Як распавяла "К" намеснік начальніка аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама Ірына Роскач, на сёння аб сваім удзеле ў мерапрыемстве ўжо паведамілі калектывы мастацкай самадзейнасці з дзевяці краін свету. Дарэчы, іх можа быць і больш: цяпер арганізатары чакаюць пацвярджэння ўдзелу ў "Вянку дружбы" ад шэрагу сяброў з іншых краін.
Пад час фестывалю запланаваны шэраг канцэртаў на адкрытых і закрытых пляцоўках горада, традыцыйная фотавыстаўка ў Бабруйскім краязнаўчым музеі пад назвай "Ад фестывалю да фестывалю". Упершыню на "Вянку дружбы" будзе зладжана выстаўка-прэзентацыя нацыянальных сувеніраў.
Акрамя таго, запланаваны выезды і выступленні калектываў, што прыедуць на форум, у раёны Магілёўшчыны, правядзенне там майстар-класаў, а ў самім Бабруйску - праца нацыянальных падворкаў, Горада майстроў.
Учора ж, 20 мая, з нагоды 110-годдзя Бабруйскай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ўпершыню адбыўся Пушкінскі баль.