Нагадаем, музычную камедыю Узеіра Гаджыбекава ажыццяўляў рэжысёр Хафіз Гуліеў, балетмайстрам выступіла Медзіна Аліева, у прэм'еры ўдзельнічалі знаныя азербайджанскія салісты, таму цяперашні візіт дырыжора дадаў хіба апошнія штрыхі ў гэты сумесны праект, ажыццёўлены пры падтрымцы Пасольства Азербайджана ў Беларусі. Спектакль набыў іншы тэмпарытм, пазбаўлены статыкі, з'явілася пікантная "прыперчанасць" рытмаў, асабліва ў танцавальных тэмах, ды і лірычныя нумары атрымалі ўнутраную рухавасць за кошт больш вытанчанай вакальнай мелізматыкі і музычнай выразнасці.
Дарэчы, Э.Куліеў не ўпершыню наведаў Мінск. У снежні 2008-га ён прыязджаў на 75-годдзе Беларускага саюза кампазітараў, прычым разам з бацькам, народным артыстам Азербайджана, прафесарам Рамезам Куліевым. Той саліраваў на тары, а Эйюб дырыжыраваў Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, выконваючы Другі канцэрт для тара з аркестрам Г.Ханмамедава. Ён яшчэ тады быў вельмі ўражаны не толькі прафесійным узроўнем беларускіх аркестрантаў, але і іх зацікаўленым стаўленнем да новай для іх азербайджанскай музыкі. Крыху раней, у 2006-м, ён сустрэўся з дырыжорам Музычнага тэатра Юрыем Галясам на Міжнародным конкурсе ў Беластоку. Больш спрактыкаваны Эйюб заняў першае месца, а Юрый, тады яшчэ толькі студэнт нашай Акадэміі музыкі,- чацвёртае. Але ж абодва яны сталіся першымі ў сваіх краінах лаўрэатамі прэстыжных міжнародных дырыжорскіх конкурсаў.
Не менш запамінальнымі, пэўна, застануцца і цяперашнія сустрэчы, бо, па словах Эйюба, нашы вакалісты і інструменталісты настолькі цудоўна справіліся з тонкасцямі ўсходняй музыкі, быццам усё жыццё пражылі ў Азербайджане. Наступным крокам да "сяброўства культурамі" магла б стаць пастаноўка ў нашым тэатры аднаго з азербайджанскіх балетаў: гэта, як запэўніў шаноўны госць, можа быць "Тысяча і адна ноч" Ф.Амірава ці "7 прыгажунь" К.Караева. Чакаюць у Азербайджане і наш тэатр - тым больш, што там пастаноўкі ажыццяўляюцца на дзвюх мовах: і па-азербайджанску, і па-руску.
На здымку: Эйюб Куліеў.