Крэда з “закручанай” канцэпцыяй

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Нацыянальны аркестр, які “жыве наперад”

Сёння Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі і яго кіраўнік - народны артыст краіны, прафесар Міхаіл ФІНБЕРГ завяршаюць чарговы фестываль "Музы Нясвіжа". Дагэтуль быў вялізны гастрольна-асветніцкі тур па ўсіх дзесяці музычных вучылішчах краіны - з правядзеннем не толькі канцэртаў, але і майстар-класаў. Тыдзень таму - Свята музыкі ў Чачэрску. Наступным тыднем - фестываль у Міры. Але наша гутарка з Міхаілам Якаўлевічам пачынаецца з тых падзей, якія разгорнуцца на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне (і гэта прытым, што сёлета свята будзе не ў чэрвені, як раней, а толькі ў пачатку верасня). Усё правільна: мой суразмоўца і яго калектыў прывыклі жыць "наперад". Кожны такі фэст рыхтуецца цягам года, а то і больш. Дый што там казаць, калі не толькі за любой падрыхтаванай "фінбергаўцамі" праграмай - за любым асобным творам стаіць усё жыццё, аддадзенае музыцы. 

- Вельмі прыемна, - пачынае Міхаіл Якаўлевіч, - што цяперашні Нацыянальны фестываль у Маладзечне (а гэта, адзначу, адзін з трох нашых найбуйнейшых форумаў, якія падтрымліваюцца Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам) будзе прысвечаны постаці Уладзіміра Мулявіна. Імя гэтага творцы - гэта імя сапраўднага маршала беларускай песні, які зрабіў яе папулярнай далёка за межамі нашай краіны. Ён быў вельмі сціплым чалавекам, але гэта - папраўдзе маштабная супер-зорка, годная сусветнага ўзроўню. Так склалася, што свае апошнія найбольш значныя канцэрты Вялікі Пясняр правёў менавіта з нашым калектывам: гэта той сольнік, які праходзіў у Маскве, калі закладалася зорка Мулявіна, а яшчэ былі два канцэрты ў Мінску, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І тое, што ён абраў наш аркестр,- таксама паказчык: мы працавалі кожны ў сваім рэчышчы, але ў нас былі агульныя мэты - нацыянальная культура і яе далейшае развіццё. Для фестывалю ў Маладзечне падрыхтавалі 38 ранніх кампазіцый "Песняроў", усе - на народныя тэксты. Гэта тая залатая спадчына, на якой трымаецца і наша цяперашняе нацыянальнае спеўнае мастацтва. Такой будзе праграма адкрыцця фестывалю. Вядома, да яе дадасца і ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

- Cам конкурс пройдзе раней?

- Ды мы ўжо правялі яго палову! Па ўсіх рэгіёнах праводзілі адборы ўдзельнікаў для гэтага спаборніцтва. Фінал конкурсу пройдзе ў Маладзечне напярэдадні адкрыцця фестывалю - у два туры. Бо канкурсанты павінны падрыхтаваць дзве песні. Адну - Уладзіміра Мулявіна, пад фанаграму "мінус адзін". Другую - проста беларускую, але з аркестрам. Першыя рэпетыцыі ўжо адбыліся, цяпер мы сустрэнемся з канкурсантамі ўжо бліжэй да самога спаборніцтва. Увогуле, гэтае спаборніцтва вызначаецца, па-першае, тым, што ў складзе яго журы - высокія прафесіяналы. І абавязкова - спевы пад аркестр. Тыя рэпетыцыі, якія мы праводзім напярэдадні, даюць спевакам не толькі магчымасць "прызвычаіцца" да нашага калектыву. Гэта яшчэ і глыбокае разуменне сэнсу песні, кожнага слова, самой песеннай драматургіі, бо ўсё гэта робіцца сумесна з музыкантамі-інструменталістамі і дырыжорам.

- Раскажыце, калі ласка, і пра іншыя фестывальныя праграмы. Што яшчэ чакае нас у Маладзечне?

- Галоўнае - тое, што акурат да гэтага Нацыянальнага фестывалю будзе адкрыта новая канцэртная пляцоўка, пра якую мы даўно марылі: амфітэатр на 2 тысячы 700 месцаў. Хочацца падзякаваць кіраўніцтву вобласці і горада, што такая ўвага там надаецца культуры. Самыя лепшыя словы - на адрас Барыса Батуры, старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Ён асабіста сочыць за будаўніцтвам, скрупулёзна падыходзіць да кожнай дэталі, і, вядома, тое ж самае можна сказаць пра ўсіх яго падначаленых. Менавіта з-за будаўніцтва амфітэатра песеннае свята сёлета крыху адсунецца па тэрмінах, бо, сапраўды, вельмі хочацца сумясціць фестываль з "наваселлем". Менавіта ў амфітэатры пройдзе згаданы канцэрт памяці Мулявіна - у год 70-й гадавіны з дня яго нараджэння. Але запланаваны і тыя фестывальныя канцэрты, якія адбудуцца ў Палацы культуры. Так, на яго сцэне зранку выступяць дзеці, прычым яны будуць не толькі спяваць, але і чытаць беларускія вершы. Фестываль жа не толькі песні прысвечаны, але і паэзіі! На трэці дзень свята пройдзе адметны канцэрт, названы "Чатыры нацыянальныя постаці". Там будзе гучаць музыка нашых кампазітараў ХХ стагоддзя, чые юбілеі мы нядаўна адзначалі ці будзем адзначаць: Дзмітрыя Лукаса, Пятра Падкавырава, Рыгора Пукста, Аляксея Туранкова. Іх творы і пералажэнні выканаюць нашы камерныя калектывы- інструментальныя ансамблі (флейтыстаў, кларнетыстаў, трубачоў, выканаўцаў на драўляных духавых), струнны аркестр. Далучыцца да нас і сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага. А завершыцца фестываль праграмай "Дыялог". Бо ў адным канцэрце выступяць Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча і Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры". Павінна атрымацца цудоўнае акордавае суквецце! А яго фінальнай "гронкай" стане песня "Маладзечна", у свой час напісаная Ігарам Паліводам да першага такога форуму. Ну, а ўначы- джаз! Лічыце, усе жанры ахоплены!.. Увогуле, няма, бадай, такога кампазітара-песенніка, чые творы не прагучалі б на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі. Гэта Уладзімір Алоўнікаў, Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Уладзімір Буднік, Валерый Іваноў, Леанід Захлеўны, Эдуард Зарыцкі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок... Іхнія песні складалі і складаюць аснову гэтага фэсту! Асобна трэба сказаць і пра паэзію. Мы заўсёды робім акцэнт на добрых вершах, папулярызуем нашых класікаў і праз песні- у тым ліку новыя, напісаныя па замове нашага калектыву. А колькі мы падрыхтавалі і правялі манаграфічных праграм! І кампазітараў, і, зноўтакі, паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча. Усяго сфарміравалі 27 праграм на тэксты беларускіх паэтаў! Цяпер рыхтуецца яшчэ адна праграма - багдановічаўская, але новая, да яе Эдуард Зарыцкі стварыў повязь песенных прэм'ер на вершы вялікага класіка. Але пакажам мы яе толькі ў канцы года.

- А да гэтага будзе яшчэ ХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". І калектыў на ім- заўсёдны ўдзельнік... Адна з вашых праграм на "Славянскім..." - па традыцыі, конкурсная...

- Так, другую песню маладыя спевакі выконваюць на конкурсе пад наш аркестр. Дарэчы, сёлета ў мяне падвойная нагрузка: я ўзначальваю таксама конкурснае журы. Другі ж канцэрт наш калектыў правядзе з былымі канкурсантамі: на яго арганізатары збіраюць усіх уладальнікаў Гран-пры, да якіх далучацца некалькі расійскіх зорак. Фестываль - юбілейны, таму і праграма адпаведная.

- Хутка юбілей адзначыць і ваш аркестр! Чула, вы нават музей свой збіраецеся адкрыць...

- Гэта не чуткі, а праўда. Сапраўды, налета, у лютым, мы будзем святкаваць сваё 25-годдзе. У выдавецтве "Беларусь" выйдзе новая кніга, прысвечаная калектыву. Рыхтуем і экспазіцыю музея. Уласна кажучы, збіраць яго экспанаты пачалі з першага дня сваёй працы. Бо ў такім музеі павінна быць усё, што датычыцца арганізацыі аркестра і яго далейшай дзейнасці: ад першай даведкі ў ЦК КПБ да звестак пра першую рэпетыцыю. Вельмі хутка рэпетыцыйны працэс рушыў да новай стадыі- выступленняў. У нас ледзь не ўсё было адначасова. Бо не паспеў калектыў афіцыйна нарадзіцца, як адразу пачаў працаваць. Ды яшчэ як! Адразу паехалі ў Маскву, на рэпетыцыі Фестывалю ў Юрмале. Потым і ў Маскве правялі серыю канцэртаў. А колькі цудоўных музыкантаў прайшло праз наш калектыў! Пра кожнага з іх таксама павінны быць матэрыялы ў такім музеі. Адзін Ігар Палівода чаго каштуе: не чалавек быў, а- сапраўднае сховішча разнастайных талентаў!.. Час мінае, прыходзяць новыя пакаленні. Яны павінны ўсведамляць, колькі ўсяго было зроблена да іх, і не пачынаць штораз з новага ліста. Менавіта ў гэтым - непарыўнасць гістарычнага працэсу: ведаць усё, што зрабілі папярэднікі, памятаць пра іх - і ісці далей. А не разбурыць ушчэнт - і зрабіць на гэтым месцы бляклую копію, выдаючы яе за ноў-хау. Для гэтага, пэўна, і патрэбны музеі. Іх павінен мець кожны буйны калектыў, кожнае прадпрыемства. Галоўнае - каб было жаданне захаваць памяць для нашчадкаў.

- Адчуваю, як ад юбілеяў ды святаў вы плаўна перайшлі да праблем...

- Адна з галоўных - гэта спевы пад фанаграму, якія падтрымліваюцца тэлездымкамі: маўляў, цяжка гук адрэгуляваць. Ды сёння столькі добрай тэхнікі, што ўсё гэта павінна адсунуцца на другі і ўвогуле апошні план! Было б уменне спяваць, а гэта ўжо, як кажуць, іншая песня. Нам трэба больш актыўна шукаць (а можа, і запрашаць) добрых выкладчыкаў- не толькі ў эстрадзе, але і, найперш, у джазе. І самае, на маю думку, галоўнае - гэта больш цікавых праектаў, канцэпцыйна "закручаных" праграм. Як часцяком рыхтуюцца канцэрты? У аўтобусе па дарозе на пляцоўку дамаўляюцца: ты выступіш першы, ты - другі, а ты - трэці. Спяшаешся яшчэ на адну тусоўку? Ну, давай тады памяняемся месцамі. Якая, маўляў, розніца? Пры такім падыходзе мы не навучымся рабіць адметныя творчыя праекты. А трэба! Бо калі будуць планавацца тыя або іншыя нацыянальныя праграмы, дык і рэпертуар пад іх з'явіцца! Адгукнуцца і кампазітары, і спевакі.

- Сёлета ўпершыню будзе ўручацца Нацыянальная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва - ці ж гэта не стымул?

- А хто пра гэтую прэмію, акрамя знаўцаў, ведае? Ці ўсе дзеячы эстрады рыхтуюць такія прэм'еры, што былі б вартыя яе? "Нацыянальная" - гэта надзвычай высокае слова. Мой "пераклад" яго - "адзіная ў сваім родзе". Вельмі хочацца, каб яе ўручэнне папраўдзе стала падзеяй у нашай культуры, каб былі адзначаны менавіта тыя, хто спрыяе развіццю нацыянальнага мастацтва.

- Асабіста я ведаю адзін калектыў, які па ўсіх параметрах - даўно ўжо, можна сказаць, "некаранаваны лаўрэат". Гэта, вядома, ваш аркестр!

- Дзякуй за высокую ацэнку. Але ж мы гэта рабілі і робім не "дзеля прэміі", а таму, што іначай не можам. Наш калектыў заўсёды стаяў і будзе "стаяць" на ахове нацыянальнай спадчыны. Кожная праграма, якую мы ствараем, мае сваю творчую і навуковую канцэпцыю. Мы ніколі не працуем пад фанаграму - гэта прынцыпова! І ўсе салісты, якія з намі выступаюць (і нашы, і замежныя),- таксама заўсёды выступаюць "жыўцом". А гэта значыць, што мы супрацоўнічаем толькі з высокапрафесійнымі музыкантамі, якія годна трымаюць гэта найменне - "творцам звацца". І мы заўсёды імкнёмся адкрываць новыя імёны - выканаўцаў, кампазітараў, "гадуем" іх, даём, можна сказаць, пуцёўку ў далейшае творчае жыццё. На такой непарыўнай сувязі эпох і пакаленняў - ад даўніны да сучаснасці ды будучыні- і трымаецца сапраўднае мастацтва. У гэтым - увесь наш калектыў, ягонае, калі хочаце, крэда.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"