“Правілы гульні” для інвестара, або “Дэгустацыя” турпатэнцыялу Пінска: між аўтэнтыкай і навадзелам

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Калі адбудзецца перамога рэстаўратараў у змаганні з вадою і часам?

 На электронны адрас "К" прыйшоў ліст на тэму аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Пінску. Аўтар падпісаўся як "архітэктар з Пінска", з тых або іншых прычын вырашыўшы застацца ананімам. Але найбольшую важнасць мае не ягонае імя, а праблемы, якія закранае гэты неабыякавы чалавек. Тым больш, словы падмацаваны некалькімі фотаздымкамі старых камяніц, чый стан выклікае насцярожанасць.

Адпаведна, зварот у рэдакцыю не быў пакінуты без увагі. З'явілася нагода прайсціся па пінскіх вулачках, паўглядацца ў архітэктурныя дэталі старых будынкаў і лішні раз "прадэгуставаць" турыстычны патэнцыял Пінска. Каб, урэшце, задацца заканамерным пытаннем: чаму ж масавы турыст так пакуль і не дабраўся да гэтага папраўдзе чароўнага горада?

"Падводныя камяні" рэстаўрацыі

 "Выгрузіўшыся" з аўтобуса непадалёк ад цэнтра Пінска, адразу пачаў ацэньваць працу тамтэйшых спецыялістаў па ахове спадчыны. Вядома, гэта была зусім не экспертная ацэнка, але... пэўныя высновы можна зрабіць нават з дапамогай такога інструмента, як "няўзброенае вока". Добры альбо выдатны стан архітэктурных перлін горада - і езуіцкага калегіума, і францысканскага кляштара, і палаца Бутрымовіча, і тэатра, які папоўніў гэты спіс пасля адносна нядаўняй рэстаўрацыі, - зусім не кантрастуе з выглядам шараговай гарадской забудовы ХІХ стагоддзя. Прычым пры аддаленні ад цэнтра сітуацыя не змяняецца.

Агулам у Пінску - каля 180 помнікаў спадчыны. У гэтай "намінацыі" горад займае ганаровае другое месца ў краіне, саступаючы хі

/i/content/pi/cult/323/5799/4-1.jpg

ба Гродну. І каб знайсці сярод іх папраўдзе праблемны аб'ект, трэба прыкласці пэўныя намаганні.

Начальнік упраўлення будаўніцтва і архітэктуры Пінскага гарвыканкама Вольга Васіленка сама звяртае ўвагу на галоўную прычыну галаўнога болю - цагляны двухпавярховік па вуліцы Іркуцка-Пінскай дывізіі. Сёння ў ягоным баку зеўрае "рваная рана": у старой камяніцы, якая ўжо даўно знаходзіцца ў аварыйным стане, нядаўна здарыўся абвал.

Жыхары адтуль былі адселены задоўга да "моманту Х", таму ніхто не пацярпеў. І можна спадзявацца, што аматары даследавання руін не стануць ахвярамі ўласнай цікаўнасці. Прынамсі, мясцовыя ўлады зрабілі для гэтага ўсе належныя захады: абнеслі будынак парканам і "чырвонай стужкай", часова ўмацавалі канструкцыі, каб засцерагчы ад наступных абвалаў і перакрылі рух транспарту па гэтым участку вуліцы - на той выпадак, калі нечаканасці ўсё ж здарацца. Неаспрэчна, такая рупнасць павінна стаць усеагульнай практыкай: на свае вочы даводзілася бачыць не адзін дзясятак аварыйных будынкаў з "дзвярамі наросхрыст".

 Што да лёсу самой камяніцы... Паколькі яна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, мэрыя чакае вердыкту Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Як адзначыла Вольга Васіленка, эксперты ўжо зрабілі заключэнне аб тым, што рэстаўрацыя - немагчымая: канструкцыі будынка - зусім лядашчыя. На думку галоўнага архітэктара, найбольш мэтазгодны алгарытм дзеянняў у дадзеным выпадку - разборка і ўзнаўленне ў гістарычным выглядзе. Падобная практыка ўжо некалькі разоў прымянялася ў дачыненні да гістарычных будынкаў Пінска.

 Так, падобны падыход у рэстаўрацыі сёння многія справядліва крытыкуюць. Вольга Васіленка ахвотна пагаджаецца з тым, што гэткая методыка павінна прымяняцца адно ў тых выпадках, калі ўсе іншыя ўжо не працуюць. Але... Такія выпадкі ўсё ж здараюцца.

 Галоўны архітэктар называе некалькі прычын. Па-першае, гэта сам характар шараговай грамадзянскай забудовы, якая ад пачатку не прэтэндавала на даўгавечнасць. Таму падмуркі ў многіх старых дамках рабіліся неглыбокія і з цэглы, ды і пра гідраізаляцыю асабліва не дбалі. І падругое - зыбкі пінскі грунт. Усё ж гэта - Палессе, і балоты пачынаюцца ўжо літаральна цераз раку... Па словах Вольгі Васіленка, каб прымацаваць да зямлі старыя дамкі, часам даводзіцца "ўліваць" у іх столькі бетону, колькі, мабыць, хапіла б на шматпавярхоўку.

- Але не заўсёды такія захады могуць прынесці плён, - дадае галоўны архітэктар. - Была ў нас і такая сітуацыя: зроблена дакументацыя на рамонт, распачынаюцца работы... І тут высвятляецца, што дом стаіць не на цвёрдым грунце, а акурат на плывуне або вадзяной лінзе. Адпаведна, пачынаюцца абвалы...

Між іншым, праблемы з грунтам "усплылі" таксама і пад час нядаўняй рэстаўрацыі палаца Бутрымовіча.

- Кажучы сучаснай мовай, ягоны архітэктар дапусціў істотную горадабудаўнічую памылку, - мяркуе Вольга Васіленка. - Палац быў "пасаджаны" ў яміне, на перасячэнні падземных плыняў. Праўда, неадпаведны выбар месца быў нейтралізаваны ўнікальнай дрэнажнай сістэмай, але ж у свой час - пры будаўніцтве гатэля "Прыпяць" - яна была парушана... Апошнія дзесяцігоддзі будынак палаца літаральна набрыньваў вільгаццю. Пошукі выйсця з гэтай сітуацыі былі доўгімі і папраўдзе пакутлівымі...

Адпаведна, у Пінску даводзіцца змагацца з двума ворагамі помнікаў спадчыны - не толькі з часам, але і з вадой. І ніякай тут паэзіі або філасофіі! Гутарка вядзецца хіба пра "комплекс інжынерных мер".

Дом без даху

Час - гэта таксама ёмістая катэгорыя. Асабліва ў дачыненні да Пінска. Забудова цэнтральнай часткі горада з больш як 900-гадовай гісторыяй сапраўды ўражвае сваёй эклектычнасцю. Струпехлыя драўляныя дамкі там суседнічаюць з навюткімі і даволі густоўнымі сучаснымі гмахамі. Адышоўшыся літаральна на два крокі ад сучаснага камфартабельнага га/i/content/pi/cult/323/5799/4-3.jpgтэля, турыст з прыемнасцю адкрывае для сябе той куточак Пінска, дзе жыццё, як падаецца, застыла яшчэ сто гадоў таму.

Бігборд на цэнтральнай плошчы горада абвяшчае аб прэтэнзіях Пінска на статус горада-музея. Не выпадае сумнявацца ў тым, што яны - справядлівыя. Ды, у той самы час, Пінск - гэта яшчэ і даволі вялікі сучасны горад, са сваім дынамічным рытмам жыцця і патрэбамі. Менавіта з прычыны такой дылемы старыя дамы, якія не маюць статус помнікаў спадчыны, пакрысе знікаюць. Ці не знікне разам з імі сам дух горада?

 Дыскусія адносна зносу драўлянай забудовы колішняга прадмесця Каралін у свой час была досыць зацятай. Як адзначыла галоўны архітэктар горада, ратаваць гэты самабытны яўрэйскі раён трэба было гадоў 40 таму, калі руйнавалася найцікавейшая частка яго забудовы.

Сёння дыскутаваць тым больш позна: на месцы пахіленых дамкоў ужо ўзводзіцца студэнцкая вёска для Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прычым, як адзначыла Вольга Васіленка, сучасныя будынкі праектаваліся такім чынам, каб яны не стваралі эстэтычнага дысанансу са старадаўняй архітэктурай суседніх вуліц. Таму фасады новых камяніц стылізаваны пад пінскае дойлідства былых часоў.

 Як адзначыла галоўны архітэктар Пінска, працэс пазбаўлення цэнтра горада ад драўляных халуп будзе доўжыцца. Не так даўно справа дайшла і да забудовы па вуліцы Першамайскай. Але сярод яе апынулася і старая камяніца, якая стала сапраўдным "каменем спатыкнення".

Аўтар ліста ў рэдакцыю даслаў яе фота - ужо ў "размарожаным" выглядзе. Прагнілы дах быў разабраны яшчэ летась, услед за ім такі ж лёс мусіў напаткаць і сцены... Але тут будаўнікі атрымалі каманду спыніцца: па ініцыятыве навуковага кіраўніка гістарычнага цэнтра Пінска ў Міністэрства культуры краіны была пададзена заяўка аб уключэнні дома ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

 - Сёння ён знаходзіцца пад часовай аховай, і ніякія работы там не вядуцца, - паведаміла вядучы спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Пінскага гарвыканкама Яна Дзмітрычэнка. - Мы чакаем рашэння Навукова-метадычнай рады. Калі яно будзе станоўчым, дом застанецца, а калі адмоўным - яго знясуць...

Аргументы pro et contra на гэты конт могуць быць самыя розныя. З аднаго боку, той дамок архітэктурным шэдэўрам ніяк не назавеш. Да таго ж, ён знаходзіцца за межамі гістарычнага цэнтра і не надта добра ўпісваецца ў горадабудаўнічыя планы. З іншага боку - нават тыповыя ўзоры старой забудовы сёння ўяўляюць сякую-такую каштоўнасць.

 Зрэшты, кропку ў лёсе дома без даху паставяць спецыялісты. А ў Пінску цярпліва чакаюць іх рашэння.

 Між іншым, зусім нядаўна "афіцыйны" спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Пінска папоўніўся яшчэ на пяць адзінак. Чатыры з іх - гэта будынкі, якія тычацца яўрэйскай культуры: самабытнай, але трохі прызабытай старонкі гісторыі горада. Як адзначыў вядомы пінскі краязнаўца Аляксей Дуброўскі, цікавасць да яе расце з кожным годам.

 - Працуючы экскурсаводам, мне даводзілася сутыкацца з самымі рознымі групамі турыстаў, - распавядае ён. - Прыкладам, галандцаў цікавяць выключна балоты і птушкі, а вось гасцей з таго ж Ізраіля - менавіта тыя мясціны, якія звязаны з гісторыяй яўрэйскага народа на нашай зямлі. Памятаю, прыязджалі да нас палякі, якім справа была толькі да аднаго пункта з мінуўшчыны горада - Пінскай флатыліі. І прафесійны экскурсавод павінен умець адпавядаць усім гэтым размаітым патрабаванням турыстаў.

Прывітанне з мінулай эпохі

Аўтар ліста ў рэдакцыю "К" звяртае асаблівую ўвагу на якасць рэстаўрацыйных работ: "У Пінску ёсць даволі шмат будынкаў, якія здолелі данесці да нас аўтэнтычны дэкор, але проста страшна становіцца за іх лёс (...) Нельга проста замяняць дэкор на нейкія гіпсавыя злепкі, як гэта адбылося на доме з ільвамі па вуліцы Завальнай..."

 Зразумець, пра які дом ідзе гаворка, удалося нават без гіда: ільвіныя пысы папраўдзе звяртаюць на сябе ўвагу. Пры пільным разглядзе можна заўважыць, што іх каларытнасці спадарожнічае лёгкі эфект "навадзела", - хаця да рэстаўрацыі гэты дом я не бачыў, і параўноўваць з тым, што было, не магу. Але як адзначыла галоўны архітэктар Пінска, да нашых дзён дажылі літаральна некалькі "аўтэнтычных" котак, і таму іх хоцькі-няхоцькі давялося "размнажаць" рукамі сучасных майстроў.

- Я сама назірала за гэтым карпатлівым працэсам, - кажа Вольга Васіленка. - Прычым новыя львы ствараліся ў строгай адпаведнасці з арыгіналам. Увогуле, рэстаўрацыйным работам заўсёды папярэднічаюць архіўныя даследаванні, і часам яны дазваляюць аднавіць нават тыя элементы, якія былі знішчаны так даўно, што нашы сучаснікі пра іх і не ведаюць...

Неаспрэчна, пытанні выклікае і выкарыстанне ў рэстаўрацыі сучасных матэрыялаў, якое нярэдка сустракаецца ў Пінску. Галоўны архітэктар горада пагадзілася з тым, што фальцавае пакрыццё або металадахоўка- гэта далёка не найлепшы варыянт прымяняльна да старых камяніц.

- На маю думку, той жа палац Бутрымовіча выглядаў бы куды лепей, каб яго пакрылі керамічнай дахоўкай, - кажа Вольга Васіленка. - Ды, на жаль, няма тых матэрыялаў, якія былі б для нас даступнымі і, адначасова, якаснымі. Мы ўжо спрабавалі накрыць "керамікай" адзін з будынкаў, але ён хутка пачаў працякаць, і давялося змяняць яе на металадахоўку...

 Рэстаўрацыйнае "жніво" ў Пінску вялікае, а вось адмысловай арганізацыі, якая спецыялізавалася б менавіта на старых будынках, там няма. Многія архітэктары наракаюць на падрадчыкаў: маўляў, дабіцца ад іх сумленнага і я/i/content/pi/cult/323/5799/4-2.jpgкаснага выканання работ бывае няпроста. Аднак Вольга Васіленка прытрымліваецца іншай думкі: пры наяўнасці добрага праекта і кантролю за яго выкананнем будаўнікі даюць тыя вынікі, якіх ад іх патрабуюць. Хаця і канфлікты часам узнікаюць, і перарабляць, бывае, даводзіцца...

І яшчэ пра дэталі

Своесаблівае "ноў-хау" рэстаўрацыі па-пінску -напаўсцёртыя надпісы на сценах старых дамоў, якія ў 1920 - 1930-я замянялі рэкламныя вывескі. Яны - нібы "прывітанне" сучасніку з мінулай эпохі. Запытаўся ў Вольгі Васіленка, каму належыць патэнт на гэтую цудоўную ідэю. І даведаўся, што з'явілася яна абсалютна спантанна.

 - Да мяне неяк звярнуўся гаспадар аднаго з такіх будынкаў, які распавёў, што пад час рэстаўрацыі на фасадзе быў выяўлены стары надпіс. Я, папраўдзе кажучы, нават здзівілася: за апошнія дзесяцігоддзі гэтыя дамы фарбавалі неаднойчы, і можна сабе ўявіць, наколькі трывалымі аказаліся старыя фарбы, калі яны зберагліся пад слаямі новых! Я параіла пакінуць гэты надпіс адкрытым: маўляў, затынкаваць яго ніколі не позна. Мы тады нават і не ведалі, што гэтая ідэя стане сапраўднай "разыначкай", якая настолькі ўсім спадабаецца...

 На жаль, сёння некаторыя з тых камерцыйных фрэсак ужо закрыты сучаснымі вывескамі. Заканадаўства гэтае пытанне не рэгламентуе, а вось элементарная логіка няўмольна сцвярджае, што не трэба хаваць свае "разыначкі". У тым ліку - і ў рэкламных мэтах.

"Правілы гульні" для інвестара

 Сакрэт "захаванасці" пінскай староўкі вельмі просты: амаль у кожнай камяніцы ёсць канкрэтны гаспадар. У адрозненне ад многіх сваіх калег, Вольга Васіленка ацэньвае прыватызацыю помнікаў спадчыны вельмі станоўча. Маёмасць у цэнтры горада - гэта прэстыжна і рэнтабельна. Менавіта таму на многіх старых камяніцах сёння шчыруюць рабочыя. Больш за тое: менавіта з гэтай прычыны на цэнтральнай вуліцы Леніна ўжо амаль паўстаў дом, які даўно выпадала лічыць страчаным. Натуральна, гэта не навабуд, а менавіта прыклад рэгенерацыі гістарычнага асяроддзя: дом адбудоўваецца строга ў адпаведнасці з чарцяжамі, якія захаваліся ў архіве.

 Зрэшты, змена формы ўласнасці - гэта толькі адзін складнік сакрэта. Другі - несупынны кантроль над дзеяннямі новага ўласніка.

 Яна Дзмітрычэнка дэманструе тоўстую папку, якая змяшчае выпісаныя ёю за нядаўні час прадпісанні. Паводле яе слоў, парушэнні апошнім часам сталі больш дробнымі і фармальнымі. Скажам, хтосьці з уласнікаў пратэрмінаваў дазвол Міністэрства культуры краіны на вядзенне рамонтных работ. А вось распачаць такія работы ўвогуле без дазволу ў Пінску сёння не адважыцца нават самы адчайны чалавек.

- Усе ўласнікі, з якімі мы шчыльна супрацоўнічаем, цудоўна ведаюць, што калі яны парушаць заканадаўства, дык адразу атрымаюць прадпісанне, - распавядае Яна Дзмітрычэнка. - У выпадку яго ігнаравання будзе складзены пратакол і выпісаны штраф. Дый нават і пасля гэтага ў спакоі іх не пакінуць. Раней канфліктныя сітуацыі і сапраўды ўзнікалі, але ўсе ўжо паспелі пераканацца, што ўступаць у палеміку з законам - толькі сабе на шкоду...

Кіраўніцтва Міністэрства культуры краіны ўжо неаднойчы агучвала думку, што калі сістэма аховы спадчыны запрацуе дэ-факта, у поўную меру сваіх паўнамоцтваў (а гэта немагчыма без актыўнай пазіцыі муніцыпалітэта і непасрэдна тых спецыялістаў, на якіх ускладзены функцыі "ахоўнікаў"), многія праблемы будуць вырашаны самі сабою - без тлуму, жарсцяў і ўмяшальніцтва Генеральнай пракуратуры. Прыклад Пінска ў дадзеным выпадку - добры аргумент. Як адзначыла спецыяліст па ахове спадчыны, набываючы старыя камяніцы, інвестары ад самага пачатку разумеюць усе "правілы гульні". І, тым не менш, праблемы ўсё ж здараюцца - і гэта, на жаль, непазбежна.

Яшчэ два гады таму прыкмеціў камянічку з яркім надпісам "Рэстаўрацыя" ля самага ўвахода ў гатэль "Прыпяць". Цяпер надпіс ужо паспеў паблякнуць, а рэстаўрацыі ўсё няма і няма... Як адзначыла Яна Дзмітрычэнка, прычынай таму - змена гаспадара і безліч непазбежных у выпадку продажу нерухомасці юрыдычных фармальнасцей.

Побач са знакамітым езуіцкім калегіумам, у дварах вуліцы Леніна знаходзіцца яшчэ адзін стары будынак, рэстаўрацыя якога яўна зацягнулася. Сведчаннем таму - хаця б кустоўе, што паспела вырасці на фасадзе, ужо больш чым напалову пакрытым "ацяпляльнымі" матэрыяламі. Дом з пустымі аканіцамі і напаўразабраным дахам выглядае закінутым і псуе від на горад з моста цераз Піну. Дый галоўнае, што ён і сам псуецца, нібы завіснуўшы паміж небам і зямлёю.

- Зазвычай зацягванне працэсу рэстаўрацыі звязана з аб'ектыўнымі прычынамі - скажам, банкруцтвам уласніка аб'екта, - тлумачыць Вольга Васіленка. - Але, як сведчыць досвед, такія праблемы ў рэшце рэшт вырашаюцца./i/content/pi/cult/323/5799/4-4.jpg

Неафіцыйная сталіца судаходства                                                                  

Галоўны архітэктар і сапраўдны патрыёт свайго горада можа гадзінамі распавядаць пра помнікі спадчыны Пінска. Ды і ў яго генеральным плане, распрацаваным пяць гадоў таму, асаблівая ўвага нададзена менавіта захаванню гістарычнага ландшафту і развіццю турызму. Адчуваецца, што менавіта гэтыя складнікі- "апорны пункт" далейшага архітэктурнага развіцця горада.

 У той самы час, Вольга Васіленка са скрухай адзначае, што Пінск пакуль не так і часта згадваецца ў якасці аднаго з найперспектыўных турцэнтраў - нароўні, скажам, з Нясвіжам.

Аналізуючы праблемы развіцця турызму на Беларусі, спецыялісты зазвычай выносяць адзін і той самы вердыкт: няма інфраструктуры. Слушна, але - не ў дачыненні да Пінска. Тут база - акурат-такі някепская. Зняць пакой у гатэлі і паесці дранікаў у добрай кавярні - зусім не праблема.

 Прычым у дадатак да багатай гісторыі і незлічоных помнікаў спадчыны турыстам прапануецца і досыць рэдкі па нашых мерках атракцыён - водныя прагулкі. Усё ж Пінск - неафіцыйная сталіца беларускага судаходства. Прычым горад нібы спецыяльна падкрэсліў гэтую сваю адметнасць. Каларытны плывучы Рачны вакзал быў адрамантаваны і вернуты з затону сударамонтнага заводу на сваё гістарычнае месца.

 - Я памятала яго з дзяцінства, і таму паставіла сабе за мэту знайсці, куды ж ён падзеўся, - распавядае яна. - Доўгі час не магла "выйсці на след", але потым да мяне прыйшоў звычайны рабочы таго завода ды распавёў, што вакзал гэты ў іх стаіць...

 Галоўны архітэктар дзеліцца задумай аднавіць і слынныя некалі лодачныя кірмашы, куды стагоддзе таму сцякаліся сяляне з суседніх вёсак. Аляксей Дуброўскі распавядае пра незлічоныя водныя маршруты па ваколіцах Пінска - балазе яны ўжо распрацаваны з удзелам спецыялістаў універсітэта. Мясціны там - цуд! Чаго вартыя хаця б Кудрычы, якія "з лёгкай рукі" краязнаўцы сталі сапраўднай турыстычнай Мекай для аматараў палескай экзотыкі з усіх канцоў свету!

 - Перакананы, што гэтыя маршруты здатныя прынесці дзяржаве вялізныя прыбыткі нават без асаблівых укладанняў, - кажа Аляксей Дуброўскі. - Але ж гэтыя грошы мы пакуль губляем...

І па-над усімі гэтымі добрымі намерамі лунае даўняя... не, нават не мара, а рэальны праект, які паслядоўна адстойвае Міністэрства спорту і турызму краіны: наладзіць на Беларусі сапраўдныя рачныя круізы. Балазе па Прыпяці можна вельмі далёка заплыць...

Навігацыя ў Пінску сёлета ўжо адкрылася, і ля рачнога вакзала можна ўбачыць расклад рэйсаў і водных прагулак працягласцю ў сорак хвілін. Прыйшоў туды ў прызначаны час... і адразу зразумеў, што застануся на сушы. Бо ўмова, якая робіць выхад цеплахода ў Піну рэнтабельным, - мінімум сорак пасажыраў, а назбіралася нас усяго чацвёра...

Сапраўды, караблю патрэбны не толькі капітан, але яшчэ і пасажыры. Менавіта ад турыстычнага попыту залежыць і рэалізацыя некаторых частак генплана - у прыватнасці, музеефікацыя гарадзішча старога Пінска, якая прадугледжвае аднаўленне забудовы 900-гадовай даўніны ў выглядзе тураб'екта- з крамкамі рамеснікаў і нават своеасаблівым гатэлем. Але задума патрабуе багата сродкаў ды высілкаў: каб яе ажыццявіць, трэба пазбавіцца ад яшчэ аднаго ўчастка прыватнага сектара.

Тое, што мы называем "турпрадуктам", у Пінску ўжо створана. Засталося яго "раскруціць" і прадаць, каб кожны суайчыннік ведаў, што, калі ў яго ўзнікне жаданне вырвацца са звыклага асяроддзя і прыемна правесці ўік-энд, на Беларусі ёсць горад, які для гэтых мэт цалкам падыдзе. І, вядома, каб пра Пінск ведалі замежныя турысты./i/content/pi/cult/323/5799/4-5.jpg

Як лёгка заўважыць, піяр-кампанія горада працуе пакуль што даволі слаба. Неаспрэчна, пэўныя высілкі вымагае чакаць ад самога горада. Разлічанага на турыстаў інтэрнэтпартала Пінск пакуль не мае, а шукаць у Сеціве расклад рэйсаў таго ж цеплахода - марная справа. Але агулам змяніць статус-кво можа толькі шырокая інфармацыйна-рэкламная кампанія з удзелам усіх зацікаўленых суб'ектаў айчыннага турызму. Магчыма, у выпадку яе поспеху здзейсніцца і галоўная мара Вольгі Васіленка, а таксама і многіх іншых пінчан: аднаўленне касцёла Святога Станіслава.

- Пра яго пакутлівае руйнаванне ў 1960-я гады мне распавядалі бацькі: усё адбывалася на іх вачах, - гаворыць яна. - Абсалютна пераканана, што гэта была жудасная памылка: храм з'яўляўся архітэктурнай дамінантай горада, і без яго цэнтральная плошча нібы асірацела...

 Тэарэтычна, магчымасці адраджэння гэтага шэдэўра беларускага дойлідства - ёсць. Але практычнае ўвасабленне задумы будзе куды больш рэальным, калі Пінск і сапраўды стане запатрабаваным горадам-музеем.

 наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Пінск - Мінск

Фота аўтара