Канспект для СМІ

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Асаблівасці інфармацыйнай працы рэлігійных і нацыянальна-культурных аб’яднанняў на Беларусі, супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, партнёрскія мадэлі супрацоўніцтва ў этнаканфесійнай сферы — гэтыя пытанні ляглі ў аснову заняткаў групы спецыялістаў СМІ, якія ўпершыню прайшлі ў Інстытуце журналістыкі БДУ.

 

Па словах Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леаніда Гулякі, знаёмства прадстаўнікоў айчынных СМІ з міжнацыянальнымі і міжканфесійнымі адносінамі ў Рэспубліцы Беларусь будзе працягвацца і ў далейшым, у тым ліку праз падобныя курсы павышэння кваліфікацыі.

У межах курса "Міжнацыянальныя і міжканфесійныя адносіны ў Рэспубліцы Беларусь", напаўненнем якога займаліся спецыялісты апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, у прыватнасці, адбыліся сустрэчы са старшынёй грамадскага аб'яднання "Мінскае гарадское армянскае культурна-асветніцкае таварыства" "Айастан" Георгіем Егіязаранам, прадстаўнікамі іншых канфесій і рэлігійных аб'яднанняў на Беларусі, а таксама з супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 У межах практычных заняткаў удзельнікі спецыяльнага курса змаглі падрабязней даведацца пра сацыяльную значнасць працы Дома міласэрнасці, працу Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой "Радзіма" ў плане ўзаемадзеяння з арганізацыямі беларусаў замежжа.