянальнага конкурсу мастацтва кнігі “Залаты Фаліянт”. Узнагароджанне будзе перамяжацца канцэртнымі нумарамі, дзе сярод іншых выступіць ансамбль “Бліскавіца” Шклоўскага дома культуры, але застанецца максімальна згрупаваным і цэласным. Дзённы канцэрт, названы “Зорнай гасцёўняй”, збярэ эстрадных салістаў, у тым ліку Іскуі Абалян, Пятра Ялфімава, зноў Анжаліку Агурбаш, Ірыну Дарафееву, — атрымаецца гэткі традыцыйны святочны гала-канцэрт. А вось закрыццё свята запланавана незвычайнае. Яго героямі стануць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале са знакамітым Аляксандрам Анісімавым, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы нашай краіны (сусветна вядомы Уладзімір Пятроў, маладая Аксана Волкава) і госці з Санкт-Пецярбурга — расійскія салісты балета і оперы.
— Цудоўная ідэя! Сапраўды, кожнае свята павінна мець сваю “разыначку” — тым больш, што Шклоў ужо ўвайшоў у нашу гісторыю як месца правядзення адных з Дажынак. Павінны ж святочныя канцэрты адрознівацца адзін ад аднаго, мець уласныя канцэпцыі! Але ж гэта і рызыка — завяршаць свята оперна-балетнай класікай, а не апрабаванай эстрадай.
— Рызыка ёсць заўсёды, калі пачынаеш штосьці новае. Я вельмі хвалявалася, як будзе ўспрынята мая прапанова. Але яе падтрымалі і, спадзяюся, не памыліліся. Бо сённяшні Шклоў — гарадок надзвычай дагледжаны, утульны, на мінулыя Дажынкі ў яго новы выгляд было ўкладзена столькі працы і любові, што лепей за іншыя доказы пераконвала: тут жывуць надзвычай працавітыя і інтэлігентныя людзі. Дый сама атмасфера гэтага свята такая, што схіляе да трывалага акадэмічнага мастацтва. Хочацца, каб Дзень пісьменства завяршаўся не дыскатэкай, а думамі пра вечнае. Таму і гучаць будзе не эстрада, а папулярная класіка: мы ўсё ж намагаліся максімальна дэмакратызаваць гэты канцэрт, зрабіўшы яго даступным для ўспрымання, а не разлічаным адно на эстэтаў. Увогуле ж, кожны зможа знайсці ў Шклове тое, што яму бліжэй: класіку, эстраду, фольк ці ўсё разам. Бо напярэдадні, да прыкладу, у Шклоўскім доме культуры выступіць аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Леаніда Іванова, у рэпертуары якога ёсць творы на ўсе выпадкі жыцця — ад пералажэнняў класікі да эстрадных песень, — але прыярытэтнай была і застаецца нацыянальная музычная спадчына.
— Я так зразумела, што канцэртных пляцовак будзе некалькі?
— Вялізнай канцэртнай пляцоўкай стане ўвесь Шклоў. Гарадскі парк ператворыцца ў краіну дзяцінства, поўную не толькі канцэртных выступленняў, але і гульняў. На плошчы ля раённага ДК адбудзецца традыцыйны фестываль кнігі і прэсы, зладжаны Міністэрствам інфармацыі: пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі, выдаўцамі, журналістамі, распаўсюджвальнікамі літаратуры, шырока разгорнецца кнігагандаль. Хочацца асабліва адзначыць Магілёўскае ўпраўленне культуры, якое паставілася да свята з вялікай увагай і руплівасцю, разуменнем таго, што Свята беларускага пісьменства — гэта не проста забаўляльнае відовішча з шашлыкамі ў дадатак. Вуліца Савецкая, дзякуючы намаганням арганізатараў, ператворыцца ў некалькі імправізаваных вуліц, завулкаў, фальваркаў, куточкаў. У выніку ўзнікнуць Вуліца Духоўнасці, Асветы, Культуры, Музейная вуліца, Тэатральны фальварак і многа-многа іншага.На гэтых “вуліцах” знойдзецца месца выстаўкам, прэзентацыям, літаратурным чытанням. Асаблівае месца зоймуць мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Усё гэта ператворыць магутнае, маштабнае свята ў гэткую гарманічную мазаіку больш камерных святкаванняў, знітаваную ідэяй нацыянальнай спадчыны.

Распытвала Надзея БУНЦЭВІЧ