Даўжынёй у экватар

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

13 мая ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася персанальная выстаўка славацкага жывапісца Андрэя Смолака. Але ўвагу прысутных прыцягнула не толькі яна.

 

Тут прадстаўлена яшчэ і 50 работ беларускіх мастакоў, што прынялі ўдзел у праекце "Маляваны экватар". Галоўны яго арганізатар - усё той жа Андрэй Смолак.

Як паведамляе "К" прадстаўнік славацкага творцы ў нашай краіне Рыгор Сітніца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, "Маляваны экватар" аб'ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і прафесій з кожнай краіны свету. Гэта не толькі мастакі, але і артысты, літаратары, палітыкі, навукоўцы, касманаўты, кіраўнікі краін і гарадоў, каралі, прынцы, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі, спартсмены, святары...

Цягам першага праектнага этапа, разлічанага на пяць гадоў, будзе напісана 40 075 палотнаў: менавіта столькі кіламетраў доўжыцца вакол нашай планеты экватар. Вобразная сутнасць праекта - ланцужок людзей свету, што пабраліся за рукі. Гэта сімвал аб'яднанай сусветнай творчасці... Кожнае палатно, распавядае Рыгор Сініца, мае памер 20 на 20 сантыметраў. Тэма твораў - любая, але заснаваная на пазітыве, стваральнасці.

Апрача беларускіх мастакоў, у "Маляваным экватары", па словах першага намесніка старшыні БСМ, будуць браць удзел і іншыя вядомыя і паспяховыя асобы нашай краіны. Мяркуецца, што аўтарамі палотнаў стануць Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, тэнесіст Максім Мірны...

Пад час другога этапа "Маляванага экватара" запланавана праектаванне і ўзвядзенне галерэі, дзе размесцяцца 40 075 карцін. Дзе з'явіцца галерэя, пакуль невядома, але ўжо цяпер зразумела, што яна стане "прынадай" для турыстаў з усяго свету.