Канскі “карт-бланш”

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Кінаавансы пад эканамічную мэтазгоднасць

/i/content/pi/cult/323/5800/6-1.jpg

19 мая ў Арменіі распачаліся Дні культуры Беларусі. Сярод іншых відаў мастацтва на іх шырока прадстаўлена і айчыннае кіно, што цягам апошняга часу ўсё больш настойліва заяўляе аб сабе ў свеце. "Анастасію Слуцкую" і "Брэсцкую крэпасць", да прыкладу, павезлі на замежны кінапаказ па настойлівай просьбе армянскага боку. Словам, наша кіно імкнецца вярнуць папулярнасць, і не толькі постсавецкую. І доказы таму - вельмі пераканаўчыя.

Дні нашай культуры ў Рэспубліцы Арменія будуць доўжыцца да 22 мая. У гэты ж дзень, як вядома, завяршаецца і 64-ы Міжнародны Канскі кінафестываль, на якім упершыню дзейнічае Нацыянальны павільён Беларусі. Гэта сур'ёзная заяўка беларускага нацыянальнага кінематографа на сістэмнае асваенне сусветнага кінарынку. Арганізатарамі нашага павільёна на знакавым фэсце выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія і Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".

 У адкрыцці павільёна прыняў удзел і некалькі дзён працаваў на фестывалі дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алег СІЛЬВАНОВІЧ. Карэспандэнт "К" запытаўся ў яго пра канкрэтныя вынікі нашай "кінаінтэграцыі" ў сусветную прастору.

- Алег Ігаравіч, калі ў некалькіх словах казаць пра вашы ўражанні аб канскай заяўцы Беларусі, то якія будуць тыя словы?

 - Гэта было і будзе справай неабходнай.

 - Наколькі ведаю, з першага фестывальнага дня ўвага да нашага павільёна была надзвычайнай. Чым мы здзівілі кінасвет?

- Давайце не будзем зазнавацца! (Усміхаецца.) На такім самадастатковым фестывалі ёсць усё і ўсе. Ён распачынаецца на вельмі высокім узроўні, на такім жа ўзроўні і заканчваецца - ніякіх правалаў. І тут надзвычай важна знаходзіцца ў гэтым сусветным працэсе, адчуваць яго і разумець, якое месца тут належыць нашай нацыянальнай кінематаграфіі... Мы не здзівілі Канн, мы здзівіліся самі: наша кіно цалкам здольнае быць годна прадстаўленым у свеце. І не трэба пасыпаць галаву попелам ды скардзіцца, маўляў, айчынны кінематограф - недастаткова добры. Пэўныя беларускія работы выклікаюць цікавасць у еўрапейскіх прафесіяналаў самага высокага кшталту.

- І не дарэмна на адкрыцці менавіта нашага павільёна прысутнічала дырэктар Канскага кінарынку Мірыям Араб?

- Так. Натуральна, з аднаго боку, для нашага "піяру" папярэдне вельмі добра папрацаваў спецыяльны карэспандэнт Белдзяржтэлерадыёкампаніі Алег Лукашэвіч. З іншага - сам прынцып Канскага фестывалю заснаваны на тым, каб прыцягнуць увагу да невядомых ці слаба прэзентаваных і вывучаных кінематаграфій. Канскі фестываль - карт-бланш, аванс на паспяховае перспектыўнае супрацоўніцтва. Мірыям Араб авансавала, так бы мовіць, будучыню беларускага павільёна ў Канне. Яна такім чынам, я перакананы, падкрэсліла важнасць і значнасць гэтай падзеі... Упэўнены: адкрыць наш павільён на наступным фестывалі будзе прасцей. І яго трэба адкрываць, бо гэта своеасаблівае выязное пасольства дзяржаўнага-прыватнага кінематографа Беларусі ў Канне. Дарэчы, уладкаванне нашага Нацыянальнага павільёна - яскравы доказ паспяховага дзяржаўнапрыватнага партнёрства.

/i/content/pi/cult/323/5800/6-2.jpg- Дзелавых стасункаў і слушных прапаноў было шмат?

 - Я прысутнічаў на фестывалі толькі два дні, а наш павільён працуе там, безумоўна, і па сёння, і ўсе канкрэтныя прапановы будуць прааналізаваны цягам тыдня пасля 22 мая. Пры вывучэнні ўсіх гэтых матэрыялаў пад першасную ўвагу будуць брацца, вядома, эканамічная мэтазгоднасць і вынік супрацоўніцтва... Мы не ставілі жорсткай задачы дасягнуць канкрэтнага эканамічнага выніку менавіта сёлета, таму ўсё наперадзе! Культурна-палітычную задачу мы ў Канне выканалі, усё астатняе было звышзадачай. Трэба было не толькі "прарвацца" і заявіць пра краіну, яе пэўныя кінадасягненні, тэхнічныя кінамагчымасці, сістэму навучання спецыялістаў і структуру пракату, але і апрабаваць прэзентацыю нашых праектаў, зразумець, як іх варта букіраваць і што цікавіць нашых еўрапейскіх партнёраў, якія праекты неабходна трансфармаваць для атрымання сумеснага фінансавання... Увесь гэты досвед спатрэбіцца для аптымальнай і эфектыўнай дзейнасці нашага павільёна ў будучым... Беларуская гісторыя шчыльна знітавана з еўрапейскай, і, натуральна, многія тэмы, якія мы лічым нацыянальнымі, надзвычай блізкія не толькі для Літвы, Польшчы, Расіі... Словам, выпрацоўка стратэгіі і тактыкі доўгатэрміновага міжнароднага супрацоўніцтва патрабуе карпатлівай працы.

- І тым не менш, якія ідэі спрабавалі "абкатваць"?

- Гэтымі ідэямі, як аказалася, літаральна ўся фестывальная атмасфера насычана. Я зайшоў у павільён Ірландыі і распавёў, што ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін паставіў спектакль "Translations" паводле п'есы ірландскага драматурга Браяна Фрыла, расказаў пра мастацкія прыёмы, што выкарыстаў рэжысёр. Прадстаўнік ірландскага боку імгненна запытаўся: "А вы не жадаеце зняць фільм сумеснай вытворчасці?" І цяпер мы можам казаць пра сумесны праект. Пакуль толькі - казаць, але, тым не менш... Другая перспектыва - задавальненне цікавасці да нашага дзіцячага кіно, заснаванага на агульнаеўрапейскіх традыцыях гуманнасці. Вялікі інтарэс, напрыклад, - да "Рыжыка ў Залюстэраччы". Значыць, трэба выходзіць на продаж і дасягаць выніку... Канскі кінарынак, каб вы ведалі, працуе на кінатэатральны пракат. А ў красавіку праходзіць Канскі тэлерынак. Вось на яго ў наступным годзе "Беларусьфільм" паедзе з канкрэтнымі тэлепраектамі і будзе дабівацца канкрэтнага эканамічнага выніку, бо прастора тэлетрансляцыйных каналаў - бязмежная, і "голад" на кінапрадукт там- велізарны.

- Якія пытанні ў Канне вам задавалі замежныя журналісты?

 - Інтарэс да нас- на ўзроўні этнаграфіі. Беларусь журналісты ведаюць, вітаюць наша жаданне застацца самабытнымі, самастойнымі, наша супрацьстаянне працэсам глабалізацыі ў культурнай сферы. У свеце зразумелі, што гэта наша агульная сённяшняя задача. Адсюль вынікае неабходнасць падпісання Еўрапейскай канвенцыі аб сумеснай кінавытворчасці. Фактычна ўсе еўрапейскія краіны маюць абмежаваныя магчымасці нацыянальнага пракату.

/i/content/pi/cult/323/5800/6-3.jpg- Словам, свет аб'ядноўвае мастацтва... Алег Ігаравіч, цяпер у Арменіі праходзяць Дні беларускай культуры. Як тамтэйшы глядач успрымае нашы фільмы?

- І Арменія, і Беларусь заўжды мелі высокія і сяброўскія адносіны ў сферы культуры. Вядомы армянскі кінарэжысёрдакументаліст Артавазд Пеляшан у 1970 годзе стварыў на кінастудыі "Беларусьфільм" карціну "Насельнікі", якую і па сёння з вялікай ахвотай закупляюць фестывальныя адборшчыкі з іншых краін... У Арменіі таксама даўно ведаюць і цэняць беларускі кінематограф. Скажу так: у нас ёсць фільмы, якія мы можам і за мяжой паказваць з гонарам. Іван Паўлаў стварыў тэлестужку "Усё, што нам трэба" - цудоўную, вытанчаную калядную карціну з мноствам мудрагеліста пераплеценых сюжэтных ліній і бліскучай ігрой беларускіх акцёраў. За гэтую карціну не сорамна, я ёю ганаруся. Пра ўвесь наш кінематограф я так не сказаў бы, бо праблем хапае.

- Збольшага гэтыя праблемы дапамогуць ліквідаваць фокус-групы, якія мяркуецца стварыць пры вашым Дэпартаменце для больш аб'ектыўнай ацэнкі айчыннай кінапрадукцыі?

- Вельмі на гэта спадзяюся... Літаральна днямі прымаў дзіцячы мультыплікацыйны фільм, адчуў, што мне не хапае рэакцыі дзіцячай аўдыторыі - непасрэднай, незаангажаванай... У многіх кінематаграфіях свету існуюць фокусгрупы (спецыяльна падабраныя рознаўзроставыя, абсалютна непрафесійныя аўдыторыі), якія дапамагаюць прадзюсару ацаніць кінапрадукт на розных этапах яго вытворчасці, нават уплываюць на перамантаж фільма. Жадаючых- шмат. Мы цяпер займаемся персаналізацыяй па ўзросце, сацыяльным становішчы.

- Апошняе пытанне. Вы днямі праглядалі рабочы матэрыял тэлевізійнага фільма "Талаш". Што можаце сказаць пра яго?

- Над стужкай трэба працаваць.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"