Рэклама? “У нумар!”

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Рэклама даўно стала нашай спадарожніцай у свеце тавараў і паслуг. Але калі большасць рэкламных ролікаў і аб’яў у СМІ часта выклікае ў нас раздражненне, то асобныя прыклады іх з’яўляюцца сапраўднымі ўзорамі мастацтва. Пра гэта сведчыць не толькі сучасная сітуацыя на рынку рэкламы — стагоддзе таму нашы суайчыннікі ці не ў кожным перыядычным выданні сутыкаліся з гэтым “рухавіком гандлю”.

Менавіта пра гэта нагадвае цікавы праект "Свет там думкі хітрыя знае" (рэклама ў перыядычным друку канца ХІХ - пачатку ХХ стст.) з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, дзе і адкрылася аднайменная выстаўка, а таксама - Нацыянальнага гістарычнага музея, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Як вядома, рэклама як масавая з'ява пачала актыўна развівацца ў XIX - пачатку XX стст., пра што сведчаць старыя фотаздымкі, паштоўкі і больш за ўсё - тагачасныя газеты ды часопісы. Рэклама ў беларускай прэсе была вельмі значная, бо менавіта адтуль можна даведацца пра выхад у свет "Жалейкі", "Вянка", "Кароткай гісторыі Беларусі"- знакавых першых кніг Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, а таксама выданняў іншых дзеячаў нацыянальнага Адраджэння, а таксама пра прэм'еры спектакляў, музычных пастановак.

Шмат рэчаў з тагачаснай рэкламуемай прадукцыі сталі прататыпамі сучаснай тэхнікі, у тым ліку фотаапараты, грамафоны, патэфоны. Больш за тое: у газетных рэкламных аб'явах можна знайсці назвы вядомых і сёння гандлёвых марак і фірм.

На выстаўцы рэклама прадстаўлена не толькі на старонках газет і часопісаў, але і ў рэкламуемых рэчах, у сімвалах рэкламы той эпохі. Яскравы сімвал рэкламы і па сёння - рэкламная тумба, якая ўзнікла на вуліцах гарадоў яшчэ ў XIX стагоддзі і дагэтуль складае неад'емную частку яго адметнага асяроддзя. Таксама ў той жа час з'яўляецца і рэклама на конках, а пазней - на трамваях.

Да таго ж, ці не самая галоўная адметнасць выстаўкі- магчымасць акунуцца ў атмасферу беларускага горада пачатку XX ст.

На здымках: рэкламная канструкцыя на мінскай плошчы Свабоды ў 1930-х; старонка аб'яў у беларускай прэсе пачатку стагоддзя.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"